Што можа выклікаць сіндром раптоўнай смерці?

Смерць пры занятках спортам — гэта найвялікшая трагедыя. Раптоўная смерць маладога і відавочна здаровага чалавека становіцца сапраўднай трагедыяй для сям’і і грамадства, тым больш калі гэта адбываецца са спартсменамі, якія заўсёды былі сімвалам здароўя і сілы. На шчасце, раптоўная смерць у спорце — даволі рэдкая падзея. Як медыцынская праблема раптоўная смерць з-за заняткаў спортам існуе па меншай меры 2500 гадоў. У апошнія гады рэгулярна з’яўляюцца даныя пра раптоўную смерць не толькі пры занятках спортам, але і пры фізічнай нагрузцы ўвогуле. Апісаны смерці пры аздараўленчым бегу, пры здачы нарматываў, на ўроках фізкультуры, якія залежаць ад адсутнасці адпаведнай падрыхтоўкі і кваліфікаванага ўрачэбнага кантролю.

Прычыны раптоўнай смерці

Афіцыйнае азначэнне паняцця “раптоўная смерць у спорце” прадугледжвае выпадкі смерці, якая здарылася непасрэдна падчас фізічных нагрузак, а таксама на працягу 1—24 гадзін з моманту з’яўлення першых сімптомаў, якія прымусілі змяніць або спыніць сваю дзейнасць. Сярод прычын смерці спартсменаў траўмы стая ць не на першым месцы, у большасці выпадкаў прычынай смерці з’яўляюцца праблемы з сэрцам. Раптоўная смерць пры занятках спортам у значнай колькасці выпадкаў з’яўляецца вынікам вострых фізічных перанапружанняў, якія ўзнікаюць пры празмернай нагрузцы на трэніроўцы, спаборніцтве або проста на занятках фізічнымі практыкаваннямі.
Выдзяляюць наступныя найбольш частыя прычыны:
— сардэчныя прычыны;
— траўмы;
— фармакалагічныя прэпараты (допінг).

Сардэчна-сасудзістая паталогія і смерць у спорце

Раптоўная смерць у спорце з-за сардэчных прычын займае асаблівую галіну кардыялогіі. Гэта складаная і глыбокая медыцынская праблема.
Да раптоўнай сардэчнай смерці ў спорце могуць прывесці:
1) захворванні спартсменаў, якія мелі месца да пачатку заняткаў спортам — нераспазнаныя або недаацэненыя ўрачом. Пад уплывам сардэчнай нагрузкі, нават, здавалася б, невялікай, асабліва калі яна праводзіцца нерацыянальна, такія захворванні ўзмацняюцца, ускладняюцца і могуць быць прычынай смерці. Лічаць, што такія смерці складаюць 75% усіх выпадкаў раптоўнай смерці спартсменаў. Фізічнае перанапружанне ў гэтых выпадках з’яўляецца фактарам, які правакуе, выяўляе паталагічныя змены ў арганізме;
2) захворванні, якія ўзнікаюць у выніку нерацыянальнай, празмернай нагрузкі, якая няправільна дазіруецца і можа быць прычынай раптоўнай смерці. Да гэтай групы адносяцця смерці ад вострага перанапружання здаровага сэрца.

Прафілактыка раптоўнай кардыяльнай смерці

Прывядзём наступныя найбольш важныя прафілактычныя меры:
1) Пастаянна праходзіць медыцынскія абследаванні — выяўленне захворвання на ранняй стадыі зніжае рызыку раптоўнай смерці і спрыяе больш паспяховаму лячэнню.
2) Пазбягаць празмерна інтэнсіўных практыкаванняў — усе спартсмены павінны ведаць пра рызыку сардэчнай смерці, звязанай з энергічнай спартыўнай дзейнасцю. Чалавек павінен выбраць для сябе спорт, які падыходзіць для яго ўзросту і агульнага фізічнага стану. Непадрыхтаваныя людзі не павінны пачынаць удзельнічаць у высокаінтэнсіўных спартыўных спаборніцтвах без неабходнага перыяду трэніроўкі. Каб адаптавацца да фізічных нагрузак, спартсмены павінны добра размінацца, прагравацца і не ахалоджваць свой арганізм падчас усяго перыяду заняткаў. Такая стратэгія дапаможа знізіць верагоднасць арытмій у паслятрэніровачны перыяд.
3) Рэагаваць на першыя прыметы — першыя прыметы хваробы, такія як боль у грудзях або павышаная стомленасць, папярэднічаюць раптоўнай кардыяльнай смерці. Пры наяўнасці гэтых сімптомаў варта неадкладна спыніць фізічную актыўнасць і звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Не варта заахвочваць спартсменаў, якія праз боль ідуць да фінішнай рысы. Таксама варта пазбягаць інтэнсіўных нагрузак падчас прастудных і інфекцыйных захворванняў.
4) Пазбягаць перагрэву арганізма — паколькі высокая тэмпература павялічвае частату сардэчных скарачэнняў і можа выклікаць арытмію, то варта пазбягаць гарачых ваннаў і душу адразу пасля трэніровак. Таксама трэба пазбягаць высокаінтэнсіўных нагрузак пры высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя, бо такія фактары, як страта вадкасці і мікраэлементаў (Na, K), могуць адыграць фатальную ролю. У спаборніцтвах на трываласць, такіх як марафон, страты вадкасці і электралітаў павінны папаўняцца спартсменамі ў максімальна магчымай ступені. Хаця раздатачныя пункты даступны на большасці марафонскіх спаборніцтваў, не ўсе атлеты выкарыстоўваць іх у неабходнай меры.
5) Не курыць — усе спартсмены павінны пазбягаць курэння. Мала таго, што курэнне з’яўляецца фактарам рызыкі хваробы каранальных артэрый, яно таксама выклікае павелічэнне свабодных тлустых кіслот у сываратцы крыві і павялічвае прадукцыю катэхаламінаў, якія могуць выклікаць арытміі, асабліва непасрэдна пасля трэніроўкі.

Смерць у спорце з прычыны траўм

Статыстыка смяротных траўм у спорце нячастая і моцна залежыць ад краіны. Напрыклад, у Швейцарыі, дзе пераважаюць зімовыя віды спорту, першае месца па смяротнасці займаюць горныя лыжы, на другім месцы стаіць хуткасны спуск на лыжах, потым сноўборд.
У Аўстраліі іншая статыстыка: больш за ўсё цяжкіх траўм і смяротных выпадкаў адбываецца ў такіх відах спорту, як мотаспорт, конны спорт, аўстралійскі футбол, водныя лыжы і гонкі на скорасных катарах.
У ЗША самым небяспечным відам спорту аказаўся альпінізм. На кожныя 10 тысяч чалавек, якія ўмоўна займаюцца альпінізмам, прыпадае 56 няшчасных выпадкаў са смяротным канцом.
Часопіс Forbes у 2002 годзе апублікаваў спіс самых небяспечных відаў спорту:
— байз-джампінг (скачкі з парашутам з вышынных будынкаў і мастоў);
— фры-дайвінг (ныранне без акваланга);
— дайвінг у падводных пячорах;
— скорасны спук на лыжах;
— віндсёрфінг на вялікіх хвалях;
— ВМХ і горны ведасіпед;
— альпінізм;
— каякінг па рэках 5-й катэгорыі (“Белая вада”).
Часцей за ўсё смерць наступае з прычыны цяжкіх траўм наступных частак цела: галавы, шыі, грудзей, брушной поласці.
Чэрапна-мазгавыя траўмы вельмі распаўсюджаны ў тых відах спорту, дзе часта сустракаюцца сутыкненні.
Пазачарапныя траўмы распаўсюджаны ў кантактных відах спорту і спартыўных спаборніцтвах высокай хуткасці (такія, напрыклад, як футбол або горныя лыжы). Хаця і нізкая, існуе верагоднасць парушэння дыхальных шляхоў і пашкоджання твару. Траўмы ўключаюць пераломы касцей твару, размажджэрванне твару і зубныя траўмы. Капы і шлемы могуць прадухіліць такія траўмы. Магчымы пераломы як ніжняй, так і верхняй сківіцы (скулавой косці і вачніц).
Траўмы грудзей — непасрэдная пагроза жыццю: абструкцыя (загарода шляху для паветра), пнеўматоракс (збіранне паветра ў плеўральнай поласці), “віхлястая” грудная клетка (пры пераломах грудзіны або рэбраў) і тампанада сэрца.
Брушныя траўмы — звычайна гэта тупыя траўмы жывата, якія ідуць у комплексе з многімі іншымі траўмамі. Для дыягностыкі могуць быць неабходны камп’ютарная тамаграфія брушной поласці і прамыванне брушной поласці.

Допінг і смерць у спорце

Першая зарэгістраваная смерць ад ужывання фармакалагічных прэпаратаў у спорце была ў 1879 годзе, калі ў Францыі англійскі веласіпедыст памёр ад перадазіроўкі амфетамінаў непасрэдна падчас гонкі. Спатрэбілася некалькі смерцяў спартсменаў, якія ўжывалі стымулюючыя прэпараты, каб Міжнародны алімпійскі камітэт сур’ёзна задумаўся над праблемай допінгу. У 1968 годзе на Алімпійскіх гульнях у Мехіка ўпершыню быў уведзены допінг-кантроль.
У 1987 годзе эрытрапэцін стаў прычынай смерці прыблізна 20 еўрапейскіх велагоншчыкаў. У навуковых часопісах апісана нямала выпадкаў смерці спартсменаў, якія ўжывалі допінг-прэпараты, і найбольшая іх колькасць звязана з ужываннем анабалічных стэроідаў у бодзібілдынгу.
Механізмы адмоўнага ўплыву фармакалагічных прэпаратаў на арганізм не заўсёды зразумелыя і прычыны смерці могуць быць розныя, але іх аб’ядноўвае агульная прычына — перастае працаваць сардэчна-сасудзістая сістэма.
Зараз у чорных спісах Міжнароднага алімпійскага камітэта знаходзяцца 142 прэпараты, не лічачы іх аналагаў і заменнікаў: 30 відаў анаболікаў, 32 віды дыўрэтыкаў (мачагонных), 42 віды стымулятара, 34 віды наркотыкаў і інш. Усе гэтыя прэпараты патэнцыяльна небяспечныя і могуць стаць прычынай пагаршэння здароўя спартсмена і смерці.

Выснова

Як вядома, заняткі спортам робяць нас не толькі прыгожымі, моцнымі, трывалымі, падцягнутымі, але яшчэ і здаровымі; фізічная нагрузка дапамагае спраўляцца са стрэсам, умацоўваць імунітэт, функцыянаваць сістэмам і органам аптымальна для падтрымання нармальнай жыццядзейнасці.
Але гэта магчыма толькі пры ўмове, што інтэнсіўнасць і колькасць фізічных нагрузак адпавядаюць рэальным магчымасцям і адаптацыйным здольнасцям арганізма.
Для таго каб пазбегнуць смерці падчас заняткаў спортам, неабходна своечасова займацца прафілактыкай траўм і хвароб: пастаянна праходзіць медыцынскае абследаванне, выяўляць захворванні на ранняй стадыі, пазбягаць празмерна інтэнсіўных практыкаванняў, пазбягаць перагрэву арганізма, адмовіцца ад допінгу.

Ларыса ТРЫШКІНА,
загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі
15-й дзіцячай паліклінікі Мінска.