У свеце настаўніцкіх захапленняў

Як ляціць час, калегі! Вось ужо і першая чвэрць скончылася — наперадзе канікулы. Многія з нас чакаюць іх з нецярпеннем, таму што менавіта на канікулах ёсць магчымасць удзяліць час сваім захапленням. Мне заўсёды здавалася, што настаўнік настолькі заняты, што ў яго проста няма ні сіл, ні часу на хобі. Аказваецца, я памылялася. У свабодны ад рабочых будняў час настаўнік імкнецца адпачыць, і — як гэта часта бывае ў актыўных асоб — гэты адпачынак заключаецца ў змене віду дзейнасці. Хобі дапамагае зняць напружанне, расслабіцца, атрымаць новыя эмоцыі, свежыя ўражанні або падтрымаць у тонусе арганізм. Чым жа захоплены педагогі? Дзялюся з вамі адкрыццямі, якія зрабіла ў нашым калектыве. Можа, і сабе прыгледзіце справу па душы і спосаб расслабіцца?

Людміла Іванаўна Кудраўцава — выкладчык музычных тэарэтычных дысцыплін, многа гадоў кіруе хорам хлопчыкаў гімназіі. Але калі ў гэтым годзе яна прынесла на калядны конкурс сваіх самаробных лялек, мы проста ахнулі: такія яны былі сімпатычныя, акуратныя. Пад захопленыя воклічы калег Людміла Іванаўна сціпла прызналася: “А яшчэ я вяжу і крыжыкам вышываю…” Разглядаючы фота кватэры, дзе жыве настаўніца, здзіўляюся, як усё прыгожа, стыльна, з якім густам і любоўю створаны інтэр’ер! І колькі працы і сэрца ўклала ў гэта Людміла Іванаўна! А пачалося ўсё з сурвэткі, якую звязала сяброўка і калега настаўніцы. Узор так спадабаўся, што Людміла Іванаўна вырашыла паспрабаваць паўтарыць такі цуд. Канечне ж, першы блін аказаўся камяком, але з часам з’явіўся вопыт і вырабы пачалі выглядаць лепш. Потым настаўніца музыкі авалодала і іншымі відамі рукадзелля (вышыўка, выраб лялек у розных тэхніках), але, па прызнанні майстрыхі, вязанне кручком застаецца любімым заняткам. Ідэі для стварэння лялек, вязаных рэчаў часцей за ўсё прыходзяць са святочным настроем. Вельмі натхняюць рукадзельніцу Новы год і Нараджэнне Хрыстова. Жаданне ўпрыгожыць ёлку незвычайнымі цацкамі прывяло да стварэння цэлай “снежнай кампаніі”. Так, да кубікаў у бліскучай паперы, сэрцайкаў з рэштак парчы, вязаных сняжынак і шароў дабавіліся Дзед Мароз са Снягуркай, а потым і атрад Снегавікоў (о, вялікі натхняльнік інтэрнэт!). Сын-старшакласнік, на дзіва, цалкам камфортна адчувае сябе ў рэтраінтэр’еры: “Гэта крута! Ні ў кога з маіх сяброў такога няма!” — гаворыць Данііл. А Людміла Іванаўна раіць заняткі рукадзеллем усім, хто любіць карпатлівую работу: гэта супакойвае нервы, а прыгажосць гатовых вырабаў дорыць масу станоўчых эмоцый і майстру, і гледачам.20151208_224705-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 20150828_130710-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 20151209_114224-copy-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 Для аматараў актыўнага адпачынку будзе цікавы прыклад нашага педагога тэатральных дысцыплін і рэжысёра Веры Аляксандраўны Патаповіч. Гледзячы на яе, такую кволую і вытанчаную, менш за ўсё ўяўляецца неўладкаваны побыт дзе-небудзь ля халоднага ляснога возера, цяжкі заплечнік або шматкіламетровая веласіпедная паездка па гістарычных мясцінах. А аказваецца, турызм — адно з захапленняў “нашай Верачкі” (так ласкава называюць яе калегі). А яшчэ танцы, а яшчэ творчая кулінарыя… Вам ужо цікава, як суіснуюць гэтыя розныя захапленні ў жыцці аднаго чалавека? Вера Аляксандраўна прызнаецца, што турызм для яе — гэта спосаб “перазагрузкі галавы”. Самыя яркія ўспаміны захаваліся пра першы паўнацэнны паход па рэках Кутсаёкі і Тумча ў Карэліі. Было вельмі цяжка фізічна: праходзілі дзесяцідзённы маршрут за 4 дні.

Было цяжка і псіхалагічна: тады яшчэ студэнтка ўніверсітэта культуры Вера Аляксандраўна ніколі дагэтуль не трымала ў руках вясло і слова “парог” заўсёды ішло ў звязцы з “дзвярамі”, а не з патокам бурлівай вады. “Так холадна і мокра мне не было ніколі ні да, ні пасля!” — успамінае Вера Аляксандраўна. Але з той пары яна ўпэўнена, што яднанне з прыродай, нягледзячы на каласальную фізічную стомленасць, лепшы адпачынак у жыцці! Гэта цудоўны спосаб адпачыць эмацыянальна. Калі застаешся далёка ад звычайных выгод, разумееш, што многія з праблем, якія засталіся дома, зусім не праблемы, што чалавеку на самай справе трэба для шчасця зусім нямнога. У горадзе звычайна вельмі многа мітусні, за якой паступова перастаеш бачыць галоўнае. У жыцці Веры Аляксандраўны захапленне рамантыкай падарожжаў з дзяцінства: кола зносін бацькоў адыграла сваю ролю. Своеасаблівым гуру ў турызме для Веры Аляксандраўны стаў Васіль Аляксеевіч Казак. Ён прафесійны спартсмен, інструктар найвышэйшага класа, займаецца водным і горным турызмам. На ўсёй постсавецкай прасторы такіх спецыялістаў адзінкі. Дарэчы, у Барысаве ён стварыў базу “КаЯк”, і сёння яна адна з найлепшых па падрыхтоўцы воднікаў у Мінскай вобласці. Па словах Веры Аляксандраўны, гэта Сапраўдны Чалавек з каласальным унутраным стрыжнем, моцны духам, неверагодна добры і душэўны.

Тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў якасці турыста, Вера Аляксандраўна раіць: для добрага паходу патрэбна добрая кампанія і якасны абутак. Нехта з бывалых турыстаў аднойчы сказаў, што горы ўсюды аднолькавыя, самае галоўнае — гэта людзі, з якімі ты туды ходзіш. А яшчэ будучым турыстам трэба запомніць адно з галоўных правіл “паходнага этыкету”: “у гарах не просяць — у гарах прапаноўваюць”. Не чакайце, што хтосьці штосьці за вас зробіць, навучыцеся заўважаць, што турбуе людзей вакол вас і дапамагаць без просьбаў.Самае незвычайнае, што цяжкія паходныя нагрузкі Вера Аляксандраўна ўмудраецца спалучаць з чароўна прыгожымі ўсходнімі танцамі. Гэтае захапленне таксама родам з дзяцінства. Насуперак меркаванню, што “там усё проста”, усходнія танцы, як і любыя іншыя, — гэта сур’ёзная спартыўная нагрузка, так што ў перапынках паміж паходамі, дзякуючы танцам, наш рэжысёр падтрымлівае фізічную форму. Пра любоў да ўсходняга танца мая суразмоўніца можа гаварыць гадзінамі. Калі хто-небудзь хоча ўпрыгожыць ім свой вольны час, то важна, па словах Веры Аляксандраўны, знайсці “свайго” трэнера, абавязкова старацца навучыцца рабіць што-небудзь новае, не прапускаць трэніроўкі і выконваць усё, што гаворыць трэнер, з поўнай аддачай. І наша турыстка-танцорка ведае, пра што гаворыць, таму што можа пахваліцца першым месцам на чэмпіянаце рэспублікі па ўсходнім танцы. На пытанне “Як вы ўсё паспяваеце?” Вера Аляксандраўна з усмешкай адказвае: “Я зрабіла хітра: частка маіх захапленняў стала маёй прафесіяй, а частка засталася як хобі, так што я шчаслівы чалавек!” Сярод захапленняў нашага рэжысёра ёсць яшчэ і ёга, і танга, і кулінарыя… І шчыра верыцца, што калі нечага сапраўды хочаш, то час знойдзецца заўсёды.Сярод настаўнікаў многа тых, хто захоплены дачнай гаспадаркай. Праўда, працуюць-адпачываюць настаўнікі-дачнікі больш на агародных градках, пакідаючы кветкавыя клумбы на пасля. А вось такі ружавы сад, як у Наталлі Алмазаўны Падпорынавай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, выкладчыка па класе фартэпіяна, нячаста сустрэнеш на дачных участках.

А пачыналася ўсё 14 гадоў назад, калі ружы ўзялі верх над агуркамі і таматамі (хаця за ружоўнікам усё ж нясціпла пладаносяць 27 градак з агароднінай!). Канечне, у такім хобі без памочнікаў не абысціся. Наталлі Алмазаўне дапамагаюць сям’я і сябры: муж — фізічнай сілай, мама — штодзённай карпатлівай працай, госці і дзеці — удзячнымі візітамі, добрым апетытам (Наталля Алмазаўна яшчэ і добры кулінар!) і захопленымі водгукамі. Гаспадыня ружавай раскошы не лічыць свой сад дызайнерскім, называючы яго хутчэй садам-калекцыяй, у якім налічваецца каля 146 гатункаў. Ёсць, як і ў любой калекцыі, цікавыя, але непрывабныя, магчыма, для недасведчаных у гэтым людзей кветкі. Ёсць ружы незвычайнага колеру, напрыклад, гатунак “кока лока” мае адценні какавы з малаком. Ёсць любіміцы гаспадыні — ружы англійскага арыгінатара Дэвіда Осціна, якія падабаюцца ёй і формай кветкі, і пахам, і колерам, і формай куста. Тым, хто хоча заняцца развядзеннем кветак, Наталля Алмазаўна раіць пачынаць гэтую справу, толькі калі вельмі любіш кветкі і не баішся працы. Веды аб правільным доглядзе, аб гатунках, спосабах развядзення сёння пачарпнуць можна з самых розных крыніц, напрыклад, нашаму садаводу-аматару дапамагае інтэрнэт з форумамі ружаводаў. Асабліва ж карысныя жывыя зносіны. Напрыклад, Наталля Алмазаўна некалькі разоў бывала ў садзе ў Юліі Тадэвуш, вось у яе сад — мара! І яе парады аказаліся вельмі каштоўнымі. На пытанне “Што для вас значыць ваш сад?” Наталля Алмазаўна адказвае: “Сад — гэта мара, гэта месца, куды хочацца вяртацца, а паводле класіка — гэта і ёсць родны дом. Я хвалююся за сваіх гадаванак круглы год, памятаю ўсіх “па імёнах”… Між іншым у садзе Наталлі Алмазаўны ёсць цэлы “культурны сход”: гатункі Брытэн, Чайкоўскі, Шапэн, Леанарда да Вінчы, Інгрыд Бергман і інш. Такім чынам, у садзе ў музыканта перасякліся прафесія і хобі.

А яшчэ сярод нас — заўзятыя тэатралы, аматары рыбалкі, харавых спеваў, гістарычнай рэканструкцыі, дызайнеры, фатографы-самавучкі і многія-многія захопленыя педагогі. Я ўпэўнена, што любы настаўнік становіцца ў разы больш цікавай асобай для сваіх вучняў, калі не толькі выдатна валодае сваім школьным прадметам і методыкай яго выкладання, але можа навучыць чамусьці цікаваму і карыснаму, што знаходзіцца за рамкамі школьнай праграмы. А калі вам цікава даведацца пра такіх педагогаў, пра іх захапленні, то я гатова прапанаваць паглыбленне ў патаемны свет настаўніцкіх хобі.

Аксана АЛІСІЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.