У свеце малінавых рамонкаў, драконавых дрэў і дзіцячых успамінаў

У данастаўніцкім жыцці Наталля Фёдараўна Богуш займалася цікавай і важнай справай: працавала ў лабараторыі іонаабменных матэрыялаў пры Акадэміі навук БССР.

Дарэчы, іонаабменныя фільтры можна выкарыстоўваць для ачысткі паветра і вады ад хімічных, бактэрыялагічных і механічных забруджванняў. Напрыклад, фільтры для ачысткі вады на касмічных станцыях, распрацаваныя ў гэтай лабараторыі, лёталі ў космасе. Аказваецца, на кожнага члена экіпажа для гігіенічных мэт на касмічнай станцыі маецца толькі па 6 літраў вады. Таму яе трэба чысціць і выкарыстоўваць шматразова. Гэтая задача і была вырашана пры дапамозе фільтраў.
У 90-я гады ў Наталлі нарадзіліся дачка Віка і сын Саша. З часам Наталля Фёдараўна захацела набыць педагагічную прафесію. Адвучыўшыся, стала настаўніцай хіміі ў зусім свядомым узросце — у трыццаць сем гадоў. Быць педагогам у Наталлі Богуш атрымліваецца цудоўна, і ёй падабаецца гэтая работа. Зараз наша госця працуе ў прыватнай установе адукацыі — у дзіцячым садзе — сярэдняй школе “Эка-Эл” настаўніцай хіміі.
Наталля Фёдараўна і ў педагогіцы, і ў хобі ўсё робіць з душой. Любіць сваіх навучэнцаў, дапамагае ім вучыцца, развівацца, цэніць іх творчы падыход і нестандартныя рашэнні ва ўсім, нават у вынаходстве шпаргалак. “Вядома, я не ўхваляю выкарыстанне шпаргалак, забіраю, калі ўбачу, але і не сваруся, не караю дзяцей за іх выраб. Аднойчы я была ў захапленні ад вынаходства вучаніцы, якая напісала формулы, неабходныя для кантрольнай работы, на адваротным баку этыкеткі ад бутэлькі кока-колы! Дзяўчынка адклеіла этыкетку, напісала на ёй інфармацыю, якая цяжка запамінаецца, прыклеіла назад на бутэльку, у якой узровень напітку даходзіў да этыкеткі, і спакойна падглядала ў свае запісы — бутэлька ж празрыстая. Мне звонку відаць стандартная інфармацыя на этыкетцы, а вучаніцы — нестандартная”, — усміхаецца Наталля Богуш. Наталля Фёдараўна лічыць, што настаўнік павінен быць гібкім, дабрадушным чалавекам, атрымліваць ад работы задавальненне. “Дзеці не аб’ект для самасцвярджэння, а людзі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і безумоўным прыняцці”, — упэўнена наша суразмоўніца.
У Наталлі Фёдараўны ёсць дача, участак каля дома і зімовы сад у доме. Менавіта аб гэтай справе для душы мы пагаворым з нашай гераіняй.
— Люблю вырошчваць кветкі, рэдкія і экзатычныя расліны, дрэвы, — прызнаецца Наталля. — Асабліва падабаецца “прыручаць” тое, што ў нашым клімаце цяжка прыжываецца. Прывезла з Грэцыі вінаград і аліўкі. Абедзве культуры вырасціла з костачак. Вінаград прыжыўся, а аліўкі — не. Мая “раслінная” сям’я паступова папаўнялася, і цяпер у садзе ёсць інжыр, кізіл, персікавае і абрыкосавае дрэвы, шаўкоўніца.
— Паспрабуйце ягады з шаўкоўніцы! Смачныя! — частуе мяне гаспадыня. — А ці ведаеце вы, што шаўкоўніца — тутавае дрэва? На ім пасяляюць вусеняў шаўкапрада, якія з’ядаюць усё на гэтым дрэве і акукліваюцца. Потым, пасля награвання кукалак, спецыялісты размотваюць ніці кокана, якія ўласна і з’яўляюцца шаўковымі. У маіх бабулі і дзядулі ў вёсцы Леніндар, што ў Гомельскай вобласці, і ў маіх родных расла шаўкоўніца. Гэта дрэва майго дзяцінства, таму я яго знайшла і пасадзіла ў сваім садзе як памяць пра былыя часы і шчаслівае дзяцінства. Мяркую, што час, праведзены ў вёсцы з бабуляй Феафаніяй Піліпаўнай і дзядулем Якавам Міхайлавічам, дазволіў мне адчуць радасць ад таго, што пасаджанае табой вырастае, дае плады. Дзядуля браў мяне на работу ў калгасны сад, трапаць лён, палоць, працаваць на элеватары са збожжам. Помню, як купалася ў зерні і, вярнуўшыся дадому, знаходзіла яго ў кішэнях. Пасля працоўнага дня дзядуля нам, чатыром унукам, расказваў казкі пра пчолку, пра казу-дзеразу і зайца. У асноўным з намі, канечне, займалася бабуля. Зранку мы заўсёды знаходзілі снеданне на стале пад сурвэткай. Самая любімая мая ежа ў вёсцы — пампушкі.
У вёсцы захоўваліся традыцыі народных свят. На Івана Купалу, помню, як скакалі праз вогнішча, як русалак (пераапранутых аднавяскоўцаў) вялі па вёсцы і заводзілі ў жыта, каб быў ураджай. Хтосьці ішоў у лес на пошукі папараць-кветкі. Прыязджала ў вёску я і зімой. На Тройцу падвешвалі на дрэва вялікія арэлі. Лаўка была разлічана на 6 чалавек. Разгойдвалі нас так высока, што і страшнавата было, як кажуць, дух займала. Азіраючыся ў дзяцінства, разумею, што захапленне дачай і садам у мяне натуральнае.
Увесь стандартны набор дачных раслін у мяне ёсць: яблыні, грушы, слівы, маліна, ажына, парэчкі. Даглядаю на дачы і дэкаратыўныя кусты: серабрысты лох, спірэю, вегелу, барбарыс, біручыну, бружмель, лімоннік, актынідыю. Вядома, шмат у мяне кветак: ружы, касачы, цюльпаны, нарцысы, рудбекіі, дэльфініум, гартэнзія, эхінацыя, рамонкі блакітныя, ружовыя, малінавыя, белыя. Мянецца аблічча кветніка ў залежнасці ад пары года. Любімы сезон — вясна. Расцвітаюць перад домам крокусы, гіяцынты, падснежнікі (культурныя), званочкі. Расце ў маім агародзе некалькі гатункаў вінаграду. Акрамя вядомага многім беларускім дачнікам сорту “Ізабэла”, вырошчваю таксама сарты “Мінскі ружовы” і зялёны вінаград. Цікавая для мяне і карысная для ўсёй сям’і лекавая градка. На ёй растуць дзівасіл, зверабой, чабрэц, дуброўка белая, ісоп, бальзамічны рамонак, глог, лаванда, розныя гатункі мяты. Калі трэба, выкарыстоўваю гэтыя расліны для лячэння родных. Глог і бальзамічны рамонак добрыя для сэрца, чабрэц і падбел карысныя ад кашлю, корань дзівасілу для суставаў добры, шыпшына вітамінізуе, лімоннік надае бадзёрасці і энергіі.
Родныя ўхваляюць і падтрымліваюць маё захапленне, калі трэба — дапамагаюць, дораць падарункі, карысныя для маёй справы па душы. Асаблівы памочнік у сельскай гаспадарцы — наш сабака Джэры. Часта здараецца, што пасаджаныя цыбуліны кветак ён хутка знаходзіць і выкопвае! Аднойчы пасадзіла ў ямку, ім выкапаную ў садзе, кветку. Дык цяпер Джэры лічыць, што мае права на сваё бачанне і часта капае ямы ў кветніку. Джэры — сабака з яркім характарам. Ён дабрак і хвалько, дамскі ўгоднік і змагар, паляўнічы і граза катоў, жаб і кратоў.
— Наталля, а як у вас з’явіўся зімовы сад?
— На зямлі можна працаваць толькі частку сезона, а хочацца знаходзіцца сярод зялёных раслін круглы год. Вось і з’явіўся зімовы сад у доме. Пачаўся ён з падораных удзячнымі вучнямі кветак. Цяпер сама папаўняю пакаёвую калекцыю. У дамашнім садзе добра сябе адчуваюць алоэ, фікусы, фіялкі, дыфенбахія, малачай, пакаёвыя ружы, міртавае дрэва, венерыны валасы і нават пальма. Ёсць у мяне і асаблівая расліна ў доме — гэта драцэна, якая яшчэ называецца драконавым дрэвам. Родам яна з Канарскіх астравоў.
— Наталля Фёдараўна, што асаблівае адчувае чалавек, захоплены раслінамі, садам, агародам?
— Прастора з раслінамі навокал дапамагае здымаць непазбежныя ў жыцці кожнага чалавека стрэсы. Яна дазваляе знайсці сябе іншую, гарманізавацца, дапамагае жыць. Свет раслін для мяне ўсё роўна што іншае вымярэнне, з якога можна вярнуцца іншым чалавекам. Вось вам прыклад: іду на дачу па пасёлку — сабакі на мяне брэшуць, на зваротным шляху — маўчаць. Значыць, адпачыла, выпраменьваю пазітыўную энергію. Адчуваю такую заканамернасць: калі даглядаеш расліны і любіш іх, то яны цябе таксама падтрымліваюць. Назіранні пераконваюць, што, калі расліну аблаяць або змяніць ёй гаспадара, яна можа загінуць.
Я, напэўна, як і ўсе садаводы-аматары, перажыла сваю эвалюцыю захаплення. Спачатку хацела мець усе магчымыя кветкі, у тым ліку і вельмі складаныя ў доглядзе, а потым прыйшла да высновы, што прырода мудрая і варта прыслухоўвацца і прыглядацца да яе, выяўляць заканамернасці. А гэта значыць, што ўсё, што жадаеш, не пасадзіш, складанасці ў доглядзе магчымыя да пэўнай мяжы. Праца на дачы, у садзе і агародзе — гэта асаблівы спосаб упарадкавання прасторы, выяўленне ўласнай індывідуальнасці, сутворчасць з прыродай.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.