Ці ёсць у вас вінаград? Я маю на ўвазе не зараснікі кіслай сіняй “ізабелы”, якая, дарэчы, лічыцца тэхнічным відам вінаграду і найлепшым варыянтам жывой загарадзі, а сапраўдны вінаград — духмяны, салодкі, наліты сонцам. Многія беларускія вінаградары паспяхова даказваюць, што беларуская зямля здольна прапісаць у сябе гэтага паўднёвага госця гэтак жа, як і яблыкі, грушы, слівы. А калі і вы хочаце знайсці для яго месца ў сваім садзе і не наламаць дроў (дакладней, лазы), прапаноўваю прыслухацца да парад вінаградара-аматара з аграгарадка Вясея Слуцкага раёна Мінскай вобласці Мікалая Сцяпанава.
На любы густ
Мікалай Мікалаевіч — адзін з тых, хто можа пахваліцца не толькі колькасцю сартоў вінаграду ў сваім садзе, але і іх якасцю. Любы з амаль шасці дзясяткаў сартоў вінаграду без праблем прыжывецца на любым участку Беларусі, бо ўраджайнасць разам з непераборлівасцю да кліматычных умоў сталі галоўнымі іх козырамі. Хаця прэтэндэнтаў трапіць у вінаградную калекцыю Мікалая былі сотні.
Упершыню шчырае “Ах!” ён вымавіў, калі ўбачыў вялікія гронкі вінаграду ў брата ў Малдове. Нарэзаў цыбукоў (менавіта так называюцца чаранкі вінаграду), пасадзіў іх дома і, канечне, па няўменні загубіў. Першым пусціў карані ў яго садзе сорт “Альфа” яшчэ ў 1992 годзе. І з традыцыйна першай “Альфы” ўсё і пачалося.
Разам з жонкай Антанінай, якая падзяляла з мужам вінаградны запал з першага дня, Мікалай пачаў скупляць па 50—70 сартоў за раз у апорным пункце Інстытута пладаводства НАН Беларусі па вінаградзе, адбіраючы з іх самыя ўстойлівыя сарты, якія выспяваюць на іх участку пад Слуцкам кожны год. Многае тэсціравалі на ўчастку сястры пад Мінскам. Але, апрабаваўшы ўвесь вінаград Беларусі, ніводнага дастойнага сорту Мікалай не знайшоў. Затое па ўсіх параметрах гэты вінаград пераўзыходзілі раннія сарты паўднёвага вінаграду, які прывозілі Сцяпанавы з расійскіх гадавальнікаў, у асноўным з Ельска, Новачаркаска. Дарэчы, гадавальнікаў вінаграду ў Беларусі няма і сёння.
Калі і вы хочаце зрабіць вінаград візітоўкай вашага саду — самы час пачаць. Толькі з чаго? Безумоўна, з выбару сорту, а іх у вінаграду больш, чым у любой іншай культуры, — звыш 10 тысяч! Якія з іх будуць радаваць ураджаем штогод, незалежна ад таго, спякотнае ці, наадварот, халоднае і дажджлівае выдалася лета? Гэтую задачку за амаль чвэр ць стагоддзя Мікалай вырашыў.
З ранніх сартоў цудоўна сябе зарэкамендавалі “тукай”, “прыгажунька”, “суперэкстра”, “захапленне”, “захапленне (авальны)”, “захапленне (цудоўны)”, “пяшчота”, “бочка (песня)”, “вольга”, “цімур ружовы”, “анжаліка”, “тасон”, “амірхан”. Для захавання лепшыя — “тукай”, “захапленне”, “амірхан”. Развешаныя на гарышчы на дроце гронкі захоўваюцца да Новага года і нават больш. Ёсць і сарты сярэдняга тэрміну выспявання, але на 100 працэнтаў яны будуць адпавядаць сорту толькі на поўдні Беларусі. Гэта “лора”, “аркадзія”, “ВВ-3”, “вівайка”, “алекса”.
Прасцей за ўсё купіць саджанец і перасадзіць яго ў сад вясной ці летам, каб лаза паспела да зімы выспець і паспяхова перазімаваць. А вось верасень і пачатак кастрычніка — лепшая пара для загатоўкі цыбукоў. Іх наразаюць з часткі лазы, якая выспела (яна мае колер пацямнелай саломы і ў адрозненне ад зялёнай цёплая навобмацак). Лепш, калі іх дыяметр будзе не меншым за 1 см і будзе мець 6—8 пупышак. Іх трэба паўгадзіны вытрымаць у слаба-ружовым растворы марганцоўкі, прасушыць, скласці ў пакет, шчыльна завязаць (там утвараецца вуглекіслата, якая не дае размнажацца грыбковым хваробам і захоўвае лазу) і захоўваць пры тэмпературы 2—6 градусаў у склепе ці ў халадзільніку на ніжняй паліцы.
У канцы студзеня — пачатку лютага поўнасцю замачыце цыбукі на пару сутак у вадзе хатняй тэмпературы. Пасля гэтага адразу пад ніжняй пупышкай зрабіце прамы зрэз, пакіньце 2—3 пупышкі і над верхняй, адступіўшы 2—3 сантыметры, зрабіце касы зрэз. Нажом праскрабіце вертыкальна баразёнкі па паўтара сантыметра даўжынёй і каля міліметра глыбінёй, утрыце ў баразёнкі стымулятар коранеўтварэння. У паўлітровы слоік пакладзіце сантыметровы слой ваты і наліце столькі ж вады, устаўце ў вату цыбукі. Праз некалькі дзён у праскрабаных баразёнках утворыцца калюс, а з яго яшчэ праз тыдзень — бародкі-карані. Адразу пасадзіце саджанцы ў гаршкі, напоўненыя сумессю пяску, торфу і дзярновай глебы ў роўных прапорцыях.
Калі прамінуць вясновыя маразы, адвядзіце для вінаграду самае цёплае і сонечнае месца ў садзе, выкапайце яму 60 на 60 см і глыбінёй 70 см. На дно ямы пакладзіце камяні, біты шыфер, прысыпце дзярновай глебай. Потым прыгатуйце сумесь: змяшайце па вядры пяску, торфу і дзярновай зямлі. Дабаўце жменю (каля 250 грам) даламітавай мукі ці попелу, столькі ж — суперфасфату. Усё перамяшайце і запоўніце гэтай сумессю яму. Пасля гэтага тры гады ніякіх угнаенняў уносіць ужо не трэба. Саджанец перасадзіце ў глебу да парастка, шчодра паліце. Калі вада цалкам ўбярэцца, падсыпце яшчэ глебавай сумесі і паліце вадой яшчэ раз.
Цяпер застанецца даглядаць саджанец, а расце ён вельмі хутка: да верасня дасягне 1,5—2 метраў у вышыню. Галоўнае — не пераліваць вады, а пры дажджлівым леце ўвогуле можна не паліваць саджанец. Бліжэй да восені, каб даць лазе выспець, паліў выключыце цалкам.
Восенню, як толькі пачнуцца першыя марозікі, бярыцеся за секатар. У першы год абрэжце лазу над трэцяй пупышкай, абсыпце зямлёй, зверху абкладзіце ельнікам. Ёсць і “сухі” спосаб: прыкрыйце саломай, а зверху накрыйце поліэтыленам, пакінуўшы шчыліны для праветрывання. Як толькі маразы ўзмоцняцца, прыцісніце краі камянямі ці прышпіліце чым-небудзь вострым.
Два “рукавы” — і ўся абрэзка
На наступны год, вясной, калі прамінуць маразы, трэба зняць укрыцці і пад першымі вясновымі промнямі пачне вельмі хутка расці лаза. Гэты час самы складаны для пачынаючых вінаградараў, бо трэба зрабіць абрэзку, што і пужае большасць дачнікаў, якія не могуць разабрацца ў моры батанічных тэрмінаў, якія даюцца ў розных крыніцах. Насамрэч, тут усё проста. Калі ваша задача — не жывая вінаградная загарадзь, а добры ўраджай — не шкадуйце рэзаць лазу.
Вясной кожная з трох пакінутых восенню пупышак дасць па адным парастку. Два верхнія пакіньце на “рукавы”: убіце 2 калкі з абодвух бакоў куста, нацягніце на іх дрот, перапляціце вакол яго лазу і падвяжыце, расцягнуўшы яе ў розныя бакі паралельна зямлі. Трэці парастак пакіньце на сучок замяшчэння, абрэзаўшы яго над трэцяй пупышкай (восенню “рукавы” абрэжаце, а тры галінкі, на якія разгалінуецца сучок, утвораць новы куст).
Гарызантальна расцягнутыя “рукавы” абрэжце над 12—13 пупышкай (часта на гэтым узроўні куст і сам прыпыняе рост). З кожнай з гэтых 12—13 пупышак уверх пацягнуцца пладовыя звёны, ці стрэлкі. Іх падвяжыце да дроту, нацягнутага паралельна “рукавам”. На кожнай стрэлцы сфарміруецца па 1—3 гронкі пладоў. Важна выдаліць усе гронкі на кожнай другой стрэлцы, а на астатніх выдаліць лішнія. Для гэтага трэба ведаць характарыстыкі гэтага сорту і характэрную для яго вагу гронак. Калі яны вялікія, па кілаграме і больш, — пакідайце не больш як адну гронку, а калі невялікія, па грамаў 200—300, — можна пакідаць і па тры. Прычым выдаляць лепш верхнія гронкі, а на саміх стрэлках пасля першай гронкі павінна заставацца не менш за 15 лістоў (калі яны даўжэйшыя, абрэжце на гэтым узроўні). Пустая галіна будзе карміць тую, што з гронкамі. Падлічыўшы ўсе гронкі на кусце і іх прыкладную вагу, трэба старацца не перавышаць вагу 15 кілаграмаў на куст, інакш ягады не набяруць неабходнага цукру або гронкі будуць малымі.
Абарані мяне
Адклаўшы ўбок секатар, не спяшайцеся нарыхтоўваць скрыні для збору ўраджаю. Часта ўсе надзеі на яго разбураюць вінаградныя хваробы. Іх, дарэчы, у Беларусі менш, чым на поўдні. Але галоўныя з іх — мільдзью і аідыум — могуць знішчыць не толькі ўраджай, але і расліны.
Мільдзью, або лжывая мучністая раса, пашкоджвае ўсю зеляніну. На верхняй частцы ліста першапачаткова з’яўляюцца светла-жоўтыя плямы па сантыметры тры памерам, а з ніжняга боку на тым жа месцы — белы мучністы налёт, які лёгка сціраецца пальцамі. Ягады пакрываюцца пылком, падобным на іней, затым становяцца цёмна-шэрымі, зморшчваюцца і ападаюць. Заражэнне адбываецца, як правіла, за 7—10 дзён да цвіцення або падчас яго.
Аідыум, або сапраўдная мучністая раса, гэтак жа, як і мільдзью, пашкоджвае лісце, парасткі, суквецці, ягады. Узбуджальнік хваробы з’яўляецца пры павышанай вільготнасці і высокай тэмпературы ( +22—+26°С), зімуе на лазе, у лускавінках пупышак. На ягадах і лісці з’яўляецца шэры налёт. Характэрная прымета пашкоджання аідыумам — пах гнілой рыбы. Хворыя суквецці і лісты адвальваюцца, ягады рэпаюцца. На парастках пад шэрым налётам з’яўляюцца бурыя плямы, якія застаюцца і на выспелых парастках. Ветрам споры разносяцца па ўчастку, трапляюць на паверхню раслін, прарастаюць і даюць новыя споры. Таму аідыум пашкоджвае вінаград на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Справіцца з ім больш складана, чым з мільдзью, тым больш што развіццё хваробы ўзмацняецца падчас засухі і можа прывесці да страты 70—80 % ураджаю.
Для прафілактыкі хвароб вясной да распускання пупышак збярыце і спаліце пасля абрэзкі ўсю лістоту. Кусты і глебу вакол іх апрацуйце 2—3-працэнтным растворам жалезнага або 3—4-працэнтным растворам меднага купарвасу. Першы раз апырскайце ўсё адразу пасля распускання пупышак. Падыдуць такія фунгіцыды, як “Бардоская сумесь”, “Рыдаміл”, “Тапаз”, “Стробі”.
Мікалай Сцяпанаў не прыхільнік хімічных апрацовак, бо галоўныя спажыўцы вінаграду — яго дзеці і ўнукі, таму апрацоўкі робіць усяго тры: у пачатку вясны (калі вінаград пайшоў у рост), перад цвіценнем і на стадыі гароху. З гэтага моманту ён выкарыстоўвае толькі народныя сродкі. Як толькі ўраджай пачынае спець, кожны тыдзень і абавязкова пасля дажджу апырсквае пасадкі растворам марганцоўкі (5 г на 10 л вады) або соды (20 г на 10 л вады). Але памятайце: нельга сумяшчаць хімічныя прэпараты з народнымі.
У верасні пасля збору ўраджаю, каб падрыхтаваць вінаград да зімы, карысна апырскваць яго настоем драўнянага попелу (300 г на вядро вады, настаяць 2 сутак, працадзіць). Што тычыцца каранёвых угнаенняў, то Мікалай Сцяпанаў аддае перавагу арганіцы — разведзенаму каравяку ці птушынаму памёту. Пачынаць падкормкі ён рэкамендуе не менш як праз тры гады пасля пасадкі.
Пасля першых замаразкаў абрэжце “рукавы” поўнасцю. Астатнюю лазу, якую даў сучок замяшчэння, для прафілактыкі захворванняў апрацуйце 3-працэнтным растворам мачавіны або меднага купарвасу, шчодра паліце, скруціце, прыгніце да зямлі, зафіксуйце і ўкрыйце на зіму. Наведаўшы вінаградную плантацыю Мікалая Сцяпанава, уразіўшыся колькасцю і памерам гронак (вага некаторых дасягае 2 кілаграмаў) і пачаставаўшыся ягадамі, магу ўпэўнена сказаць, што такі спрошчаны падыход гаспадара да вінаградарства поўнасцю апраўданы. Гэта можа ста ць першым крокам да дэгустацыі сакавітых гронак у вашым садзе.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара.