Узброеныя і вельмі небяспечныя. Для грыпу

Вакцынацыя з’яўляецца вялікім здабыткам чалавека, бо яна дапамагла зберагчы чалавецтва ад знішчэння або значнага скарачэння. Кожны год напярэдадні сезона эпідэміі грыпу набірае абароты вакцынацыя ад гэтай інфекцыі. Патрэбна разабрацца ў разнастайнасці вакцын, прадстаўленых сёння на айчынным рынку.

Штогод склад вакцыны супраць грыпу мяняецца, бо на аснове прагнозаў экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кампаніі-вытворцы атрымліваюць вірусны спектр — прыблізны набор тых вірусаў грыпу, якія будуць атакаваць насельніцтва ў надыходзячым эпідэмічным сезоне, і пачынаюць вытворчасць і распаўсюджванне вакцын супраць грыпу. Сучасныя вакцыны супраць грыпу называюцца трывакцынамі, бо ўтрымліваюць у сваім складзе антыгены трох тыпаў віруса грыпу: H1N1, H3N2 і B-тыпу.
Вакцыну супраць грыпу ўводзяць у арганізм двума спосабамі: назальным (пырскаюць у нос), што прыводзіць да развіцця мясцовага імунітэту, і ін’екцыйным (падскурна ці ўнутрымышачна).(сайт)Для спецыфічнай прафілактыкі супраць грыпу выкарыстоўваюць вакцыны, падзеленыя на дзве вялікія групы: жывыя (якія змяшчаюць аслабленыя вірусы) і інактываваныя вакцыны (не змяшчаюць жывыя вірусы). Інактываваныя вакцыны падзяляюцца на тры групы: цэльнаклетачныя, якія ўтрымліваюць цэлыя клеткі віруса грыпу; расшчэпленыя, або спліт-вакцыны, якія ўтрымліваюць часткі клетак віруса (напрыклад, “Ваксігрып” французскай вытворчасці, “Флюарыкс” ад бельгійскай кампаніі); субадзінкавыя вакцыны, якія ўтрымліваюць толькі павярхоўныя вірусныя бялкі (“Інфлювак” ад фармкампаніі з Нідэрландаў).
Цэльнаклетачныя і жывыя вакцыны валодаюць найбольшай рэактагеннасцю, асабліва ў маленькіх дзяцей, і здольны выклікаць пасляпрышчэпачныя рэакцыі і ўскладненні. Адпаведна, галіна прымянення такіх вакцын вельмі вузкая. Субадзінкавыя і спліт-вакцыны не маюць такой частаты развіцця ўскладненняў на ўвядзенне і разам з тым фарміруюць імунітэт на даволі высокім узроўні, таму з’яўляюцца эталонам у выкарыстанні для прафілактыкі грыпу.
Як дзейнічае вакцына? Увядзенне ў арганізм інактываванага віруса (або яго частак) выклікае выпрацоўку антыцел, што дазваляе стварыць шматузроўневую сістэму абароны ад грыпу. Праз два тыдні пасля прышчэпкі ў арганізме назапашваюцца супрацьгрыпозныя антыцелы. Ахоўныя бялкі распазнаюць вірус і знішчаюць, не дазваляючы яму размножыцца. Дастатковая імунная рэактыўнасць арганізма захоўваецца каля 6 месяцаў (па іншых даных, да года), што забяспечвае яго высокую супраціўляльнасць віруса грыпу на працягу ўсяго эпідэмічнага сезона. Эфектыўнасць імунізацыі сучаснымі супрацьгрыпознымі вакцынамі складае 70—90% і залежыць як ад канкрэтнай вакцыны, умоў яе захоўвання і транспарціроўкі, так і ад эпідэміялагічнага становішча ў пэўны час, ад асаблівасцей арганізма і іншых фактараў. Гэта значыць, верагоднасць таго, што прышчэпленае дзіця захварэе на грып, усё ж захоўваецца, але пры гэтым перахварэе яно ў лёгкай форме і без развіцця ўскладненняў.
Вакцына — гэта не лекі ў агульнапрынятым сэнсе гэтага слова. Вакцынацыя імітуе вірусную інфекцыю для таго, каб справакаваць імунную сістэму арганізма на барацьбу з інфекцыяй. Пры правядзенні вакцынацыі на працягу некалькіх гадоў запар яе эфектыўнасць узрастае.
Да канца верасня 2015 года ў Рэспубліку Беларусь будзе пастаўлена больш за 3 млн доз вакцыны “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці для прафілактыкі грыпу. У адпаведнасці з дзяржаўным кантрактам, заключаным у ліпені з РУП “Белфармацыя”, расійская кампанія — вытворца названай вакцыны выступіць адзіным пастаўшчыком супрацьгрыпознай вакцыны на тэрыторыі нашай краіны для Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак у эпідэмічным сезоне 2015—2016 года. Па словах кіраўніка кампаніі Алены Архангельскай, вакцына “Грыпол плюс” выпушчана ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі GMP. За сем гадоў гэтай вакцынай паспяхова прышчэплена больш за 100 млн чалавек.
“Грыпол плюс” — расійская інактываваная субадзінкавая вакцына апошняга пакалення, якая не змяшчае кансервантаў. Яна можа прымяняцца для дарослых і дзяцей (ад 6 месяцаў), цяжарных жанчын, асоб з хранічнымі саматычнымі захворваннямі, у тым ліку з сардэчна-сасудзістай паталогіяй, алергазахворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі рознай этыялогіі. Паводле рэкамендацый СААЗ, штогод склад вакцыны абнаўляецца для бягучага эпідсезона.

Наталля ДЗМІТРЫЕВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*