Сонцаахоўныя акуляры — модны аксесуар і неабходная дэталь летняга туалету кожнай жанчыны. Так мы ахоўваем вочы ад яркага сонца і скуру твару ад заўчаснага з’яўлення дробных маршчынак вакол вачэй. Мамінай дачцэ, дзяўчынцы гадоў 4, абавязкова захочацца такія ж, “толькі маленькія і ружовыя”. Але ці так неабходны маленькай модніцы гэты прадмет?
Сонцаахоўныя акуляры актуальныя не толькі ў эстэтычным плане — яны засцерагаюць вочы ад празмернага ўздзеяння ўльтрафіялетавых прамянёў. І дзіцячыя вочы не выключэнне. Асабліва гэта важна, калі ў дзіцяці светлая афарбоўка радужнай абалонкі. На яркім сонцы дзіця горш бачыць, жмурыцца, адчувае дыскамфорт, у яго з’яўляецца жаданне схавацца ў цень, яно трэ вочы, міргае і плача. Навукоўцы, дактары, касметолагі сцвярджаюць, што многія праблемы са зрокам у сталым узросце з’яўляюцца вынікам знаходжання без абароны на сонцы ў маладосці і дзяцінстве. Правільна падабраныя сонцаахоўныя акуляры ўлоўліваюць да 97,8% ультрафіялетавых прамянёў. Але памятайце, што нават у самых якасных акулярах не трэба глядзець прама на сонца.
Любы пластык прапускае 100% ультрафіялету. Такім чынам, крытэрый бяспекі пластыкавых лінз складваецца толькі з якасці матэрыялу і фільтраў, якія выкарыстоўваюцца для стварэння блакіруючага слоя на акулярах. Чым вышэйшы працэнтны паказчык, тым лепшую абарону для вачэй вы набываеце. Афтальмолагі раяць выбіраць сонцаахоўныя акуляры, у якіх паказчыкі больш за 50 працэнтаў (для ўльтрафіялету катэгорыі В і ўльтрафіялету катэгорыі А). Дарэчы, у акулярах з УФ-фільтрам зона вакол вока не загарае.
Выбар акуляраў, асабліва дызайну, — асабістая справа кожнага, але, выбіраючы няякасныя акуляры на гандлёвых кропках і ў падземных пераходах, вы набываеце рэальную падставу звярнуцца ў афтальмалагічную клініку. Прыцемненыя лінзы акуляраў не заўсёды сведчаць аб абароне ад УФ-выпраменьвання. Большасць сонцаахоўных акуляраў з’яўляецца таннай копіяй вядомых брэндаў, а то і небяспечнай для здароўя падробкай. Акуляры прапускаюць да 100% УФ-прамянёў, нават калі яны “чарнейшыя за чорнае”. Больш за тое, чым больш чорныя такія акуляры, тым яны больш небяспечныя! Пры яркім святле зрэнка вока звужаецца, каб паменшыць зону рызыкі патэнцыяльнага апёку, — гэта натуральная рэакцыя вока. А ў цёмных акулярах без ультрафіялетавых фільтраў зрэнка аказваецца “падманутай”. Яна не звужаецца, прымаючы на сябе сонечны ўдар у поўным аб’ёме. Асабліва небяспечна знаходзіцца ў такіх акулярах на пляжы, гуляць на сонцы. Будзьце ўважлівыя, набывайце тавар, бяспечны ў медыцынскім дачыненні, у крамах оптыкі, дзе акуляры правяраюць на спектрафотаметры. Да сертыфікаванай прадукцыі прыкладаецца апісанне, якое змяшчае інфармацыю адносна ўзроўню зацямнення і абароны ад уздзеяння УФ-прамянёў, а на лінзах ёсць спецыяльная маркіроўка. На акулярах павінна быць этыкетка, дзе ўказана назва фірмы-вытворцы і матэрыял, з якога зроблены лінзы. Наша парада: праверце, назва фірмы-вытворцы павінна быць аднолькавай і на дужцы акуляраў, і на этыкетцы.
Каб сонцаахоўныя акуляры сапраўды былі карысныя, яны павінны адпавядаць тром галоўным параметрам — выразнасць малюнка, абарона і камфорт. Звычайна для лінз сонцаахоўных акуляраў выкарыстоўваюць шкло, полікарбанатны або акрылавы пластык. Шкло не драпаецца і не скажае малюнак. Але дзеці гуляюць і падаюць, а шкло лёгка б’ецца, таму не рэкамендуецца набываць шкляныя акуляры дзецям да 10 гадоў. Полікарбанатны пластык — трывалы і лёгкі матэрыял, які не б’ецца і не драпаецца. Такія акуляры падыходзяць для дзяцей любога ўзросту. Яны практычна не даюць скажэнняў. Такі пластык таннейшы за шкло, але даражэйшы за пластык акрылавы. Акрылавы пластык — самы танны матэрыял. Такія акуляры непажаданыя не толькі для дзяцей. Яны хоць і не б’юцца, але лёгка драпаюцца і даюць моцныя скажэнні, што шкодна для зроку. Будзьце ўважлівыя: акуляры з акрылавага пластыку прадаюцца ў большасці кіёскаў і крам.
Лінзы сонцаахоўных акуляраў для дзяцей павінны мець правільны колер. Агульнапрынята, што самымі камфортнымі для вока з’яўляюцца карычневы і шэры. Спыняючы свой выбар на яркіх колерах (блакітным, жоўтым, аранжавым, ружовым), будзьце асцярожныя, бо такое шкло зніжае выразнасць малюнка, згубна ўплывае на сятчатку вока і падыходзіць выключна для няяркага сонечнага святла. Рэгулярнае нашэнне акуляраў з такімі лінзамі можа стаць прычынай нервовасці, павышанай узбудлівасці і выклікаць парушэнне сну. Сінія лінзы катэгарычна не падыходзяць дзецям. Яны не ўлоўліваюць сонечныя прамяні і, наадварот, робяць іх яшчэ больш яркімі, што выклікае пашырэнне зрэнак. Акуляры з люстранымі шкельцамі дзецям купляць непажадана, асабліва калі дзіця пакутуе захворваннем вачэй. Акуляры-“хамелеоны” мяняюць колер у залежнасці ад інтэнсіўнасці асвятлення. Калі вы вырашылі набыць такія акуляры, выбірайце толькі якасныя лінзы.
Занадта цёмныя акуляры дзецям катэгарычна не рэкамендуюцца, бо, зайшоўшы ў цень або ў памяшканне, дзіця раптам становіцца “паўсляпым” і будзе натыкацца на прадметы і іншых дзяцей.
Калі ў вашага малога бывае алергія, пры выбары акуляраў звяртайце ўвагу на матэрыял, з якога выраблена аправа. Звычайна гэта пазначана на этыкетцы.
Форма і дызайн акуляраў могуць быць любымі. Выбірайце тыя, што спадабаюцца дзіцяці. Але абавязкова пераканайцеся, што яны добра сядзяць, не сціскаюць галаву, не з’язджаюць з носа пры рэзкіх рухах і не прычыняюць іншых нязручнасцей. Дзіцяці павінна быць зручна, таму прымерка перад пакупкай абавязковая. Ведаю па сабе: добра падабраныя тыя акуляры, аб наяўнасці якіх забываеш праз некалькі хвілін.
Паколькі акуляры выбіраем дзіцяці, неабходна мінімізаваць магчымасць заўчаснай страты жаданага аксесуара. Купіце эластычны шнурок для акуляраў. Прывучыце дзіця не здымаць акуляры, заходзячы ў памяшканне, а ссоўваць іх на лоб. Дужкі акуляраў павінны мець выражаны загін, каб трымацца за вушамі і не спадаць пры нахіле галавы, і быць мяккімі і крыху эластычнымі (цвёрдыя завушнікі могуць прычыняць боль). Сонцаахоўныя акуляры можна насіць не толькі ў яснае надвор’е. Калі сонца ў смузе, з’яўляецца шмат рассеяных прамянёў, ад якіх вочы пакутуюць яшчэ больш, чым ад прамых, таму трэба не саромецца і карыстацца акулярамі, калі святло раздражняе вочы.
Нягледзячы на відавочную карысць сонцаахоўных акуляраў, афтальмолагі просяць выконваць некаторыя нескладаныя правілы. Не рэкамендуецца насіць акуляры, не здымаючы на працягу ўсяго дня без неабходнасці або проста задавальняючы свае эстэтычныя патрэбы. Прызвычаіўшыся да акуляраў і цьмянага святла, вочы будуць адчуваць раздражненне ад дзённага асвятлення. Ёсць рызыка зарабіць непрыемнае захворванне — фотафобію. Таксама недапушчальна насіць акуляры ў цёмны час сутак, бо тады вашы вочы знаходзяцца ў пастаянным напружанні, зрэнкі пашыраюцца, павышаецца вочны ціск, што прывядзе да разнастайных захворванняў.
І напаследак: калі ў вашага дзіцяці з’явіўся гэты прадмет, растлумачце, які догляд яму неабходны. Рэгулярна праціраць, берагчы ад драпін і пашкоджанняў — няцяжкая работа. І ўсё гэта трэба рабіць сістэматычна, бо пашкоджаныя акуляры могуць сапсаваць зрок малога, што яшчэ горш, чым абыходзіцца зусім без акуляраў.
Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.