Сёння ў Беларусі налічваецца 240 тысяч хворых на цукровы дыябет, прычым у 222 тысяч з іх — дыябет другога тыпу. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню барацьбы з дыябетам (14 лістапада), журналістам паведаміла пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ала Пятроўна Шапялькевіч. Паводле яе слоў, галоўнай праблемай ва ўсім свеце з’яўляецца амаладжэнне гэтага захворвання: цукровы дыябет другога тыпу выяўляецца нават у дзяцей.
Цукровы дыябет — гэта захворванне эндакрыннай сістэмы, якое ўзнікае з-за недахопу інсуліну і характарызуецца парушэннем абмену рэчываў, у прыватнасці, абмену вугляводаў. Пры цукровым дыябеце падстраўнікавая залоза губляе здольнасць сакрэтаваць неабходную колькасць інсуліну альбо выпрацоўваць інсулін патрэбнай якасці.
Стратэгія Міністэрства аховы здароўя Беларусі накіравана на інфармаванне насельніцтва з мэтай прафілактыкі цукровага дыябету, а таксама на выяўленне захворвання на ранняй стадыі.
— Менавіта такая палітыка дазваляе эфектыўна дыягнаставаць захворванне і папярэдзіць узнікненне цяжкіх наступстваў, да якіх адносяцца страта зроку, развіццё хранічнай нырачнай недастатковасці, ампутацыі. Дарэчы, штогод у свеце праводзіцца мільён ампутацый, прычынай якіх з’яўляецца цукровы дыябет, — адзначыла пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Сярод асноўных фактараў, якія спрыяюць з’яўленню цукровага дыябету, — спадчынная схільнасць, атлусценне, гіпадынамія. Сярод фактараў рызыкі і ўзрост: чым чалавек старэй (старэй 45 — 50 гадоў), тым больш у яго падстаў асцерагацца цукровага дыябету.
У залежнасці ад прычын павышэння глюкозы ў крыві, цукровы дыябет дзеліцца на дзве групы: цукровы дыябет першага тыпу і цукровы дыябет другога тыпу.
Цукровы дыябет першага тыпу — інсуліназалежны. Ён звязаны з паражэннем падстраўнікавай залозы, абсалютнай недастатковасцю ўласнага інсуліну і патрабуе ўвядзення інсуліну. Цукровы дыябет першага тыпу ўзнікае, як правіла, у маладым узросце (ад гэтай формы дыябету пакутуюць у асноўным маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў).
Другі тып дыябету — інсулінанезалежны, узнікае ў сувязі з адноснай недастатковасцю інсуліну. На першых этапах хваробы ўвядзенне інсуліну, як правіла, не патрабуецца. Цукровы дыябет другога тыпу — гэта хвароба сталага ўзросту (ад яго ў асноўным пакутуюць пажылыя людзі). У такіх хворых інсулін выпрацоўваецца, і, прытрымліваючыся дыеты, актыўнага ладу жыцця, гэтыя людзі могуць дасягнуць таго, што даволі працяглы час узровень цукру будзе адпавядаць норме, а ўскладненняў атрымаецца пазбегнуць.
Існуе комплекс сімптомаў, характэрных для цукровага дыябету абодвух тыпаў: частае мочаспусканне і пачуццё неспатольнай смагі; хуткая страта вагі, часта пры добрым апетыце; адчуванне слабасці ці стомленасці; хуткая стамляльнасць; няяснасць зроку (“белая заслона” перад вачыма), зніжэнне палавой актыўнасці, патэнцыі; аняменне і паколванне ў канечнасцях; адчуванне цяжару ў нагах; галавакружэнне; зацяжное цячэнне інфекцыйных захворванняў; павольнае гаенне ран; падзенне тэмпературы цела ніжэй нормы; сутаргі ікраножных мышцаў.
Для пачатку цукровага дыябету першага тыпу характэрна хуткае пагаршэнне самаадчування і больш выяўленыя сімптомы абязводжвання арганізма. Такія хворыя маюць патрэбу ў тэрміновым назначэнні прэпаратаў інсуліну. Без адпаведнага лячэння можа ўзнікнуць пагражальны жыццю стан — дыябетычная кома. Што тычыцца дыябету другога тыпу, то амаль ва ўсіх выпадках зніжэнне вагі і значная фізічная нагрузка дазваляюць прадухіліць развіццё дыябету і нармалізаваць узровень цукру ў крыві.
Дакладна вядома, што дыябетам нельга заразіцца, як заражаюцца грыпам або туберкулёзам. Дыябет справядліва адносяць да хвароб цывілізацыі, гэта значыць, прычынай дыябету ў большасці выпадкаў з’яўляецца залішняя, багатая лёгказасваяльнымі вугляводамі “цывілізаваная” ежа.
Нягледзячы на ўсе намаганні арганізацый аховы здароўя і нацыянальныя праграмы па барацьбе з гэтым захворваннем, якія прымаюцца ў многіх краінах свету, колькасць пацыентаў з такім дыягназам пастаянна расце. Захворванне на дыябет павялічваецца не толькі ў межах узроставай групы старэй 40 гадоў, сярод хворых аказваецца ўсё больш дзяцей і падлеткаў.
Штогод 14 лістапада ва ўсім свеце праходзіць Сусветны дзень барацьбы з дыябетам. Дата 14 лістапада была выбрана ў сувязі з тым, што ў гэты дзень нарадзіўся Фрэдэрык Банцінг, які разам з Чарльзам Бэстам у 1921 годзе адкрыў магчымасць выкарыстання інсуліну ў лячэнні цукровага дыябету. Упершыню правядзенне Сусветнага дня барацьбы з дыябетам было арганізавана ў 1991 годзе сумеснымі намаганнямі Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. З тых часоў колькасць краін, у якіх праходзіць гэтая акцыя, бесперапынна расце і ў апошнія гады налічвае больш за 130. Беларусь стала афіцыйным членам Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі ў 2003 годзе. Мэта правядзення Сусветнага дня барацьбы з дыябетам — павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва аб праблемах дыябету і звязаных з ім ускладненнях.
Паводле даных Міжнароднай федэрацыі дыябету, дваццаць гадоў назад колькасць людзей з дыягназам “цукровы дыябет” ва ўсім свеце не перавышала 30 мільёнаў. Сёння колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам складае 370 мільёнаў, а да 2025 года іх колькасць павялічыцца да 550 мільёнаў.
У пацыентаў з цукровым дыябетам агульная смяротнасць павышаецца ў 2-3 разы, рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца і інфаркту міякарда ў 2 разы, паталогіі нырак у 17 разоў, гангрэны ніжніх канечнасцей у 20 разоў, артэрыяльнай гіпертэнзіі больш чым у 3 разы, вядучай прычынай слепаты ў свеце таксама з’яўляецца дыябет.
— Кома, хранічная нырачная недастатковасць і гангрэна — вось прычыны, з якімі ў нас у рэспубліцы звязваюць смяротнасць ад дыябету. У 2012 годзе ў выніку хранічнай нырачнай недастатковасці памерлі 82 пацыенты, гангрэны — 39, комы — 5 пацыентаў, — паведаміла Ала Пятроўна Шапялькевіч.
Як адзначаюць медыкі, добрасумленнае выкананне пацыентам усіх рэкамендацый урача і строгі самакантроль — залог паспяховага лячэння цукровага дыябету і ў той жа час прафілактыка яго ранніх ускладненняў. Калі б такі самакантроль чалавек ажыццяўляў яшчэ будучы здаровым, сумнага дыягназу, магчыма, можна было б і пазбегнуць.
Марына ДЗМІТРЫЕВА.