Сімвал дабрыні і хатняй утульнасці

Калі падснежнікі мы лічым прадвеснікамі вясны, то прымулы, якія зацвітаюць пасля іх на лясных узлесках, — першая згадка аб надыходзячым леце. Так можна растлумачыць і іх навуковую назву, якая паходзіць ад лацінскага слова “прымус” — “першы”, а таксама рускую народную — першацвет.

Вось што расказвае пра гэтыя кветкі старажытнаруская легенда. Усю доўгую зіму нябесная Лада пакутуе ў палоне густых хмар і туманаў. А вясной, калі палымяная кветка Перуна — маланка — узламае сцены згоды, з’яўляецца ў свет са шчодрымі падарункамі — дажджамі і цёплым надвор’ем. Там жа, куды ўпала першая DSCF8377(Сайт) маланка, вырастаюць першацветы, каб сваімі ключамі-кветкамі адамкнуць зямныя нетры для нястрымнага росту траў, кустоў і дрэў. Нездарма немцы называюць першацветы ключ-кветкамі, а палякі — проста ключыкамі…
У некаторых абласцях Германіі — гэта ключы замужжа. Існавала павер’е, што дзяўчына, якая першай на велікодныя святы знойдзе кветку першацвета, у гэты ж год выйдзе замуж. Яшчэ ў часы кельтаў і галаў прымула ўваходзіла ў склад любоўнага напітку. Гэтая кветка лічыцца сімвалам дабрыні і хатняй утульнасці. Прынесці дадому чырвоную прымулу — вельмі добры знак. На мове кветак прымула азначае безразважлівую закаханасць.
Ёсць шмат раслін — носьбітаў вітамінаў. Сярод іх першацвет вясновы — сапраўдны чэмпіён. Звычайна ўтрыманне вітамінаў у раслінах вымяраецца міліграмамі на 100 г расліннай масы, але тут размова ідзе пра грамы: у маладым лісці першацвета ўтрымліваецца да 5,9 г аскарбінавай кіслаты (праўда, у разліку на сухую вагу). Усяго толькі два такія лісточкі, саладкаватыя на смак, з прыемным пахам, могуць забяспечыць сутачную патрэбнасць дарослага чалавека ў вітаміне С!
Багатыя лекавымі рэчывамі і карэнішчы прымулы. Акрамя эфірнага масла, якое надае сушаным карэнішчам водар фіялак, яны ўтрымліваюць вітамін С, крухмал, цукар, сапаніны, гліказіды, дубільныя рэчывы. У народнай медыцыне многіх краін першацвет вясновы заўсёды шырока ўжываўся і ўжываецца для лячэння хвароб дыхальных шляхоў, бяссонніцы, галаўных боляў і нервовых расстройстваў.
Род прымула (Primula) адносіцца да сямейства першацветных, ён аб’ядноўвае каля 20 родаў травяністых раслін. Усяго налічваецца прыкладна 600 відаў прымулы. Кветкі большасці прымул сабраны ў парасонападобныя або галоўчатыя суквецці, радзей адзінкавыя. Вельмі прывабныя дэкаратыўныя кветкі гібрыдных прымул, якія маюць аксамітныя, гладкія або гафрыраваныя пялёсткі.
Прыцягваюць погляды разнастайныя варыянты расфарбовак, бо кветкі прымул афарбаваны літаральна ва ўсе колеры вясёлкі і маюць багатую гаму адценняў. Цікавыя прымулы, кветка якіх мае кантрасную і выразна акрэсленую сярэдзінку — “вочка”. Здаецца, што гэтыя кветкі весела смяюцца і падміргваюць, радасна вітаючы нас.
У ландшафтным дызайне прымулы даўно сталі аднымі з самых любімых раслін. Некаторыя лічаць, што ў адрозненне ад “халодных” цюльпанаў і нарцысаў, прымулы больш “цёплыя”, а таму больш прыцягальныя. Нават адзіны ў вясновым садзе сціплы кусцік прымулы з жоўтымі кветкамі-ключыкамі абавязкова прыцягвае погляд. Калі ж бачыш яркія групы шматлікіх рознакаляровых вясновых прыгажунь, разумееш, чаму менавіта прымулы адкрываюць радаснае цвіценне царства Флоры. Прымула Юлія выдатна глядзіцца ў якасці бардзюраў па краях кветнікаў або дарожак. На газоне можна высадзіць групу прымул вясновых, на альпійскай горцы — японскую прымулу, яна парадуе вас сваім цвіценнем у чэрвені. Прымула Фларына ў спалучэнні з касачамі, лілейнікамі і хостамі цудоўна глядзіцца ля вадаёмаў.
У садзе прымулы аддаюць перавагу месцу ў ажурнай цені. Адкрытае сонца любіць толькі прымула Галера. Важна, каб прымулам было дастаткова вільгаці. Можна смела высаджваць іх у сугліністых глебах, нават калі вясной яны кароткачасова затапляюцца вадой. Асабліва гэта тычыцца прымулы Зібольда, японскай і ружовай. Больш сухім умовам аддаюць перавагу картузападобная, дробназубчастая і ўшковая прымулы. Ранняй вясной можна дзяліць прымулы Фларынды, японскую і дробназубчастую. Астатнія — пасля заканчэння цвіцення ці летам, але не пазней як у пачатку верасня. Дробназубчастыя і ўшковыя прымулы можна чаранкаваць у красавіку (для лепшага ўкаранення чаранкі накрываюць плёнкай).
Набытае насенне прымулы трэба пасеяць як мага хутчэй — з кожным днём працэнт усходжасці паніжаецца. Калі такой магчымасці няма, захоўвайце яго ў халадзільніку. Гаворка ідзе пра прымулы, насенне якіх не мае патрэбы ў стратыфікацыі: паліянтавых, гібрыдаў ушковай і прымулы высокай. Астатнія высейваюць пад зіму. Прымулы вельмі чула рэагуюць на недахоп жалеза ў глебе — улічвайце гэта пры выбары ўгнаенняў. Акрамя гэтага, дозу ўгнаенняў памяншаюць удвая. Ранняй вясной іх падкормліваюць азотнымі ўгнаеннямі, у канцы ліпеня — калійна-фосфарнымі. Прымулы добра адгукаюцца на арганічныя ўгнаенні. Лісце прымулы ўвосень не зразайце. Яго варта выдаляць вясной, як толькі растане снег!
Прымулы могуць вельмі ўпрыгожыць участак. Калі выбраць кветкі розных гатункаў, то з ранняй вясны да сярэдзіны лета яны будуць радаваць вас!

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог дадатковай
адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*