Палымяныя флёксы

У перакладзе з грэчаскай мовы флёкс азначае полымя, і менавіта гэтая назва дадзена расліне ў 1737 годзе Карлам Лінеем за чырвоную афарбоўку кветак у форм-родапачынальнікаў. 

Палымянымі паходнямі былі яны, паводле падання, у руках маракоў і Адысея, якія спускаліся ў падземнае царства Плутона. За імі таемна ішоў бог кахання Эрат, які ўвесь час ахоўваў каханне Адысея да Пенелопы. Калі спадарожнікі выбраліся з падзямелля і кінулі паходні на зямлю, тыя прараслі і ператварыліся ў кветкі флёксы, у памяць пра ганарлівага і смелага Адысея. Аднак Эрат з факелам не расстаўся, але, стомлены цяжкім падарожжам, нечакана задрамаў. Пакуль ён спаў, німфа, якая праходзіла міма, скрала факел і, каб сысці незаўважанай, вырашыла пагасіць яго ў бліжэйшай крыніцы. Але, калі яна апусціла туды факел, крыніца асвятлілася, закіпела, і вада яе стала гаючай.
Флёксы, адны з найбольш распаўсюджаных садовых кветак, належаць да сямейства сінюхавых. Гэта непатрабавальны, зімаўстойлівы прыгожы мнагалетнік з багатым цвіценнем. Белыя, ружовыя, пунсовыя, вогненна-чырвоныя, цёмна-фіялетавыя і іншых адценняў кветкі з лёгкім пахам сабраны ў шырокіх эфектных гронках. Вышыня расліны ад 10 см да 1 м, сустракаюцца формы больш высокія.
Часам флёксы культывуюць як аднагадовыя расліны, напрыклад, флёкс Друмонда. Яго суквецці — складаны парасонападобны шчыток. Кветкі выключна чыстай і разнастайнай афарбоўкі: ружовыя, цёмна- і ярка-чырвоныя, белыя, светла-жоўтыя, бэзавыя. Багата цвіце з чэрвеня да позняй восені. Раннеквітнеючыя віды флёксаў — шылападобны, флёкс растапыраны. Добра падыходзяць для альпійскіх горак.

Размнажэнне

Флёкс размнажаюць дзяленнем кустоў, чаранкамі і насеннем. Дзеляць кусты вясной, як толькі з’явяцца новыя парасткі, што бывае неўзабаве пасля сходу снегу. Падзеленыя расліны лепш саджаць на іншае месца. Пасаджаныя ў грунт, яны цвітуць у тое ж лета і пышней, чым непадзеленыя. У залежнасці ад памеру куста флёкса, яго дзеляць пры дапамозе вострага нажа на 5—10 частак.
Пры размнажэнні чаранкамі абрэзаныя ў пачатку верасня матачныя кусты саджаюць у гаршкі і трымаюць у халоднай цяпліцы. У пачатку лютага іх ставяць на светлае месца ў больш цёплым парніку і трымаюць там да ўтварэння маладых сцёблаў, якія ідуць на чаранкі. Матачныя расліны можна пасадзіць у гаршкі і вясной, а восенню на зіму паставіць у падвал. У гэтым выпадку ў лютым — сакавіку іх з падвала перамяшчаюць у цяпліцу і, як толькі разаўюцца парасткі, выкарыстоўваюць іх на чаранкі. Саджаюць чаранкі ў парніках у пясок, насыпаны зверху зямлі, а пасля ўкаранення высаджваюць у грунт.
Прымяняюць таксама спосаб размнажэння каранёвымі чаранкамі. Такія чаранкі, даўжынёй у 3 см, наразаюць у снежні — студзені з тоўстых каранёў, выкапаных з грунту позняй восенню, і матачных раслін, прыкапаных у падвале. Каранёвыя чаранкі змяшчаюць у скрынях з лёгкай зямлёй, якiя ўстанаўлiваюцца ў аранжарэях. Вясной, пасля таго, як разаўюцца парасткі, іх высаджваюць у грунт парніка, а затым — у адкрыты грунт. Флёксы размнажаюць і акучваннем іх рыхлай вільготнай зямлёй. У засыпаных сцёблаў расліны з’яўляюцца карані. Такія сцёблы адразаюць і саджаюць у рыхлую зямлю.
Насеннем размнажаюць флёкс Друмонда. У гэтым выпадку насенне высейваюць у сакавіку ў скрыні, усходы з’яўляюцца праз 2 тыдні. Сеянцы пікіруюць і высаджваюць у грунт у сярэдзіне мая, на адлегласці 30 см — высакарослыя гатункі і 15—20 см — нізкарослыя. Можна высейваць насенне і непасрэдна ў грунт.

Догляд

Месца для флёксаў павінна быць злёгку зацененым у полудзень. Дастатковы цень і абароненасць ад ветру могуць даць рэдка пасаджаныя дрэвы і кусты. Флёксы пышна цвітуць і на адкрытых месцах, але ў некаторых гатункаў выгарае афарбоўка. Выключэнне — флёкс Друмонда. Яму патрэбны адкрытыя сонечныя ўчасткі.
Участак для пасадкі флёксаў павінен быць роўным або з невялікім ухілам. Сырыя месцы непрыдатныя. Пажадана таксама, каб участак быў абаронены ад вятроў і зімой на ім затрымліваўся снег.
Догляд пасадак заключаецца ў праполцы, рыхленні, абкладванні перагноем і паліве, асабліва ў гарачае надвор’е.

Выкарыстанне

Флёксы даюць суцэльны кветкавы дыван. Чым больш кветак, тым большае ад іх уражанне.
Флёксы высаджваюць у розных камбінацыях з цюльпанамі і нарцысамі, а таксама з дэкаратыўнымі хмызнякамі. Невялікімі групамі флёксы высаджваюць для дэкарыравання вуглоў і звілін на дарожках і алеях.
Флёкс дзярністы выкарыстоўваюць у альпінарыях. Нізкарослыя флёксы добра падыходзяць для бардзюраў. У выпадку неабходнасці, напрыклад, для ўтварэння дывана з флёксаў, яго сцёблы прышпільваюць да зямлі.
Флёксы добрыя ў букетах, якiя складаюцца толькi з іх саміх адной або некалькіх афарбовак, а таксама ў спалучэнні з іншымі кветкамі. Зразаць кветкі лепш раніцай, пасля багатага вячэрняга паліву. Кветкі флёксаў стаяць у вадзе нядоўга, 4—5 дзён.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.