Мая сяброўка — вялікая аматарка руж. У яе ёсць два апрабаваныя гадамі спосабы ўкрыцця руж.
Укрыццё
Першы залежыць ад ураджаю дубовага лісця. Калі лісця многа, у лістападзе, калі пахаладае, у сухі, бязветраны дзень неабходна апырскаць кусты руж бардоскай вадкасцю, выдаліць недаспелыя верхавіны і бутоны, якія не раскрыліся. Ніколі не абразаць ружы на зіму. Пасля таго як расліны абсохнуць, засыпаць іх абавязкова сухім перапрэлым торфам, а потым — дубовым лісцем. Насыпаць іх на вышыню 50—60 см, каб усе кусты былі ўкрыты, яны потым асядуць. Адзінае, калі рана ўкрыць і будзе дажджлівае надвор’е, можна зверху накінуць плёнку, каб ружы сухімі пайшлі ў зіму і дубовае лісце не намокла. Як толькі пачынаюцца замаразкі, плёнку неабходна зняць.Калі восень сухая, лісце з дуба не асыпаецца да замаразкаў, яна прымяняе сухі спосаб. У пачатку лістапада на выпадак, калі будуць моцныя замаразкі, неабходна хаця б крыху прыкрыць кусцікі.
Прыгнуць, наколькі можна, і паставіць апоры (пластыкавыя скрыні), гэта ў тым выпадку, калі ружы высаджаны радамі. Ставіць яна іх звычайна паміж ружамі і ўкладвае рэйкі, паколькі ружоўнік вельмі доўгі і няма магчымасці зрабіць такое ўкрыцце, каб плёнка не правальвалася пад снежным покрывам. На гэтыя прамежкавыя апоры ўкладвае драўляныя лагі. На іх спачатку — адзін пласт цвёрдага лутрасілу, а зверху — пласт цвёрдага поліэтылену. Тарцы абавязкова пакідае з двух бакоў прыадкрытымі, каб праветрываліся да таго часу, пакуль тэмпература не будзе ніжэй -10°С. Тады закрывае наглуха.
Часам перад укрыццём прысыпае грунт даламітавай мукой і потым укрывае ўсё торфам, хаця многія кветкаводы не рэкамендуюць і ніколі не выкарыстоўваюць торф для ўкрыцця. У выпадку адлігі ён будзе прымушаць расліну расці.
Абрэзка
Абразаючы ружы на зіму, вы робіце вялікую памылку. Па-першае, у кожнай ружы ёсць запас пажыўных рэчываў, які мы забіраем абрэзкай. Страціўшы многа сокаў, жыццёвых сіл, яна пераходзіць у нядобрыя зімовыя ўмовы. Па-другое, абрэзка стымулюе рост дадатковых парасткаў з прышчэпкі. А напярэдадні зімы гэта зусім не патрэбна. Нельга зразаць на зіму і лісты. Расліна сама вырашае, калі яна можа іх скінуць. Пакуль ёй патрэбна харчаванне, яна іх трымае, набіраючы запас рэчываў; калі яны ёй не патрэбны, скідвае.
Абразаюць ружы ранняй вясной, калі канчаткова знімаюць укрыцце пасля поўнага сходу снегу, у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Усе культурныя гатункі, за выключэннем пляцістых і паркавых, патрабуюць штогадовай фарміруючай абрэзкі. Абрэзкай дасягаецца ўтварэнне правільнага кампактнага куста, развіццё здаровых, моцных парасткаў і шчодрае цвіценне. Акрамя таго, яна амалоджвае расліны, прадаўжае прадукцыйны перыяд і выключае загушчанасць.
Перад гэтай аперацыяй кусты разакучваюць, агаляючы каранёвую шыйку. У першую чаргу выдаляюць зламаныя, сухія парасткі, а таксама тыя, якія выпралі і растуць усярэдзіну куста. На адной дарослай расліне лепш пакінуць не больш як 5 парасткаў. У прышчэпленых руж выдаляюць усе парасткі, якія растуць ніжэй месца прышчэпкі. Дзікія парасткі абразаюць ля самага пачатку (раскапаўшы зямлю). Калі іх абрэзаць на ўзроўні глебы, гэта можа выклікаць узмоцненае ўтварэнне новых пасынкаў. Дарэчы, гэтую працэдуру трэба праводзіць рэгулярна, да восені.
Розныя групы і гатункі руж патрабуюць рознай абрэзкі. Вылучаюць тры віды абрэзкі: моцную (кароткая) — калі на парастку пакідаюць па 2—4 пупышкі ад пачатку, слабую (доўгая) — пакідаюць 8—12 пупышак, і сярэднюю — пакідаецца 5—7 пупышак. Агульнае правіла: пры абрэзцы верхняя пупышка не павінна быць накіравана ўсярэдзіну куста, каб прадухіліць загусценне. Зразаюць, пакідаючы 0,8 см парастка над верхняй пупышкай. На дарослых, нармальна развітых кустах, выкарыстоўваюць сярэднюю, а ў моцнарослых гатункаў (вышэй за 1 м) — слабую абрэзку. Паліянтавыя ружы — дробнакветкавыя невысокія гатункі — абразаюць коратка, на 2—3 пупышкі, што спрыяе густому галінаванню кусцікаў. Для больш высокіх гатункаў рэкамендуюць сярэднюю абрэзку. У мініяцюрных руж звычайна выдаляюць толькі засохлыя парасткі, але гэта не зусім правільна, таму што пры кароткай абрэзцы яны даюць пышныя кусцікі і больш шчодра цвітуць.
У пляцістых руж парасткі цалкам захоўваюць, абразаючы толькі сухія і пашкоджаныя, паколькі яны цвітуць на парастках мінулага года. Цвіценне шчодрае, але аднаразовае, на працягу 25—35 дзён. Усяго на кусце пажадана пакідаць не больш за 5—7 парасткаў. Асноўную абрэзку ў гэтых руж праводзяць адразу пасля цвіцення — парасткі выдаляюць на кольца.
Штамбавыя ружы абразаюць у залежнасці ад групы, да якой адносіцца прышчэплены гатунак. Слабарослыя гатункі абразаюць коратка, моцнарослыя — слабей.Для таго каб карона чайна-гібрыдных гатункаў мела прыгожую форму, канцы моцнарослых парасткаў можна прышчапіць у фазе з’яўлення бутона. Пасля гэтага ад кожнага парастка адрастаюць 2—3 маладыя. Цвіценне настане крыху пазней, затое будзе пышным. Калі парасткі любых груп руж вельмі падмерзлі або пашкоджаны, іх абразаюць да здаровай зялёнай пупышкі.
Адразу ж пасля абрэзкі ружы трэба зноў злёгку акучыць — гэта дазволіць захаваць частку парасткаў пры магчымых моцных веснавых замаразках. Канчаткова разакучваюць ружы, калі міне іх пагроза — у другой палове мая.
Добра ў гэты ж час правесці прафілактычнае апырскванне руж і глебы вакол кустоў супраць грыбных хвароб медзезмяшчальнымі прэпаратамі (у пахмурнае надвор’е).
Пасля гэтага ружы трэба падкарміць арганічнымі ўгнаеннямі — перапрэлым гноем, кампостам, перагноем. Іх можна раскідаць паміж кустамі (5—6 кг/м2) і адразу ж закрыць у глебу. Калі арганічнага ўгнаення няма, ружы падкормліваюць поўным мінеральным угнаеннем.
Перасадка
Ружы, як правіла, добра пераносяць перасадку. Але трэба дакладна ведаць: караняўласная ў вас ружа або прышчэпленая. Справа ў тым, што ў першай — каранёвая сістэма размяшчаецца паверхнева, а ў прышчэпленай ідзе ўглыб, таму што ў яе стрыжнёвы корань. Таму пры выкопванні трэба асцярожна даставаць куст з глебы. Канечне, частка каранёў будзе страчана, але ўсё памалу адновіцца на працягу двух-трох тыдняў. Лепшы час для перасадкі — вясна (сакавік — красавік) і восень (верасень — кастрычнік).
Вясной гэта лепш рабіць да распускання пупышак, у пахмурнае надвор’е або бліжэй да вечара. Загадзя рыхтуюць пасадачную яму, памеры якой не павінны быць меншыя за ранейшую. Звычайна глыбіня ямы — 45 см, а дыяметр — каля 60 см. Лепш рыхтаваць загадзя, але не раней чым за тры-чатыры тыдні да пасадкі.
Вызваліўшы расліны ад зімовага ўкрыцця, абразаюць парасткі на вышыні да 20 см. Таксама выдаляюць слабыя, тонкія галінкі або зламаныя і загінуўшыя. Калі ўвосень не былі выдалены лісткі, іх таксама трэба абарваць.Падрыхтуйце кавалак мешкавіны або плёнкі, на якую пакладзіце куст, каб пры транспарціроўцы да месца пасадкі не рассыпаўся земляны камяк і не пашкодзіліся карані. Выкопваюць ружу вельмі асцярожна. Аглядаюць каранёвую сістэму, абразаюць карані, калі ёсць сур’ёзныя пашкоджанні, і ўкарочваюць вельмі доўгія (да 30—35 см).
Саджаюць на новае месца так, каб каранёвая шыйка ў прышчэпленай ружы была ніжэй верхняга ўзроўню глебы на 3—5 см, а ў караняўласнай земляны камяк знаходзіўся роўна з паверхняй глебы.
Глебу вакол перасаджанага куста паліваюць, уносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні (на 1 м2 30—50 г поўнага мінеральнага ўгнаення і каля 100—150 г арганічнага) на адлегласці не бліжэй чым за 15 см ад парасткаў. Потым глебу рыхляць на глыбіню 10—15 см, зноў паліваюць.
Праводзяць канчатковую абрэзку парасткаў. Для чайна-гібрыдных руж на два-тры вочкі, а для англійскіх — на чатыры-шэсць. Пры веснавой перасадцы лепш адцягнуць перыяд пачатку цвіцення і даць час ружы для больш моцнага развіцця каранёвай сістэмы. Часам для гэтага прыходзіцца выдаляць бутоны, якія з’яўляюцца, калі куст яшчэ слабы. Заўсёды павінен быць баланс паміж ліставым апаратам і каранёвай сістэмай. Добрае лісце — добрыя карані!
Карысныя парады
* Пакідаючы прышчэпку пры пасадцы руж над паверхняй глебы, каранёвую шыйку абавязкова трэба заглыбляць на 2—3 см — гэта сэрца ружы. Загіне прышчэпка — гіне ружа. Абавязкова добра паліць, утрамбаваць зямлю каля каранёвай сістэмы, каб не было пустот, інакш, калі ружа пускае карані, укараняецца, маленькім беленькім карэньчыкам няма за што чапляцца. Абавязкова трэба акучыць сцёблы, гэта захавае расліну ад зваротных маразоў.
* Паліваць ружы трэба шчодра, але рэдка.
* У сярэдзіне лета перастаём уносіць усялякія ўгнаенні.
Дамашнія ружы
“Галоўны сакрэт вырошчвання — яркае рассеянае святло і халаднаватае паветра. Хатняя ружа добра расце пры +10—25°С, лёгка пераносіць невялікія замаразкі. Расліну трэба берагчы ад пякучага сонца і перагрэву глебы ў вазоне. Найлепшы варыянт — вырошчваць на заходнім або ўсходнім акне.
У час актыўнага росту і цвіцення паліў павінен быць шчодрым, ваду з паддона трэба зліваць. Часам арганізоўваць ружам душ, каб змыць пыл. Павышаная вільготнасць і частае апырскванне (яно патрэбна толькі зімой, калі расліну дадаткова асвятляюць) могуць справакаваць развіццё грыбковых захворванняў.
З ранняй вясны да восені раз на тыдзень падкормліваюць арганікай або мінеральнымі ўгнаеннямі (можна чаргаваць). Вясной добрыя пазакаранёвыя падкормкі (тры-чатыры з інтэрвалам 10—12 дзён). У канцы лета трэба выключыць азот.
Каб стымуляваць пышнае цвіценне, трэба выдаляць першыя бутоны своечасова зразаць кветкі, якія адцвітаюць (да першага складанага ліста з пяццю лісточкамі), і ўкарочваць парасткі.
У пачатку верасня паліў паступова скарачаць і да лютага зрэдку змочваць земляны камяк. Сцёблы абразаць да 10 см. Вазон з ружай ставіць у халаднаватае месца з тэмпературай +3—6°С. У лютым павышаць яе да +10—12°С. Пажадана ў гэты час перасадзіць ружу ў свежую ўрадлівую глебасумесь (перагной, торф і пясок — 2:2:1). Карысна дабавіць у яе кавалкі драўніннага вугалю і крыху попелу. На дне вазона абавязковы дрэнаж.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.