Хачу расказаць гісторыю самага папулярнага ў свеце салата “Цэзар”, які хутка адзначыць стагоддзе з дня з’яўлення, і прадставіць арыгінальны варыянт яго падачы.
Гэты салат не мае нічога агульнага з рымскім імператарам Гаем Юліем Цэзарам, назва яго тычыцца іншага Цэзара — Цэзара Кардзіні, амерыканца італьянскага паходжання. Ён трымаў невялікі рэстаранчык і назваў яго сваім імем — Caesar’s Place.
З’яўленне салата адбылося выпадкова: 4 ліпеня 1924 года рэстаран Кардзіні быў запоўнены і ў яго амаль скончыліся прадукты, таму прыйшлося пайсці на кулінарны экспромт, каб накарміць гасцей.
Што ж зрабіў кулінар? Ён змазаў сервіровачную талерку часнаком і паклаў на яе тыя прадукты, якія былі на кухні: цэлыя лісты салаты рамана, нацёрты пармезан і пшанічныя крутоны. А дадаў да ўсяго арыгінальную заправу з яечных жаўткоў, лімоннага соку, вустэрскага соусу і духмяных траў. Заўважце: у першапачатковым рэцэпце не было ні звыклай нам курыцы, ні таматаў чэры.
На Новы год мы з дзецьмі вырашылі згатаваць сваю версію “Цэзара”. Спадзяюся, што гэты рэцэпт спадабаецца чытачам. У сваю версію салата я паклала вэнджаную курыную грудку, дадала лімон кубікамі, а ў якасці ўпрыгажэння ўзяла зялёны гарошак і чорны вінаград. Трэба заўважыць, што лімон, нарэзаны дробнымі кубікамі, дае прыемную кіслату, а вінаград, які выступае ў якасці ўпрыгажэння, з’ядаецца дзецьмі ў першую чаргу.
Нам спатрэбіцца: 200 г вэнджанай курынай грудкі; 200 г белага хлеба; 200 г сыру высокай тлустасці (45—50% — у мяне быў “Галандскі”); 1 пучок зялёнай салаты; 1/4 частка сярэдняга лімона; 2—3 зубкі часнаку; 100 г маянэзу (прапаную набыць “Аліўкавы”, “З перапяліных яйкаў” або класічны “Правансаль” высокай тлустасці); 50 г зялёнага гарошку і каля 10 чорных вінаградзін для ўпрыгожвання.
Гатаванне. Курыную грудку парэзаць невялікімі кубікамі. Сыр надзерці на дробнай тарцы. Часнок ачысціць і здрабніць або прапусціць праз часночніцу. Лімон дробна парэзаць. Салату вымыць і не вельмі дробна нарваць. Белы хлеб нарэзаць невялікімі кубікамі і падсушыць на сухой патэльні.
Змяшаць курыцу, салату, частку сыру (частку пакінуць для ўпрыгожвання), лімон, часнок, сухарыкі, заправіць маянэзам. Вылажыць у форму. Пакінуць на нейкі час, потым перавярнуць салат на шырокую плоскую талерку, зверху пасыпаць сырам. Знізу, па перыметры, упрыгожыць гарошкам, а наверсе, пасярэдзіне, выкласці малюнак з чорнага вінаграду на свой густ.
Смачна есці!
Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы № 10 Брэста.
Фота аўтара.