Цудоўная ліяна

Калі б праводзіўся конкурс прыгажосці сярод дэкаратыўных шматгадовых ліян, павойны бружмель быў бы ў ліку першых. Ён упрыгожвае сад у любую пару года, а асабліва прывабны ён у час цвіцення, калі спрэс пакрыты падоўжанымі кветкамі ў эфектных суквеццях на канцах парасткаў.

Кожны бружмель мае свае асаблівасці, якія трэба ўлічваць пры яго вырошчванні. Але ўсе віды сонцалюбівыя, даволі патрабавальныя да пажыўнасці і вільготнасці глебы, наяўнасці дрэнажу.
Найбольш падыходзячы субстрат — сярэдні і лёгкі суглінак з даволі высокім утрыманнем гумусу. Такую глебасумесь можна прыгатаваць самім, змяшаўшы дзірваністую зямлю, перагной і пясок у прапорцыі 2:2:1. Пасадачнае месца варта акультурыць на глыбіню 0,6 м і на такую ж шырыню. У кожную яму дабаўляюць поўнае комплекснае мінеральнае ўгнаенне (да 60—80 г).Кіслыя глебы абавязкова вапнуюць, каб склад глебы стаў слабашчолачным.
Дзякуючы даволі кампактнай каранёвай сістэме, бружмель добра пераносіць перасадку. Ён вельмі чуйны да высушвання землянога кома. Таму пры спякотным надвор’і трэба паліваць куст і арашаць крону.
Бружмель добра рэагуе на падкормкі. Ранняй вясной уносяць мінеральнае ўгнаенне ў колькасці 20—30 г на куст.
Увосень пад перакопку дабаўляюць перагной або кампост. Нядрэнна чаргаваць прамое ўнясенне арганікі з восеньскім мульчыраваннем апалым лісцем лясных дрэў. Гэта палепшыць аэрацыю, зробіць больш цёплай прыкаранёвую зону, актывізуе дзейнасць дажджавых чарвякоў. Да вясны лісце перагнівае, і яго змешваюць з глебай.Абрэзку бружмелю праводзяць ранняй вясной паступова, не робячы яе адразу радыкальна. Фарміруючая стрыжка дапускаецца ў любы час года.
Бружмель капрыфоль вельмі прывабны дзякуючы сваім белым, крэмавым, чырванаватым кветкам. Яны з’яўляюцца ў пачатку лета, маюць чароўны пах. Цвіценне працягваецца каля трох тыдняў. Існуе некалькі відаў капрыфолю.
Бружмель Гекрата гібрыднага паходжання. У нашых умовах расце ў выглядзе моцна павойнага куста з даволі тонкімі да 4 м у даўжыню плецямі. Лісце падоўжанае, эліптычнае, цёмна-зялёнае, знізу шызаватае. Кветкі даўжынёй да 4—5 см, трубчастыя, унутры жаўтаватыя, звонку ярка-пурпурныя. Цвіценне працяглае, практычна ўсё лета. Бывае, што ў халодныя зімы падмярзае, але потым узнаўляецца.Бружмель павойны, або нямецкі. Мае форму ліянападобнага куста даўжынёй да 5 м. Лісце яйкападобнай формы, даўжынёй да 6 см, зверху зялёнае, знізу блакітнаватае. Кветкі ўнутры жоўтыя, звонку чырвоныя. Мае даволі прыгожыя плады чырвонага колеру. Не патрабуе зняцця з апоры, амаль не падмярзае.
Бружмель Браўн — гэта новы гібрыд, слабапавойны, да 2 м у даўжыню. Лісце яйкападобнае, з прыемным зялёным колерам. Частка лісця не ападае на зіму. Цвіценне бывае як увесну, так і ўвосень. Гэты гібрыд, пасаджаны асобна, вырастае ў невялікі куст вышынёй не больш за 1 м.
Бружмель жоўты ва ўмовах сярэдняй паласы мае ярка-жоўтыя суквецці і эліптычнае лісце да 9 см у даўжыню. Цвіце не вельмі пышна, але мае высокую дэкаратыўнасць. Даволі ўстойлівы да хвароб.
Некаторыя віды бружмелю без стрыжкі ператвараюцца ў глебапокрыўныя расліны, здольныя ўпрыгожыць гарызантальныя паверхні.

Ала ШАЎЦОВА.