Рэверанс мінулым стагоддзям

Пачуццёвая, як летняя вясёлка. Гуллівая, як няўлоўны матылёк. Бруістая, як чыстая крыніца. Кадрыля вірджынская здольна ўзнесці на сёмае неба. Як і контрданс, полька, вальс, паланэз. У такім танцавальным віры сумна не будзе ніколі, гэтая прыхільнасць назаўсёды. Адчуць час з дапамогай мінулых культурных эпох, паглыбіцца ў страчаныя кантэксты, убачыць рысы, важныя для разумення эпохі, і, дзякуючы гэтаму, зрабіць адкрыццё сучаснасці. Такую магчымасць дае Вялікі навагодні баль у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь вось ужо адзінаццаты раз.

Заўсёднікі прывыклі да балю як да свайго дома: тут ім усё знаёма і блізка — натхняльная ігра аркестра, трапныя падказкі трэнера, выпростванне паставы, адухоўленыя позіркі…

— Паглядзіце, як вакол прыгожа! — заўважае Эрнст Пятровіч, асістэнт балетмайстра, пастаянны ўдзельнік баляў (гэта ўжо дзявяты яго сезон). — Дзе яшчэ ўбачыш дам у такіх сукенках?! Ды і фрак асабліва больш няма куды на­дзець. На работу — наўрад ці… Хаця я, па сутнасці, мог бы (выкладаю ў БНТУ фізіку)… Да танцаў прыйшоў дзякуючы сыну Дзмітрыю. Па душы мне вальс. Ён як мора: тут самыя моцныя, яркія эмоцыі.

Ася Пятровіч, жонка Эрнста, таксама асістэнт балетмайстра, з балем параднілася з часоў яго заснавання. Хоць па прафесіі яна выкладчык вышэйшай матэматыкі, без высокіх пачуццяў і танцаў жыццё не ўяўляе:

— Адно другому не перашка­джае. Я з сямі гадоў працую ў тэатры: спачатку — у драматычным, потым — у оперным. Баль як такі пачаўся з трэцяга сезона. Да гэтага ўсе прыходзілі ў джынсах і світарах. Колькі спатрэбілася энтузіязму, каб усіх пераканаць прыйсці на баль у адпаведным касцюме! Як гэта так: я — у доўгай сукенцы, а астатнія — у джынсах!.. Было складана. Але сёння дрэс-код — неад’емны складнік балю. Каштоўны баль і тым, што тут няма дакладнага вызначэння, якому ўзросту ён падыходзіць: на яго прыходзіць і моладзь, і сярэдняе пакаленне, і старэйшае. І я не ведаю іншага такога мерапрыем­ства, дзе, напрыклад, было б цікава адначасова і нам з мужам, і сыну з яго дзяўчынай. Баль па-за пакаленнямі, што рэдкасць у наш час. Баль аб’ядноўвае.

Кавалеры стараюцца пераўзысці адзін аднаго. У палёце грацыёзных па раскрываецца тэмперамент.

— У кожным нашым танцы — дакладныя элементы, — гаво­рыць Ася Пятровіч. — Усе танцы ў нашай праграме носяць навучальны характар. І калі пасля нашых заняткаў танцоры пойдуць на іншы баль, яны будуць умець выконваць фігуры танца: люстэрка, змены, асноўны крок, праменад, балансэ — адным словам, будуць мець базу. Госці нашага балю на любым іншым балі змогуць прадэманстраваць веданне танцаў.

Урачыстасць паланэза, выразнасць вальса, гуллівасць контрданса, бадзёрасць полькі, акрыленасць кадрылі… Вірджынскай. Гэты танец на балі прадэманстравалі ўпершыню. І ён адразу ўсім прыйшоўся даспадобы. Кадрыля духмяная, мядовая, здаецца, яна пахне настроем пераспелай пачуццёвасці, світальнай песняй, чэрвеньскім дажджом. На вуліцы цёпла, не па-зімоваму. Ад гэтага пачуцці абвастраюцца ў разы. Асабліва калі кадрыля дорыць магчымасць сысціся з партнёрам, моцна ўзяўшыся з ім за рукі, і кружыцца, кружыцца. Потым — падскокваць, і зноў разам, і зноў вочы ў вочы, і сэрцы напагатове. Звонкагалосая паскакуха, кадрыля-заранка, быццам жарт, але такі прыемны. І наталіцца немагчыма: яшчэ, яшчэ! Румяныя ад скокаў твары дам вабяць кавалераў. Даверлівыя сэрцы аддадзены стыхіі танца, бо ведаюць: на балі яны спатоляцца. Танец — адзінае мастацтва, матэрыялам для якога служым мы самі, як гаварыў амерыканскі танцор Тэд Шон. Ці не гэтым вабіць баль адданых прыхільнікаў?

— Колькі ўсяго баляў адтанцаваў, лічу па сукенках жонкі, калі гляджу фатаграфіі, — расказвае Ігар Філатаў (па адукацыі фізік). — Сёлета надзеў першы раз фрак. З танцаў больш за ўсё па душы мне вальс (можа, таму, што я яго доўга вучыў і нарэшце вывучыў). На гэтым балі ўпершыню прадставілі паказальны нумар вальса. Мая жонка Ірына — партнёрша — асоба артыстычная. Хоць мы і фізікі па адукацыі, у свой час Ірына іграла ў тэатры-студыі кінаакцёра, займалася пантамімай.

— Я фізік і лірык у адной асобе, — гаворыць жонка Ігара Філатава Ірына. — Усё жыццё спалучала скачкі ў ваду, танцы, гімнастыку, аэробіку, вяла пластыку і іграла ў тэатры-студыі кінаакцёра. У кагосьці ні дня без радка, а ў мяне ні дня без танца, без руху. Мы ўдзельнічаем у балі ўжо дзясяты раз (прыйшлі на другі сезон). Каштоўна тое, што з’явілася вельмі шмат сяброў. І ўсе мы качуем з аднаго балю на другі, танцавалі тры разы на балі ў Мірскім замку. Мяне натхняе вальс, асабліва з прадметамі: з шалікам, напрыклад, з веерамі. Яшчэ я вельмі люблю нашы рэпетыцыі. Яны як прадвеснікі чароўнай атмасферы. Баль праходзіць хутка, а рэпетыцыі даюць працяглыя зносіны — адно з самых галоўных задавальненняў.

На ўвасабленне творчай задумы працуе цэлы арсенал сродкаў. Немалаважны вобраз. Апантаныя балем прадумваюць яго да дробязей.

— Я аддаў перавагу фраку: гэта больш тэматычна і робіць вобраз завершаным, — дзеліцца дэбютант Мікіта Саладуха (выкладае на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ). — Да фрака абавязковыя пальчаткі. Для мяне баль — спосаб зносін. Хтосьці скажа, што для гэтага падыдзе і дыскатэка, але дыскатэка і баль зусім розны ўзровень. Баль — для ўсвядомленых асоб, якія кіруюцца высокімі каштоўнасцямі і прыярытэтамі… І таму прыемна знайсці аднадумцаў.

Насычаная танцавальная мова ў полькі. Яе бурлівай энергіі няма меж. Яна падхоплівае і ўзнімае на грэбень хвалі. Гэта самы дынамічны танец праграмы. Тут і выстукванні нагамі, і тэмпераментныя павароты, але пачынаецца ўсё даволі рамантычна. Гледзячы ў вочы, кавалер працягвае даме адну руку, яна — сваю, потым кавалер — другую. Узяцца за рукі і злучыцца ў апантанасці, праскакаць польку-весялуху, якая адорыць шчодра: зіхатлівая, квяцістая, яна кружыць галаву. Гулкая, бунтарская, раз’юшаная, гэтая непакора б’е ў бубен радасці. Падчас выканання па полькі апаноўвае летуценны настрой. Як адказаць на прыхільны позірк лагодных гарачых вачэй, прыязны выраз твару? Жывая непрадказальнасць балю трымае ў хваляванні.

Гасцінная зала опернага абуджае мары. Надзея на жаданую сустрэчу ззяе незгасальна. Танец — гэта амаль прызнанне ў каханні, як гаварыў Фёдар Дастаеўскі. Сапраўды, танец — найдалікатнейшыя зносіны: тут іграюць ролю нахіл галавы, дотык, пяшчотны позірк, сінхроннасць у рытме. І рамантыку не спыніць…

Дэбютанты ўліваюцца хутка і становяцца арганічнай часткай балю. Агульнавядома, што заняткі бальнымі танцамі развіваюць густ і арыстакратычнасць, акцёрскае майстэрства, выхоўваюць адчуванне стылю і, самае галоўнае, правільныя паводзіны з партнёрам: кавалеры дэманструюць найлепшыя мужчынскія якасці, даючы даме магчымасць адчуць сябе пад надзейнай абаронай, сапраўднай жанчынай. Знаёмства з бальнымі тонкасцямі, танцавальнымі тэхнікамі дае плён — натура чалавека ўзбагачаецца. Гэта пацвярджаюць пастаянныя ўдзель­нікі-карыфеі.

З тэхнічнага боку бальныя танцы нескладаныя — тут большую ролю іграе артыстычнасць. Узгодненасць, зладжанасць рухаў дасягаецца доўгімі трэніроўкамі, і, вядома, унутраным пасылам. На характар рухаў уплываюць асаблівасці касцюма, і часам гэта няпроста, трэба прызвычаіцца. Але заўсёднікі ўпарта авалодваюць бальнай граматыкай, і тыя, хто праявіў настойлі­васць, натхненне, атрымліваюць у распара­джэнне найбагацейшую танцавальную палітру. І ці не яна прыцягвае на баль з году ў год?

Наталля СВЯТЛОВА.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.