Імя Кацярыны Карпіновіч другі год запар значыцца ў спісе пераможцаў Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага майстэрства, які праходзіць у рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Хлебная і кандытарская справа”. У мінулым годзе Кацярына дэбютавала з работай “Калекцыя пачуццяў” у намінацыі “Мастацкі выраб з цеста” і атрымала першае месца і залаты медаль чемпіянату. У гэтым годзе яна паўтарыла свой поспех у намінацыі “Скульптура з пасцілажу”. А між тым уладальніца цяпер ужо двух залатых медалёў пакуль яшчэ не прафесіянал — дзяўчына вучыцца ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы.
Сёлета выстава “Хлебная і кандытарская справа” прайшла 11-ы раз. Традыцыйна навучэнцы і педагогі каледжаў, якія рыхтуюць спецыялістаў для хлебапякарнай і кандытарскай галін прамысловасці, прымаюць удзел у гэтым мерапрыемстве. Гэта цудоўная магчымасць павысіць прафесійнае майстэрства, ацаніць свой узровень уменняў, а таксама пазнаёміцца не толькі з калегамі, але і з асноўнымі работадаўцамі ў гэтай сферы. За права прадставіць Маладзечанскі дзяржаўны каледж на выставе і міжнародным чэмпіянаце навучэнцы аддзялення “Грамадскае харчаванне” гэтай установы адукацыі змагаліся ў конкурсе на лепшы кандытарскі выраб. Перамагла ў ім навучэнка трэцяга курса Кацярына Карпіновіч. Дзяўчына адразу пачала рыхтавацца да чэмпіянату пад кіраўніцтвам Святланы Альбертаўны Сакольскай, загадчыцы аддзялення “Грамадскае харчаванне”, і майстроў вытворчага навучання. Ідэя стварэння салодкага шэдэўра нарадзілася амаль адразу. Вобраз будучага вырабу ў думках аўтара быў вельмі дакладны, каб рэалізаваць яго, давялося вельмі пастарацца і многа папрацаваць. Але вынік быў варты намаганняў. Работа з пасцілажу Кацярыны называецца “Выкананне жаданняў”. Гэта загадкавы замак у падводным царстве, які размясціўся сярод зіхатлівых марскіх зорак і ракавінак. Тут жа “плавалі” залатыя рыбкі, да якіх можна было звярнуцца са сваім жаданнем. Зрабіць гэта мог кожны наведвальнік выставы — трэба было напісаць сваё жаданне на паперцы і пакінуць яго ў шкляным сасудзе побач з рыбкамі.
Удзельнікі журы чэмпіянату высока ацанілі вытанчаную работу Кацярыны, адзначылі, што ў дзяўчыны, безумоўна, ёсць талент, які неабходна развіваць, і прысудзілі ёй перамогу аднагалосна. Сама Каця кажа, што проста знайшла справу свайго жыцця. Хоць ніхто ў сям’і пераможцы чэмпіянату прафесійна з кулінарыяй не звязаны, маці лічыла сваім абавязкам навучыць дачку быць добрай гаспадыняй на кухні. З маленства Кацярына з радасцю дапамагала дарослым гатаваць ежу, а потым зразумела, што яе кулінарным здольнасцям цесна на сямейнай кухні, і паступіла ў каледж. Сваёй прафесійнай задачай яна лічыць ствараць вырабы не толькі смачныя, але і прыгожыя. Дзяўчына гаворыць, што заняткі ў майстэрні кандытарскай вытворчасці — сапраўднае задавальненне для яе. Яна цвёрда перакананая, што прыгатаванне тартоў, пірагоў, булак, пячэння — гэта прастора для фантазіі, а кожны выраб павінен дарыць асалоду чалавеку ўжо адным толькі сваім знешнім выглядам.
Мабыць, нездарма Кацярына назвала сваю работу “Выкананне жаданняў” і заклікала на дапамогу залатых рыбак. Праверыць, ці сапраўды гэтыя рыбкі былі чароўнымі, немагчыма, але верыць у гэта вельмі хочацца. Дакладна вядома, што адно жаданне яны выканалі: Кацярына Карпіновіч стала пераможцай чэмпіянату.
Дар’я РЭВА.