Школьны дзень з сімфоніяй Моцарта

Наталля Браніславаўна Хазяева — чалавек з характарам дасягненняў, з адукацыяй педагагічнай і эканамічнай. Акрамя гэтага, яна пастаянна вучыцца на розных курсах, трэнінгах. Самая значная справа па душы зараз, якая захапляе шчыра і натхняе на педагагічныя дасягненні, — гэта арт-тэрапія.

У перакладзе з англійскай мовы арт-тэрапія абазначае выкарыстанне мастацтва як тэрапеўтычнага фактару. Вучоныя (М.Лібман) тлумачаць арт-тэрапію як выкарыстанне сродкаў мастацтва для перадачы пачуццяў і іншых складнікаў псіхікі чалавека з мэтай змянення структуры яго светаўспрымання. Цікавы і другі, які не супярэчыць папярэдняму, пункт гледжання (Н.Нікандраў), які разглядае арт-тэрапію як метад, накіраваны на рэалізацыю скрытай энергіі ў выніку творчага асэнсавання, трэніроўкі, асобаснага росту, як уздзеянне на матывацыйную, эмацыянальную, адаптыўную сферу асобы.
Як жа прыйшла да сваёй першай спробы выкарыстання арт-тэрапіі наша госця? Наталля была актыўным дзіцем, якое цікавілася многім і ў якога ўсё атрымлівалася. Добра малявала, марыла быць дызайнерам, тонка прыкмячала прыгажосць ва ўсіх праявах жыцця, любіла падарожнічаць з мамай і татам. Бацькі заўважалі, як здорава дачка ладзіць адносіны з малодшымі дзецьмі ў двары, можа навучыць іх чаму-небудзь. Таму першая адукацыя Наталлі Браніславаўны з благаславення бацькоў — педагагічная. Хаця і не толькі таму. Другая прычына — працяг сямейнай традыцыі. Мама Соф’я Фёдараўна — настаўніца геаграфіі і астраноміі, цётка Клара Яфімаўна Пінчукова — настаўніца рускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай адукацыі.
“Калі сама вучылася ў пачатковай школе, — успамінае Наталля, — чытала маміны педагагічныя кніжкі і правярала, у адпаведнасці з ідэямі кніжак выхоўвае мяне мама ці не. Было, што і крытыкавала яе”.
Заканамерна, што пачала працоўную дзейнасць Наталля Хазяева як настаўніца. Наталля Браніславаўна лічыць, што гармонія ў разнастайнасці і, як ні пакутліва з часам было ёй развітвацца са школай, усё ж пакінула яе і 17 гадоў была паспяховай у бізнесе, папярэдне атрымаўшы эканамічную адукацыю. Новая дзейнасць і падштурхнула да неабходнасці шукаць дадатковыя рэсурсы, каб захоўваць гарманічны душэўны стан, знімаць стрэсы, развіваць свае творчыя здольнасці, аднаўляць сілы.
Арт-тэрапія стала яркай старонкай жыцця, пуцяводнай зорачкай, выратавальным кругам. Наталля Браніславаўна выкарыстоўвала для сябе музычную тэрапію, маляванне (напрыклад, у-сін маляванне), фота-тэрапію, танцарухальную тэрапію. Іншыя метады, якія пры строгіх суадносінах мы не можам лічыць арт-тэрапеўтычнымі, але іх сваякамі — можам. Гэта гавайскі метад доктара Лен Хо’апанопана. Хо’апанопана — гэта старажытнае гавайскае мастацтва вырашэння праблем. У перакладзе з гавайскай мовы слова “хо’апанопана” абазначае “выправіць памылку”, “зрабіць правільна”.
Асаблівая роля для Наталлі Хазяевай у арт-тэрапеўтычнай рабоце з сабой і іншымі належыць музыцы. Спецыяльныя даследаванні найвышэйшых аўтарытэтаў у медыцынскай навуцы (В.М.Бехцераў, І.М.Сечанаў) выявілі станоўчы ўплыў музыкі на сардэчна-сасудзістую, рухальную, цэнтральную нервовую сістэмы чалавека. Акрамя гэтага, у выніку музычнай тэрапіі павышаецца сацыяльная актыўнасць, аблягчаецца засваенне новых станоўчых установак і форм паводзін, карэкціруецца і камунікатыўная дзейнасць, актывізуюцца творчыя здольнасці, паляпшаецца псіхаэмацыянальны стан. Любімы кампазітар Наталлі Браніславаўны — В.А.Моцарт. Яго музыка, на думку нашай суразмоўніцы, — універсальны тэрапеўтычны сродак і фон для пазнавальнай дзейнасці.
Маляванне — выплюхванне настрою, эмацыянальнага стану на паперу, палатно пры дапамозе любых выяўленчых сродкаў — таксама выдатны спосаб для зняцця стрэсаў, расслаблення, набыцця гармоніі ў душы. Наталля Хазяева малявала акварэллю, алеем, крэйдай пры дапамозе пэндзля, далоней, пальцаў. Іншы раз размалёўвала адзенне. “Маім сябрам запомнілася і вельмі спадабалася мая карціна “Мак у жыце”. Я шмат разоў паўтарала сюжэт і дарыла сяброўкам. Адна з іх расказала, што пры сузіранні гэтай карціны неяк сам па сабе знікае галаўны боль. Прыемна дапамагаць людзям, асабліва такімі нечаканымі спосабамі”, — расказвае Наталля Браніславаўна.
Адна з цікавых для Наталлі тэхнік цяпер — у-сін маляванне. Для работы патрэбны гуаш, спецыяльная папера і настрой.
“У-сін” у перакладзе з кітайскай мовы азначае “5 рухаў”. Гэта пяць жыццёвых якасцей, пяць энергій, перамен усяго нежывога і жывога. Гэтая тэхніка пабудавана на аснове кітайскага традыцыйнага жывапісу. Жывапіс у-сін з’яўляецца не толькі тэхнікай малявання адным рухам, але таксама добрай практыкай для самаўдасканалення чалавека, які вывучае гэтае мастацтва. У аснове тэхнікі ляжыць рух. Усяго пяць тыпаў мазкоў даюць магчымасць выявіць і паказаць на паперы абсалютна розныя вобразы.
Даўно вядома, што псіхалагічныя праблемы чалавека і скаванасць напрамую звязаны з абмежаванасцю рухаў. Рух — гэта энергія. Працуючы з энергіяй, мы прапрацоўваем нейкія пэўныя якасці чалавека, што дазваляе зняць напружанне ў целе, пераадолець скаванасць і ў далейшым змяніць жыццё да лепшага. Жывапіс у-сін можа стаць выдатнай тэхнікай работы над сабой, тэхнікай адпрацоўкі пэўных жыццёвых якасцей. Калі рухі чалавека скаваныя, а цела запрыгонена псіхафізічнымі заціскамі, вельмі складана будзе перадаць мімалётнасць палёту матылька, тонкую прыгажосць схіленай травінкі ці прамалінейную шчырасць бамбука. Для таго каб зрабіць такі мазок, трэба мяняцца самому. У гэтым сэнсе можна гаварыць пра жывапіс у-сін не толькі як пра арт-тэрапію, але і як пра адзін з відаў цялесна арыентаванай тэрапіі.
Сёння Наталля Браніславаўна Хазяева пачынае свой другі навучальны год у сярэдняй школе № 190 Мінска ў якасці настаўніцы пачатковых класаў пасля перапынку ў педагагічнай практыцы. Затое колькі назапасілася натхнення, як сумавала наша суразмоўніца па сваім педагагічным прызванні, пра наяўнасць якога ёй паведамляюць бацькі і прабацькі яе навучэнцаў. “Галоўную падтрымку, калі другі раз уступіла ў раку настаўніцтва, я атрымала ад бабулі сваёй навучэнкі Соф’і Фёдараўны Хмяльніцкай, якая сказала мне: “Вы — сапраўдны настаўнік”. Вось і стараюся цяпер трымаць гэтую вышыню”. А яшчэ мяне вельмі падтрымлівае мая аднадумца Вольга Яўгенаўна Шуба.

— Захапленне арт-тэрапіяй дапамагае вам працаваць з дзецьмі?
— Безумоўна, дапамагае. Акрамя звычайнага плана ўрока, у мяне ёсць музычны план. Жыццё ў класе ў нас ідзе на музычным фоне. Напрыклад, дзень можам пачаць з сімфоніі Моцарта № 6. Праз 20 хвілін мяняю твор. Працягваем сімфоніяй № 40. На фізкультхвілінцы ў сярэдзіне ўрока адпачываем пад “Сіртакі”. На перапынку слухаем іншы стыль — самба-джаз. На трэцім перапынку, як правіла, спакойная музыка, напрыклад, Бах. Выкарыстанне музычнай тэрапіі дазваляе нам у класе размаўляць на мове розуму і дыпламатыі. Вучу дзяцей размаўляць на ўзроўні позірку, жэста.

— Якія вынікі ад прымянення музычнай тэрапіі для дзяцей?
— Цудоўныя і, я сказала б, дзіўныя. Дзеці перастаюць крычаць на перапынках, неспакойныя становяцца спакойнымі, лепш вучацца. Старшакласнікі заходзяць да нас на перапынках (часцей гэта браты і сёстры маіх навучэнцаў) паслухаць музыку, гарманізавацца.

— Наталля, ці малюеце вы з дзецьмі?
— Абавязкова. Малюем і развіваем настрой, радасць, любоў, засяроджанасць, стараннасць, сумленнасць, цярпенне. Падкрэсліваю для дзяцей думку, што каштоўная сама дзейнасць, што мы праходзім шлях ад думак да слова і толькі потым да справы. У нас дзейнічае правіла ў класе: перш чым папрасіць у іншага — сам дай штосьці, перш чым набыць штосьці для сябе — падумай, якую карысць гэта прынясе не толькі табе, але і тваёй сям’і, класу. І з такімі думкамі мы малюем.

— Што б вы сказалі нашым чытачам, якія зацікавіліся арт-тэрапеўтычнымі тэхнікамі і гатовы скарыстаць іх у сваім асабістым і прафесійным жыцці?
— Гармонія ў разнастайнасці падыходаў да жыцця і ў прафесійнай практыцы. Спрабуйце. Атрымлівайце задавальненне ці незадавальненне. І тое, і другое — добра. Задавальненне прыносіць радасць. Незадавальненне — ставіць задачы. Будзьце актыўнымі, не бойцеся ўваходзіць у бурлівую раку новага і невядомага. У такім выпадку ў вас ёсць шанс адчуваць сябе вольна, набыць стан унутранай любові і ўсмешкі. Яшчэ важна адчуваць, што не толькі мы добрыя настаўнікі для дзяцей, але і наадварот, дзеці выдатныя настаўнікі для нас, дарослых. Варта толькі захацець у іх вучыцца.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.