У дзіцяці траўміраваны зуб. Што рабіць?

Радасць першых крокаў або першых спартыўных дасягненняў нярэдка азмрочваецца і першымі падзеннямі з сінякамі і ўдарамі. Здараюцца і больш цяжкія траўмы. Да іх можна аднесці такія траўмы сківічна-тварнай вобласці, як удары, вывіхі і пераломы зубоў. Часта гэта вельмі балючыя і непрыемныя выпадкі. Але бацькі і педагогі павінны ведаць: пры своечасовым звароце да спецыялістаў траўміраваныя зубы можна выратаваць.

Пік траўм зубоў прыпадае на ўзрост ад года да трох і 7—10 гадоў. 40—60% усіх траўм адбываецца дома.
Прычынай траўм пастаянных зубоў часцей за ўсё становіцца павышаная гульнявая актыўнасць дзіцяці, катанне на веласіпедзе, роліках, каньках, скейтбордзе, заняткі рознымі гульнявымі відамі спорту (хакей, футбол) і адзінаборствамі без адпаведных сродкаў абароны. Шмат выпадкаў траўматызму адбываецца з-за агрэсіўных паводзін дзяцей у школе (канфлікты з бойкамі). У аўтамабільных аварыях траўма зубоў адбываецца з-за рэзкага тармажэння, у выпадку дрэннага мацавання аўтамабільнага крэсла.
У хлопчыкаў траўма зубоў сустракаецца ў 1,5—2 разы часцей, чым у дзяўчынак. Часцей за ўсё траўміруюцца разцы. А калі ў дзіцяці ёсць анамалія прыкусу (адкрыты — калі няма кантакту ў пярэднім аддзеле сківіц паміж разцамі, або прагнатычны — ніжняя сківіца знаходзіцца далёка ззаду ад верхняй), то рызыка траўмы зубоў пры падзенні ўзрастае ў некалькі разоў.

Як захаваць выбіты пастаянны зуб для рэплантацыі:
* Трэба як мага хутчэй даставіць дзіця і выбіты зуб да спецыяліста.
* Зуб павінен быць прамыты: прамываючы зуб, яго трэба трымаць за каронку, падыдзе халодная водаправодная вада (лепш — фізіялагічны раствор). Ні ў якім выпадку нельга церці або скрэбці зуб і не выкарыстоўваць ніякія іншыя растворы для прамывання.
* Пры транспарціроўцы зуб павінен знаходзіцца ў вільготным асяроддзі: у слоічку з фізіялагічным растворам або малаком, таксама можна пакласці ў поласць рота, за ніжнюю губу (бацькоў або самога дзіцяці). У крайнім выпадку можна змясціць зуб у вільготны бінт, ручнік або поліэтыленавы пакет.
* Ідэальна трапіць да доктара на працягу дзвюх гадзін пасля поўнага вывіху. Чым раней, тым больш шансаў, што рэплантацыя будзе паспяховай.

Якой жа бывае траўма зубоў? Перш за ўсё, гэта ўдар — самы лёгкі від траўмы, і ён заўсёды суправаджае больш цяжкія пашкоджанні. Удар — пашкоджанне зуба і яго фіксуючага апарата без зрушэння. Дзіця можа скардзіцца на невялікі боль у вобласці выцятага месца, асабліва пры прыёме ежы. Часта можна заўважыць пашкоджанне тканак, якія акружаюць зуб: ацёк, пачырваненне дзясны, прыпухласць губы. Удары часта суправаджаюць вывіхі зубоў, якія бываюць поўнымі (калі зуб выпадае з лункі) і няпоўнымі (зуб мяняе сваё становішча). Ва ўсіх гэтых выпадках трэба тэрмінова звярнуцца да стаматолага па неадкладную дапамогу.
Пры ўдарах неабходна забяспечыць спакой для пашкоджанага зуба. У такіх выпадках назначаюць лёгкую дыету (выключана адкусванне ежы, назначана працёртае і пюрэпадобнае харчаванне ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў).
Калі адбываецца траўма пастаянных разцоў, то для добрага выніку вельмі важна як мага хутчэй звярнуцца да дзіцячага ўрача-стаматолага.

У тых выпадках, калі дзіця пасля траўмы стала млявым, у яго была рвота або страта прытомнасці, трэба неадкладна звярнуцца ў стацыянар або выклікаць “хуткую”.

Пры няпоўным вывіху, пры своечасовым звароце, пад анестэзіяй зубу вернуць яго звычайнае становішча ў зубным радзе і зашыніруюць (гэта значыць звяжуць з суседнімі зубамі спецыяльнай канструкцыяй). Пры поўным вывіху пастаяннага разца таксама ёсць магчымасць вярнуць яго назад на месца (рэплантацыя).
Часта вынікам траўмы зубоў становіцца пералом (адломванне, сколванне) каронкі зуба. Калі ён не ўскладнены раскрыццём поласці зуба (пашкоджаннем сасудзіста-нервовага пучка-пульпы зуба), то лечыцца пералом даволі проста: пакрыццём фторзмяшчальным лакам або сашліфоўваннем — пры невялікіх сколах.
Рэстаўрацыю зуба выкарыстоўваюць пры значных пашкоджаннях. Адбіты кавалачак каронкі зуба ўрач можа прыклеіць назад (актуальна толькі для пастаянных зубоў). У выпадку раскрыцця поласці зуба лячэнне больш складанае, але і яно можа быць паспяховым пры своечасовым звароце да спецыяліста.

Наталля КАВАЛЬЧУК,
кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту БДМУ.