Што рабіць бацькам, калі з дзіцяці здзекуюцца ў школе

Пра гвалт у школе і нават у дзіцячых садках было вядома ўжо даўно. Пачынаючы з 1905 года ў друку сталі з’яўляцца першыя работы, прысвечаныя гэтай праблеме, пік якіх прыйшоўся на канец саракавых гадоў мінулага стагоддзя. Сёння праблема школьнага, і нават дзетсадаўскага булінгу, хвалюе ўвесь свет. У перакладзе з англійскай мовы слова “булінг” азначае хуліган, забіяка, гвалтаўнік… А пад самім тэрмінам “булінг”, як правіла, маюць на ўвазе запалохванне ці своеасаблівы фізічны і псіхалагічны тэрор адных людзей у адносінах да іншых з мэтай падпарадкавання іх сабе на глебе страху, наўмысна выкліканага праследавацелямі ў іх ахвяр.

У цяперашні час у Беларусі праблема школьнага булінгу не стаіць так востра, як у Амерыцы і нават Расіі, аднак гэта не азначае, што ў нашых школах няма ізгояў, праследавацеляў, гвалтаўнікоў і ахвяр. Бацькі, зразумеўшы, што іх дзіця мае дачыненне да якой-небудзь з вышэйпералічаных катэгорый, часцей за ўсё не ведаюць, як сябе паводзіць, як падтрымаць ці, наадварот, “прыструніць” сваё дзіця. А некаторыя бацькі проста не хочуць бачыць гэтай праблемы і закрываюць на яе вочы, а дзіця застаецца без неабходнай яму падтрымкі, сам-насам са сваёй бядой.
Перш за ўсё бацькам трэба ведаць, што іх дзіця можа папасці пад школьную і нават дзетсадаўскую дзедаўшчыну і што няма ніякай гарантыі, што іх дзіця не трапіць у групу рызыкі па дзедаўшчыне. Таму любое дзіця пачынаючы з першага класа неабходна папярэдзіць, што яго могуць дражніць і высмейваць аднакласнікі, і не толькі дражніць, але нават і біць. Калі ж нешта з гэтага з ім раптам адбудзецца, яно неадкладна павінна расказаць настаўніку і бацькам.
Для таго каб неяк прадухіліць пападанне дзіцяці ў групу рызыкі па школьным булінгу, парайце яму:

  • не спрабаваць вылучацца сярод іншых, калі для гэтага няма падставы;
  • не выхваляцца ні сваімі поспехамі, ні сваімі бацькамі, ні сваімі электроннымі цацкамі;
  • не зазнавацца і не задзірацца;
  • не паказваць сваю перавагу над іншымі;
  • не дэманстраваць сваю элітарнасць;
  • не паклёпнічаць;
  • не падлізвацца да настаўнікаў;
  • не ігнараваць рашэнні класа, калі яны не супярэчаць маральным нормам чалавека, гэта значыць, не плыць супраць цячэння свайго калектыву;
  • не даваць падставы для прыніжэння пачуцця ўласнай годнасці;
  • не дэманстраваць сваю фізічную сілу;
  • не напрошвацца на шкадаванне навакольных у сувязі са сваімі хранічнымі захворваннямі або нейкімі фізічнымі дэфектамі. Не паказваць сваю слабасць;
  • адшукаць сабе сябра сярод аднагодкаў (пажадана не аднаго, а адразу некалькіх сапраўдных сяброў);
  • запрашаць аднакласнікаў у госці;
  • не імкнуцца заўсёды перамагаць у сваіх спрэчках з аднагодкамі;
  • навучыцца паважаць меркаванне сваіх аднакласнікаў.

Вышэйпералічаныя парады ў асноўным належаць да паводзін дзіцяці ў школьным калектыве, аднак усім вядома, што прычынай большасці адхіленняў у паводзінах дзіцяці з’яўляюцца атмасфера ў сям’і, адносіны паміж бацькамі, першапачаткова няправільна выбраны стыль выхавання. Каб дзіця не трапіла ў групу рызыкі, бацькам рэкамендуецца:

  1. па-першае, старайцеся пазбягаць скандалаў і публічных сварак пры дзіцяці, бо гэта можа сфарміраваць у яго мадэль канфліктных паводзін, якія ён будзе пераносіць на навакольны соцыум;
  2. па-другое, сачыце за тым, як ваша дзіця харчуецца да школы і ў школе. Большасць дзяцей прыходзіць у школу з пустым страўнікам, што таксама правакуе агрэсіўныя паводзіны;
  3. па-трэцяе, неабходна адэкватна ацэньваць магчымасці свайго дзіцяці і не ставіць перад ім загадзя неажыццявімыя задачы, невыкананне якіх непазбежна прывядзе да фрустрацыі, прыніжанай самаацэнкі, суіцыдальных спроб.

Не будзьце абыякавымі да праблем дзіцяці. Старайцеся наведваць школу не толькі ў той час, калі праводзіцца бацькоўскі сход, але і на працягу чвэрці (асабліва гэта тычыцца бацькоў, дзеці якіх вучацца нестабільна, маюць праблемы з дысцыплінай і паспяховасцю). У час наведвання школы спакойна і тактоўна размаўляйце з педагогамі, паспрабуйце высветліць сапраўдныя прычыны праблем (версія настаўніка) і толькі потым прад’яўляйце свае прэтэнзіі і патрабаванні (версія дзіцяці і бацькоў). Бываюць такія выпадкі, калі бацькі прыходзяць у школу і адразу спрабуюць абвінаваціць настаўніка ва ўсіх бедах свайго дзіцяці. У такой сітуацыі рэакцыя настаўніка можа быць альбо нармальнай — і ён паспрабуе выправіць становішча, альбо неадэкватнай — і ён пачне з любой нагоды чапляцца да дзіцяці і заніжаць яму адзнакі.
Пастаўце перад сабой пытанне: “Ці ўсё ў парадку з маім дзіцем?” і выканайце просты тэст.

Маё дзіця

1. Выходзіць з сябе
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
2. Спрачаецца з дарослымі
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
3. Актыўна не прымае або адмаўляецца выконваць патрабаванні або правілы, устаноўленыя дарослымі,
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
4. Паводзіць сябе правакацыйна і знарок раздражняе людзей
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
5. Абвінавачвае іншых ва ўласных памылках або непрыстойных паводзінах
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
6. Крыўдлівае і лёгка раздражняецца з-за чужых дзеянняў
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
7. Злоснае і нецярпімае да крытыкі
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.
8. Нядобразычлівае або помслівае
ніколі або рэдка | часам | часта | вельмі часта.

Калі вы адказалі “часта” або “вельмі часта” як мінімум на 4 з гэтых пытанняў, то вам неабходна сур’ёзна задумацца: паводзіны вашага дзіцяці могуць быць прыкметай сур’ёзнай праблемы. Аднак абагульненне можа не даць адказу, які вас цалкам задаволіць. Каб даведацца, што адбываецца з вашым дзіцем, вам варта больш уважліва паназіраць за яго паводзінамі дома і за яго межамі. Дакладна ўстанавіць, дзе, калі і чаму дзіця паводзіць сябе агрэсіўна. Наколькі сур’ёзныя тыя паводзіны, якія вы назіраеце? Як яны суадносяцца з тым, што робяць і гавораць іншыя дзеці? Якога меркавання пра паводзіны вашага дзіцяці прытрымліваюцца равеснікі і педагогі?

Пазбягайце практыкі фізічнага пакарання, у прыватнасці, пасля наведвання бацькоўскага сходу многія бацькі вяртаюцца дадому з адной мэтай: як мага мацней пакараць дзіцяці і тым самым адпомсціць за перажытую ганьбу. Пасля падобнай тактыкі выхавання канфлікты паміж бацькамі і дзіцем становяцца традыцыйнай формай зносін. Дзеці перастаюць давяраць не толькі бацькам, але і дарослым наогул, баяцца расказваць пра свае праблемы і цяжкасці, хлусяць і выкручваюцца, становяцца замкнутымі, уцякаюць з дому, шукаюць падтрымкі на баку.
Умеранае дазіраванне камп’ютарных гульняў і тэлебачання, сумеснае складанне рэжыму дня могуць дапамагчы дзіцяці рацыянальна размяркоўваць нагрузку і адпачынак. Абмяжуйце агульную колькасць часу, адведзенага для прагляду тэлеперадач, каб тэлебачанне не іграла дамінуючай ролі ў фарміраванні вобраза свету ў вашага дзіцяці. Калі трэба, складзіце расклад, калі можна глядзець тэлевізар і гуляць на камп’ютары. Уважліва сачыце за тым, што глядзіць ваша дзіця, пераключыце на іншую праграму або выключыце тэлевізар, калі лічыце праграму шкоднай і небяспечнай для яго псіхікі.

Прыкметы таго, што дзіця ўсё ж стала ахвярай школьнай дзедаўшчыны:
* пры любой магчымасці яно імкнецца не пайсці ў школу або вяртаецца адтуль у прыгнечаным стане;
* стала крыўдлівым, раздражняльным або агрэсіўным без відавочных прычын;
* на фоне замкнутасці часта ўзнікаюць недамаганні — ад кішэчных сімптомаў да тэмпературы пры адсутнасці сур’ёзнага захворвання;
* у яго няма сяброў у класе, дзіця практычна не гаворыць пра падзеі ў школе, хваравіта рэагуе на размовы пра дзедаўшчыну;
У выпадку, калі інцыдэнт ужо адбыўся, трэба адвесці дзіця да псіхолага (прычым часам лепш звярнуцца не да школьнага, а да пабочных спецыялістаў). Калі дзіця было моцна напалохана і ўзрушана тым, што здарылася, не адпраўляць яго на наступны дзень у школу.
Трэба пастарацца навучыць дзіця ўменню пастаяць за сябе, як у фізічным, так і ў маральным плане. Як толькі дзеці адчуваюць, што іх ахвяра ў стане абараніць сябе, яны перастаюць праследаваць яе. Таму тут цалкам магчыма ўмяшанне бацькоў на ўзроўні школьнай адміністрацыі. На жаль, бываюць выпадкі, калі праблему дзіцячага байкоту можа вырашыць толькі перавод у іншую навучальную ўстанову ці нават пераезд.
Ні ў якім разе не ігнаруйце тое, што здарылася з дзіцем, і не пускайце ўсё на самацёк!

Ганна ПЕТУХОЎСКАЯ,
метадыст аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій
Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.