Паўночны лімон

Чалавек любіць надзяляць расліны чароўнымі ўласцівасцямі або прыдумляць прыгожыя легенды, нават калі яны часам упарта разыходзяцца з гістарычнымі фактамі і здаровым сэнсам. Возьмем, напрыклад, адзін з сімвалаў восеньскай пары — журавіны. Якіх толькі гісторый не захавала да нашых дзён народная памяць! Тут табе і нераздзеленае каханне вадзяніка да прыгожай сялянкі, кроплі крыві невядомай багіні, якая згубілася ў цемры стагоддзяў, бітвы з веліканамі і інтрыгі балотнай нечысці, якая заваблівае ў дрыгву даверлівых людзей і насельнікаў лесу.

Аднак і без прыгожых легенд журавінам ёсць што расказаць пра сябе. Батанічная назва роду — oxycoccus — паходзіць ад двух лацінскіх слоў oxys — “кіслы” і coccus — “шарападобны”. У Старым і Новым Свеце журавіны завуць жураўлінай ягадай за тое, што завязь ягад з пялёсткамі нагадвае галаву жураўля.
У Еўропе радзімай журавін лічаць Расію. У Расіі ж у сваю чаргу ўпэўнены, што ў сярэднюю паласу яна прыйшла з Сібіры і Камчаткі. У слоўніку Уладзіміра Даля слова “клюква” таксама звязваецца са словамі “клевать”, “клюв”.

Гастранамічныя факты,ці Вы гэтага не ведалі
1. Добрыя спелыя журавіны падскокваюць, калі ўпадуць на цвёрдую паверхню.
2. Асобным кустам журавін больш за 100 гадоў.
3. Журавіны — афіцыйная ягада штата Масачусетс з 1994 года.
4. У свеце існуе больш за 10 000 рэцэптаў страў і кактэйляў з гэтай ягадай.
5. У ЗША адкрыўся першы рэстаран, у якім кожная пазіцыя ў меню ўтрымлівае журавіны.
6. Журавінавы сок — трэці па папулярнасці кампанент алкагольных кактэйляў у свеце.
7. Паводле апошніх даследаванняў дыетолагаў, дзве сталовыя лыжкі сушаных журавін у дзень дапамогуць вам прадоўжыць маладосць вашага арганізма.

Беларуская кухня, аддаючы належнае ўсім народам адразу, цвёрда стаіць на тым, што і яна ставіцца да гэтай ягады з вялікай павагай. Тым больш што ў старых беларускіх кулінарных кнігах мы можам знайсці рэцэпты з журавінамі.
У ЗША журавіны культывуюць з 1811 года, аднак захаваліся звесткі аб тым, што яшчэ ў XIV стагоддзі індзейцы выкарыстоўвалі ў ежу дзікарослыя ягады журавін: расціралі ягады ў пасту і змешвалі з сушаным мясам, каб прадоўжыць тэрмін яго захоўвання; гэтая сумесь называецца “пемікан”. Радзімай дзікіх журавін амерыканцы лічаць Паўночную Амерыку. Паводле легенды, журавіны выраслі на месцы пралітай крыві адважных воінаў, якія змагаліся з веліканамі.
Індычка і журавінавы соус — адно з любімых і традыцыйных сімвалаў амерыканскага святочнага застолля. Паводле адной з легенд, сваёй папулярнасцю журавінавы соус абавязаны генералу Гранту (амерыканскі палітычны і ваенны дзеяч, палкаводзец “паўночнікаў” у гады грамадзянскай вайны ў ЗША. З 4 сакавіка 1869 года па 4 сакавіка 1877 года — 18-ы прэзідэнт ЗША). Дык вось, менавіта ён настаяў на тым, каб падчас аблогі Петэрсбурга (Petersburg) у 1864 годзе яго войска кармілі журавінавым соусам. Сваё другое нараджэнне і ўсеагульную любоў страва атрымае ў 1912 годзе: менавіта тады журавінавы соус пачнуць вырабляць і кансерваваць у прамысловых маштабах і прадаваць на ўсёй тэрыторыі ЗША. Словам, няма такой краіны, якая не магла б расказаць сваю гісторыю з’яўлення журавін у нашым свеце.
А між тым кожны год рассыпаецца чырвоным дываном на балоце цуда-ягада, пра якую яшчэ старажытныя рымляне казалі як пра крыніцу вечнай сілы, трываласці і сродку ад ста хвароб і разбітага сэрца. Самыя вялікія зараснікі яна ўтварае на тарфяных і сфагнавых балотах.
Збіраць ягаду пачынаюць у верасні і працягваюць да самых халадоў. Для мяне самыя смачныя журавіны — “мядовыя”, сабраныя пасля першага марозу, злёгку прысыпаныя снегам. Сапраўдныя гурманы і знатакі называюць іх “падснежнымі” і рэкамендуюць адпраўляцца па іх у канцы зімы. Для таго, каб павялічыць тэрмін захоўвання замарожанай ягады, існуе маленькая гаспадарская хітрасць: як мага хутчэй пакласці ягады ў маразільную камеру, лепш за ўсё парцыённа.

Кулінарныя хітрасці
1. Журавіны могуць выкарыстоўвацца не толькі ў якасці дэсерту ці напою, але і ў салатах, іншых стравах і нават супах.
2. Для таго каб паменшыць кіслату і горыч ягады, паспрабуйце дадаць 1/4 чайнай лыжкі соды, і вам не прыйдзецца дадаваць шмат цукру.
3. Замяніце ў выпечцы сушаныя разынкі на сушаныя журавіны, і вынік вас прыемна здзівіць.
4. Калі вам здаецца, што сушаныя ягады канчаткова засохлі, не спяшайцеся іх выкідваць: замачыце іх у гарачай вадзе на 15 хвілін, прасушыце папяровым ручніком і выкарыстоўвайце па прызначэнні.
5. Свежыя цэлыя ягады лепш за ўсё гатаваць да таго моманту, пакуль яны не пачнуць лопацца. У адваротным выпадку яны могуць аддаць усю горыч у гатовую страву або напой.
6. Замарожаныя ягады неабходна размарозіць перад ужываннем.

Горыч журавінам надае хінная кіслата. Лічыцца, чым ягада больш горкая, тым лепш. Утрыманне бензойнай кіслаты дае магчымасць не толькі захоўваць журавіны працяглы час, але і выкарыстоўваць іх у якасці прыроднага кансерванту. З-за высокай канцэнтрацыі ў журавінах вітаміну С яе яшчэ называюць паўночным лімонам.
Ужываць у ежу журавіны раіў яшчэ “Дамастрой”. Журавіны валодаюць танізуючай уласцівасцю, павышаюць разумовую і фізічную працаздольнасць. Журавіны карысныя заўсёды, але асабліва ў перыяд прастуд, грыпу і іншых вірусных інфекцый, бо маюць антыбактэрыяльныя і супрацьвірусныя ўласцівасці. А таксама спаталяюць смагу, паніжаюць жар. Навукова даказана, што яны ўзмацняюць дзеянне антыбіётыкаў і іншых лекаў, перашкаджаюць росту хваробатворных мікраарганізмаў. Журавінавы сок выкарыстоўваюць у гнойнай хірургіі і касметалогіі.
Народная медыцына рэкамендуе журавіны пры адсутнасці апетыту, анеміі, хваробах сэрца, атэрасклерозе, пры павышаным крывяным ціску, дрэннай згусальнасці крыві, ангіне, ліхаманцы, алергіі, грыбковых захворваннях скуры і пазногцяў. Для гэтага ядуць журавіны ў свежым выглядзе або гатуюць журавінавы напой: 2 шклянкі журавін расцерці, заліць 1 шклянкай цёплай вады і выпіць у 2—3 прыёмы. Сок журавін прымаюць разведзеным вадой у прапорцыі 1:1. Можна дадаваць мёд. Пры грыбковых захворваннях, акрамя прымання журавін унутр, пашкоджаныя месцы змазваюць журавінавым сокам. Для хворых і тых, хто ідзе на папраўку, карысны сок журавін, змешаны з маркоўным сокам і мёдам.

Журавінавы морс
“Як у дзяцінстве”

2 шклянкі журавін здрабняем у кухонным камбайне і выціскаем сок. Пераліваем яго ў керамічны або гліняны посуд. Макуху заліваем 5 шклянкамі вады і даводзім да кіпення, памяншаем агонь і варым 10— 15 хвілін пад накрыўкай. Выключаем, даём астыць да хатняй тэмпературы, дадаём сталовую лыжку мёду і рэшткі соку.

Восеньскі рэцэпт журавінавага чатні

Строга кажучы, чатні — гэта індыйская вострая прыправа з сумесі практычна любой агародніны і садавіны, але хто сказаў, што ў кухні няма месца для эксперыментаў?
Нам трэба:
500 г свежых журавін
100 г цукру (пажадана карычневага)
3 сталовыя лыжкі разынак
1 сцябло сельдэрэю (дробна рэжам)
1 невялікі яблык (кісла-салодкі)
1 невялікая груша
1/2 шклянкі вады
2 сталовыя лыжкі буйна пасечаных грэцкіх арэхаў
2 чайныя лыжкі цёртага імбіру
2 сталовыя лыжкі лімоннага соку
1/2 чайнай лыжкі солі
1/4 чайнай лыжкі молатай гваздзікі
У працэсе:
Сельдэрэй дробна рэжам, грушы і яблыкі мыем, чысцім і дробна наразаем. Усё закладваем у каструлю з тоўстым дном, даём закіпець і гатуем на сярэднім агні (без накрыўкі) 15—20 хвілін, перыядычна памешваючы. Вельмі смачна са свінінай і птушкай, а таксама чатні можна выкарыстоўваць у якасці сярэдняга слоя для бутэрбродаў з мяккім сырам.

Апельсінавыя мафіны з журавінамі

Нам трэба:
200 г замарожаных журавін
1 апельсін
300 г пшанічнай мукі
60 г грэцкіх арэхаў
100 г цукру
1 яйка
280 мл малака
120 мл аліўкавага алею
1 чайная лыжка разрыхляльніка
1 чайная лыжка молатай карыцы
1/4 чайнай лыжкі солі
У працэсе:
Духоўку папярэдне разагрэць да 200°С. Журавіны размарожваем. Грэцкія арэхі ламаем на буйныя кавалкі. Цэдру апельсіна націраем на дробнай тарцы, з паловы апельсіна выціскаем сок. Муку змешваем з разрыхляльнікам, карыцай, соллю, дадаём апельсінавую цэдру, арэхі, цукар і яшчэ раз усё змешваем. Яйка злучаем са 100 мл аліўкавага алею, малаком і апельсінавым сокам і заліваем у муку. Дадаём журавіны і вымешваем цеста. Невялікія формы для мафінаў змазваем аліўкавым алеем, раскладваем цеста і выпякаем у разагрэтай духоўцы 15 хвілін.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.