Стала лялька захапленнем

У жыцці кожнага чалавека наступае перыяд, калі за плячыма застаецца любімая работа, выраслі, знайшлі сваю жыццёвую дарогу і дзеці. Наперадзе такі жаданы заслужаны адпачынак. Аднак многія задумваюцца, чым жа заняцца дома? Такога пытання ніколі не ўзнікала ў Іны Сцяпанаўны Горбач з Любчы, што на Гродзеншчыне, бо яна таленавітая майстрыха-рукадзельніца.

Я ўдзячна свайму лёсу за тое, што ў 1985 годзе ў Любчанскім дзіцячым садку сустрэла такую творчую калегу. Мне хацелася быць побач з ёю, атрымліваць ад яе парады, падоўгу слухаць аповеды пра жыццё. Прафесіі выхавальніка Іна Сцяпанаўна прысвяціла 30 гадоў, работа заўсёды прыносіла толькі радасць. Яна была вельмі добрым выхавальнікам, яе паважалі і дзеці, і бацькі, і калегі. Перад выхадам на заслужаны адпачынак Іна Сцяпанаўна арганізавала ў садку міні-музей “Беларуская хатка”, музей хлеба, дзе ўсе экспанаты былі выраблены сваімі рукамі.

З дзяцінства Іна Сцяпанаўна любіць шыць, вязаць, а калі развіталася са сваёй работай, то гэта стала яе захапленнем. Дзядуля навучыў яе ручной рабоце, любоў да якой засталася на ўсё жыццё. Для свайго рукадзелля яна выкарыстоўвае розныя падручныя матэрыялы і толькі натуральныя: лён, бяросту, мешкавіну і інш. Сваімі рукамі стварае прыгожыя сувеніры, дамавікі, тапіярыі, абярэгі, аздобленыя бутэлькі, але перавагу аддае лялькам.

Іна Сцяпанаўна расказвае, што без лялькі ў старажытныя часы не абыходзілася ні адно свята. Адна з вядомых — гэта лялька-мотанка, зробленая з тканіны. Лялькі рабіліся амаль на ўсе выпадкі жыцця, шмат з іх былі абярэгамі жылля. Гэта “Берагіня дома”, “Скарбонка-траўніца”, “Шчаслівіца”, “На здароўе”, “Зернавушка”, “Званочак” і многія іншыя. Лялька-крупянічка “Багач”, набітая зернем або крупамі, была прызначана прынесці добры ўраджай, дабрабыт і дастатак. Лялька “Дзесяціручка” дапамагала дзяўчыне або маладзіцы ў гаспадарцы. Такую ляльку часта дарылі на вяселле, каб жанчына ўсё паспявала і ўсё ў яе ладзілася. Лялькі “Дзеўка-баба”, “Міравое дрэва”, “Падарожніцы”, “Манька-Ванька” — усё гэта абярэгі жаночай долі.

Пра лялькі і сваё захапленне Іна Сцяпанаўна можа бясконца расказваць і паказваць. Яна прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах: днях пасёлка, Дажынках, выставах народных майстроў, выступае перад наведвальнікамі Любчанскага замка.

Іна Сцяпанаўна — сапраўдная гаспадыня, працавітая, любіць ствараць прыгажосць. А яшчэ гэта добрая жонка, клапатлівая матуля, ласкавая бабуля, а таксама добразычлівая сяброўка.

Ганна ШМЫК,
выхавальнік Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.