Пакіньце першацветы вясне

Як толькі сыходзіць снег, адразу ж з’яўляюцца першыя вясеннія кветкі — белыя, жоўтыя, ружовыя, блакітныя. Гэта першацветы — незвычайныя расліны, якія прыстасаваліся цвісці тады, калі ў лесе на дрэвах яшчэ няма лісця і кожны цёплы сонечны праменьчык даходзіць да самай зямлі.

У гэтых раслін падчас эвалюцыі выпрацаваліся важныя прыстасаванні для ранневясенняга цвіцення. Найбольш поўна карыстаюцца ўмовамі дастатковай асветленасці і ўвільготненасці невялікія расліны — эфемероіды. Яны адрозніваюцца незвычайнай паспешлівасцю — з’яўляюцца на свет адразу пасля сыходу снегу і хутка развіваюцца, нягледзячы на вясеннюю прахалоду. Праз тыдзень-другі яны ўжо цвітуць, а яшчэ праз два-тры тыдні ў іх з’яўляюцца плады з насеннем. Самі расліны пры гэтым жаўцеюць, палягаюць на зямлю, іх надземная частка высыхае, а ў зямлі застаюцца жывыя падземныя органы — клубні, цыбуліны, карэнішчы, багатыя на пажыўныя рэчывы, запас якіх дазволіць новым раслінам пабачыць свет будучай вясной.
Першацветы часта апыляюцца насякомымі, і іх яркія кветкі добра заўважны на фоне бязлісцевага лесу. Цвітуць яны звычайна ўжо ў красавіку (у асобныя цёплыя гады — з канца сакавіка) да сярэдзіны мая.
Выязджаючы ў красавіцкі лес, людзі абавязкова хочуць прывезці дадому букецік першацветаў. Аднак такія букецікі хутка вянуць, а вакол вялікіх гарадоў гэтых прыгожых раслін становіцца ўсё менш. Першацветы — упрыгажэнне нашых вясенніх лясоў, але колькасць іх безупынна скарачаецца. Таму сёння асабліва востра паўстае праблема аховы раслін, якія рана цвітуць.
Да першацветаў адносяць расліны, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі: сон лугавы, ветраніца лясная, першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, раўнаплоднік пылюшнікавы, фіялка багністая. У 2011 годзе ў спіс раслін Чырвонай кнігі быў уключаны яшчэ адзін першацвет — сон раскрыты.
Акрамя “чырванакніжных” відаў, сярод першацветаў ёсць і віды са Спіса раслін і грыбоў, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове, — гэта недастаткова вывучаныя або рэдкія віды, а таксама звычайныя, але якія патрабуюць асаблівай увагі з-за высокага глабальнага прыродаахоўнага статусу (напрыклад, уключаныя ў чырвоныя кнігі Еўропы, якія ахоўваюцца ў рамках міжнародных канвенцый).
Да такіх відаў у Беларусі адносяцца цюльпан лясны, першацвет вясенні, пралеска, чубатка полая.
Збіраючы і прадаючы першацветы, мы нішчым іх, а купляючы — падахвочваем браканьераў. Рэдкія вясеннія кветкі лепш не чапаць: яны прыгажэйшыя ў натуральным асяроддзі.
У нашай школе было праведзена пазакласнае мерапрыемства “Лес — сябар чалавека” і кожны год праходзіць аперацыя “Пакінем першацветы вясне”. Галоўная мэта — вывучэнне месцаў росту ранніх кветак і вясновых харчовых раслін, арганізацыя іх аховы.
Поспех аперацыі і, як вынік, захаванне відаў флоры, якія знікаюць, у многім залежыць ад прапаганды ў сродках масавай інфармацыі і прафілактычных мерапрыемстваў. Важна, што ўсё больш людзей становяцца ўважлівымі да гэтай праблемы. І правільна! Калі не займацца аховай такіх кветак, то яны могуць цалкам знікнуць, і нашы дзеці ўбачыць іх толькі на фотаздымках. Без дапамогі насельніцтва дарэмна прымаць намаганні для аховы першацветаў. Калі ёсць попыт, то спустошванне іх прыродных месцаў будзе працягвацца. Задумайцеся, ці трэба даводзіць да таго, каб мы любаваліся гэтымі цудоўнымі раслінамі толькі ў аранжарэях і на малюнках?

Асаблівасці першацветаў

У некаторых раслін кветкі з’яўляюцца раней, чым лісце. Але галоўная асаблівасць першацветаў — гэта кветка (у некаторых яна адна, у іншых — некалькі дробных кветачак, сабраных разам, напрыклад, чубатка).
Для ранніх кветак вялікае значэнне мае цеплыня, таму яны растуць у месцах, якія добра праграваюцца сонцам.
Для ўсіх характэрны хуткі рост і развіццё, бо вясной ёсць усе ўмовы.
Амаль ва ўсіх вясенніх раслін кветкі на ноч і ў непагоднае або халоднае надвор’е закрываюцца.
Кожны першацвет абавязкова мае ўласную “кладоўку” (цыбулінку, вялікі шчыльны корань або мясістае карэнішча, дзе расліны да восені назапашваюць усё неабходнае, каб раней за іншых сустрэць вясну).
З моманту пападання насення ў глебу і да першага цвіцення праходзіць шмат часу. Ветраніца дуброўная і ветраніца лясная зацвітаюць толькі на 10—12 год, маладыя чубаткі — на 4-5 год.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.