Штогод мы даём сабе абяцанне жыць па-новаму. Кожны бачыць гэта па-рознаму, але ўсе адзіныя ў адным — у імкненні жыць у радасці. Наша жыццё ўключае шмат складнікаў: дом, работа, сям’я, сябры, забавы і г.д. Работа — частка нашага жыцця, і не самая малая яе частка. Калі мы ўсюды гарманічныя, паспяховыя, а на рабоце адчуваем няёмкасць і згубленасць, жыць у радасці не атрымаецца, бо жыццё не да канца напоўнена сэнсам.
Нашы адчуванні прама звязаныя з адчуваннямі іншых людзей, таму для таго, каб адчуваць сябе ўпэўнена, людзі павінны быць прыняты іншымі і прымаць іншых. Гэта тычыцца любой сферы чалавечых адносін. Мы настаўнікі, і наша праца мае на ўвазе адносіны “настаўнік — вучань”. Можна славіцца як высакакласны спецыяліст і застацца непрынятым вучнямі. У гэтым выпадку, колькі б мы сябе ні хвалілі, ні ўзносілі, і колькі б гэта ні рабілі астатнія за нас, гарманічных адносін у тандэме “настаўнік — вучань” не атрымаецца. Перад кожным настаўнікам стаіць няпростая задача — ператварыць работу і вучобу ў крыніцу радасці.
Сёння ўсё часцей кажуць пра нежаданне вучняў вучыцца, востра стаіць пытанне аб прафесійным выгаранні педагогаў. Няўжо школа ператвараецца ў інструмент насілля, прычым для абодвух бакоў? Для паспяховага навучання ёсць шмат добрых тэхналогій. Я прапаноўваю вам універсальную — тэхналогію радасці.
Вучэбная дзейнасць і ўрок як від вучэбнай дзейнасці — праца. Мы можам адзначыць адрозненне ва ўспрыманні вучобы і работы дарослага і дзіцяці. У дарослага ёсць найважнейшы інструмент — самадысцыпліна, у дзіцяці яго няма. Хто з нас памятае пра гэта, калі кажа пра нежаданне вучня добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў? Адзінкі. Якая выснова? Нечаканая і непрыемная: мы жывём у адрыве ад рэальнасці, у ідэальным, прыдуманым намі свеце.
Будзем рэалістамі. У жыцці мы знаходзімся пад уплывам “хачу” і “павінен”. Паняцці “хачу” і “павінен” уявім як дзве процілегласці. Сваё стаўленне да сітуацыі будзе знаходзіцца паміж. Адно з базавых паняццяў філасофіі — “дуалізм” — закон адзінства і барацьбы процілегласцей. Калі ўвесь час знаходзіцца ў вобласці “павінен”, не застаецца месца для жаданняў, самавыяўлення. А калі толькі знаходзіцца ў вобласці “хачу”, не будзе адказнасці перад грамадствам, не будзе пачуцця абавязку. Хачу — уласныя мэты. Павінен — навязаныя мэты. Як дасягнуць балансу? Ёсць сілы, якія спрыяюць змяненню, і сілы, якія перашкаджаюць змяненню. Сістэма знаходзіцца ў раўнавазе, і змены не адбываюцца, пакуль гэтыя сілы ўраўнаважваюць адна адну. Перад намі сітуацыя “стаячая вада”. Дзіця не зрушыцца з месца. Як мы будзем дзейнічаць у гэтым сілавым полі? Спрабуем павялічыць ціск. Эфектыўна ў крызісных сітуацыях, пры наяўнасці неабходнасці хуткіх кардынальных змен. Але трэба памятаць, што чым большы ціск, тым большае супраціўленне.
Калі мы раніцай устаём з ложка вымушана рана, мы гаворым: “Вечна валяешся цельпуком у ложку, потым бяжыш стрымгалоў, спазняешся”. Гэтай фразай мы павялічваем ціск на сябе. Уставаць і без гэтага не хочацца, і перспектыва малюецца нярадасная.
Змадэлюем аналагічную сітуацыю ў дачыненні да нядбайнага, няспрытнага, гультаяватага вучня. Якую фразу мы яму скажам, каб узмацніць ціск? “Вечна, пастаянна, заўсёды, кожны раз, з урока ва ўрок (звяртаю ўвагу на той шэраг слоў, які псіхолагі забараняюць выкарыстоўваць) ты нічога не робіш, а потым здзіўляешся, адкуль у цябе столькі троек”.
Хто з вас сабе з раніцы здольны аслабіць ціск: “Сёння чакаецца нешта добрае, вось адчуваецца, а інтуіцыю не падманеш. Хутчэй устаём, збіраемся, каб выглядаць на ўсе сто.”
Змадэлюем сітуацыю ў дачыненні да таго ж нядбайнага дзіцяці. Паслабім яму ціск: “Вася, збярыся, у цябе выдатна атрымліваецца, трымаешся малайчынам, калі ты хочаш працаваць”. Паслабілі. Памятаем: што адчуваем мы, тое адчувае і Вася.
У якім полі сіл вы жывяце? Якое, на вашу думку, адно з самых цяжкіх пытанняў для чалавека? Што ты хочаш? Гэтае пытанне ўводзіць у ступар любога спрачальніка, што звязана з уменнем марыць. Некаторыя наогул не ўмеюць марыць, развучыліся. У дзяцінстве гэта так натуральна. Здзіўляешся, як з выдатнага летуценніка атрымліваецца цалкам расчараваны ў жыцці, дэпрэсіўны чалавек.
Усе мы родам з дзяцінства і сваю будучыню фарміруем сёння самі.
Радасць прыцягваецца радасцю. Першае, што мы можам зрабіць, — ператварыць урок у крыніцу радасці. Самыя простыя адчуванні радасці звязаныя з пачуццём цяпла. Успомнім народныя выразы (“на душы цёпла”, “цёплы чалавек”). Цяпло выпраменьвае спакой. Спакойная атмасфера на ўроку — крыніца душэўнага камфорту, адна з прыступак радасці.
Больш моцныя адчуванні радасці звязаны з гарэннем (“запальваем”, “агонь у крыві”, “ён з агеньчыкам”). Вельмі важная на ўроку эмацыянальнасць. Пачуццё радасці — жаданне адкрыцца свету. Успомніце ўласныя адчуванні і сканцэнтруйцеся на іх: напоўненасць паветрам, лёгкасць, жаданне ўзляцець, жаданне каго-небудзь абняць, падзяліцца з кімсьці, умясціць у сябе цэлы свет.
Ёсць руская прымаўка: “Радасць выпроствае, журба курчыць”. Радасць выпроствае пазваночнік, у літаральным сэнсе ўплывае на паставу.
Ёсць лёгкія словы, а ёсць словы, антаганістычныя паветру, якія змяшчаюць земляны кампанент. Да іх адносяцца — павінен і трэба. Дастаткова іх вымавіць — і адчуеш, як свет становіцца цвёрдым і непарушным. Па магчымасці гэтыя словы лепш выкарыстоўваць як мага радзей. Не варта казаць дзіцяці “Ты павінен” або “Вам трэба зрабіць наступнае”. Мы будзем рабіць, вы будзеце рабіць, мы паспрабуем зрабіць, неабходна зрабіць. Такі ж самы сэнс, а розніца адчувальная.
Радуе творчасць. Дайце дзіцяці адчуць сябе творцам. Замест чытання параграфа хай паспрабуе сам вывесці патрэбнае правіла на аснове асабістага досведу, натуральна, з дапамогай настаўніка. Многія правілы мы выводзім самастойна на аснове прапанаваных прыкладаў. Дзеці імкнуцца знайсці заканамернасць, выказваюць ідэі, чаму так ці інакш пішацца канкрэтнае слова. Для праверкі адказу чытаем правіла падручніка. Той, хто адказаў правільна, атрымлівае найвышэйшы бал. Здабытае самастойна запамінаецца надоўга, атрыманае ў гатовым выглядзе мае адваротны вынік. Адзнакі стымулююць творчасць. Найвышэйшы бал можна атрымаць і за адно слова, калі яно важкае. Пра гэта добра ведаюць мае вучні.
Кожны настаўнік ведае, наколькі важна паставіць мэту ўрока. Урочныя мэты мы ставіць умеем, але гэтыя мэты павінны працаваць на патрэбны вынік, што атрымліваецца не заўсёды. Адна з прычын няўдалага выніку — перфекцыянізм, зрабіць усё ідэальна. Такая спроба, як правіла, малапаспяховая. Перфекцыянізм становіцца адметнай рысай настаўніцкай прафесіі. Настаўнік-перфекцыяніст імкнецца зрабіць такім і вучня. Добра ці дрэнна быць перфекцыяністам? Для таго каб зразумець прыроду гэтай з’явы, трэба зірнуць на праблему шырэй: перфекцыянізм — вынік палярнага бачання свету. Не сакрэт, што мы, настаўнікі, дзелім свет на чорнае і белае. Мы дзецям кажам: гэта добра, а гэта дрэнна. Пры перфекцыянізме вынік напаўняецца сэнсам пры наступных крытэрыях — усё або нічога. У аснове перфекцыянізму ляжыць жаданне пахвалы або страх, якія грунтуюцца на нізкай самаацэнцы і агульнай няўпэўненасці асобы.
Ці з’яўляецеся вы перфекцыяністам? Тут дастаткова адказаць на два пытанні:
Якія пачуцці ў вас выклікае паражэнне?
А. Я пра гэта многа не думаю.
Б. Я стараюся з усяго атрымаць урок. Памылкі робяць мяне мацнейшым і шмат чаму мяне вучаць.
В. Я баюся паражэнняў і спрабую іх пазбегнуць усімі магчымымі спосабамі. Калі я ўсё-такі памыліўся, мне вельмі цяжка зноў стаць на ногі.
Як вы ставіцеся да крытыкі?
А. Не звяртаю на яе ніякай увагі — няхай крытыкуюць колькі заўгодна.
Б. Я вельмі цаню канструктыўную крытыку і заўсёды за яе дзякую. Яна дапамагае мне зразумець свае недахопы і ўстаць на шлях самаўдасканалення.
В. Лічу крытыку нападзеннем на мяне. Пазбягаю тых, хто спрабаваў мяне крытыкаваць.
Калі выбралі варыянты адказу В. — значыць так.
У дачыненні да вучэбнага працэсу настаўнік не павінен занадта захапляцца акцэнтаваннем пралікаў вучня. Любая памылка можа быць ліквідавана ў працэсе дзейнасці. Тое ж самае добра было б памятаць нам і пра сябе. Знерваваны, закамплексаваны, змучаны страхам настаўнік не здольны выхаваць найлепшыя якасці ў сваіх вучнях. Спакой, упэўненасць, ураўнаважанасць настаўніка — найлепшыя памочнікі ў працэсе выхавання. Наступнае правіла тычыцца параўнання аднаго чалавека з іншым. Гэтая звычка здольная набыць паталагічныя формы — зайздрасць і дэструктыўная самакрытыка. Ні тое ні другое не вядзе да пазітыўных змен, як у выпадку з намі, дарослымі, так і з дзецьмі. Хочаце атрымаць вынік, адваротны жаданаму, — параўноўвайце шмат і часта. Сябе можна параўноўваць толькі з сабой. Вучня — з ім жа. “Мінулы раз ты зрабіў лепш/горш. Пастарайся, і ўсё атрымаецца. Выкарыстоўвайце правіла “5 да 1”. Як толькі пакрытыкавалі, пахваліце вучня 5 разоў. Убачылі недахоп — знайдзіце 5 добрых якасцей.
Негатыўнае растворыцца ў пазітыўным, і зваротнай агрэсіі з боку вучня не будзе. Памятаем: мы павінны прымаць і быць прынятымі. У любога чалавека ёсць добрыя рысы, адшукайце іх. Няправільна жыць мінулым. Мінулае — функцыя памяці, у якой утрымліваюцца не ўсе падзеі. Як правіла, з гарачкі чалавек узгадвае самыя дрэнныя моманты, хоць добрых у яго арсенале магло быць і больш. Пра добрае практычна не гавораць, гэта для нас само сабой зразумела. Пастаяннае вяртанне да негатыўных успамінаў спрыяе навешванню ярлыка. Ад ярлыка даволі цяжка пазбавіцца, ахвяра ярлыка (назавём гэта так) ставіць сабе блакіроўку. Знешне гэта можа праявіцца як дэманстрацыя абыякавасці з боку такога вучня, але ўнутрана ахвяра будзе мучыцца, пакутаваць і лічыць сябе тым, што вы навязалі ёй пры дапамозе ярлыка. Нельга ўзгадваць ні тое дрэннае, што было ўчора, ні тое, што адбылося хвіліну назад, калі пра гэта ўжо вамі сказана.
Надышоў час асэнсаваць усё прачытанае вамі. Заплюшчыце вочы. Уявіце сабе, што ў вас у руках
ненадзьмуты паветраны шарык. А цяпер паднясіце яго да вуснаў і павольна надзімайце, адчуваючы, як ён напаўняецца паветрам. На шарыку намалявана ўсмешка, і з кожным вашым выдыхам шарык надзімаецца, а ўсмешка расце… Надзьміце яго дзесьці да метровага дыяметра. У думках завяжыце ніткай і адпусціце ў неба, сачыце за шарыкам вачыма.
Ідзіце з усмешкай па жыцці, усміхайцеся свету — і свет усміхнецца вам. Будзьце шчаслівыя, жывіце ў радасці!
Алена ПАНФЕРАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
гімназіі Смаргоні Гродзенскай вобласці.