Вось і лета прайшло

За вокнамі — верасень. І хоць сёлета па абяцаннях сіноптыкаў нас чакае сапраўднае бабіна лета, яркія фарбы нашых кветнікаў становяцца больш спакойнымі, мяккімі, на змену чырвонаму і сіняму прыходзяць жоўты і ярка-рыжы колеры аксамітак, хрызантэм, рудбекіі.

Кожны раз у канцы сезона перачытваю свае кветкавыя нататкі, якія вяду з 2010 года, і ўспамінаю найбольш яркія падзеі сезона, аналізую праблемныя моманты, мару аб будучыні.

Пачнём з сакавіка. Сем гадоў назад, калі я пасадзіла свае першыя крокусы, я марыла пра тое, што ў мяне будзе іх цэлая паляна. І вось мара збылася. Сёлетняй вясной я налічыла больш за 50 крокусаў. Прыгажосць неймаверная! Але я вырашыла, што купляць новыя клубнецыбуліны ўжо не варта. Тым больш што гады тры назад мне падарылі блакітную пралеску і хіанадоксу белага і блакітнага колеру. Гэтыя дробнацыбульныя сваёй вытанчанасцю не саступаюць крокусам, хутка разрастаюцца і цвітуць амаль тры тыдні. Веснавы касач у мяне па нейкай прычыне цвіце праз год, сёлета ён таксама прыгожа цвіў.


Цюльпанаў і нарцысаў у мяне не вельмі многа — так, дзеля разнастайнасці. Вельмі люблю жоўтыя цюльпаны — ёсць у мяне і звычайны бакал, і махровы. У мяне няма месца для захоўвання цюльпанаў пасля выкапкі, таму я іх амаль не выкопваю. Напэўна, таму і цвіценне не такое пышнае, як тры гады назад.

Вельмі люблю сваю буйную чырвоную прымулу. Я яе набыла пяць гадоў назад на рынку ў квітнеючым выглядзе, а паколькі ў мяне месца сонечнае, яна доўга хварэла. Калі з’явіўся кляматыс, я перасадзіла яе непадалёк. Кляматыс на зіму ўкрываю. Перападае і прымуле. Цвіце яна амаль адразу пасля крокусаў. Увогуле, лічу, што ў кожным кветніку павінен быць кусцік прымулы, нават самы просценькі.

Мой гонар і мая любоў — веснавыя флёксы. Іголкавыя, распасцёртыя, прыгожыя. Яны пачынаюць свой парад у першай альбо другой дэкадзе мая (у залежнасці ад надвор’я). Зараз, калі яны разрасліся пасля шчодрых ліпеньскіх дажджоў, так і хочацца іх падстрыгчы. Але ведаю, што рабіць гэтага не трэба, бо можна знішчыць кветкавыя пупышкі. Праўда, зараз самы спрыяльны час адкапаць кавалачак курцінкі і пасадзіць у вызначанае месца. Па першым часе паліваць, асабліва калі спякотна. Флёкс павінен прыжыцца.


У сярэдзіне мая цвілі гравілат чылійскі, або “чырвоны капялюшык” (хаця ёсць і жоўты гатунак), і даронікум усходні. Вельмі вялікая вартасць гэтых кветак, што яны цвітуць у той час, калі асноўныя веснавыя кветкі адцвілі, а летнім яшчэ не прыйшоў час.

Чэрвень — час цвіцення півонь. Нядаўна, у канцы жніўня, я іх рассадзіла, бо раслі яны на адным месцы восем гадоў і цвілі слабавата. У гэты час расцвітае гайлардыя. Я яе называю кветкай на ўсе часы. І спякоту яна добра пераносіць, а калі пайшлі дажджы, зусім распусцілася. Цвіце ўжо тры месяцы, трэба толькі своечасова выдаляць адцвілыя суквецці. Дае шчодры самасеў. Бывае і махровая, і немахровая. Я дзялюся ёй ад душы з усімі, бо нават не ведаю кветкі, якая б так хутка размнажалася.

У ліпені пачынаюць цвісці мае любімыя гацанія, кларкія, цынія вузкалісцевая і вытанчаная. Гацанія ў гэтым годзе парадавала, хаця летась цвіла слабавата. Прыйшла да высновы, што, хаця яе радзімай і з’яўляецца Паўднёвая Афрыка, дзе яна развіваецца як шматгадовая кветка, умеранага паліву і падкормак яна ўсё ж патрабуе.

У адрозненне ад цыніі вузкалісцевай, якая добра пераносіць спякотнае надвор’е, цынія вытанчаная патрабуе шчодрага паліву і падкормак. Падкормкі зброджанай травой і дажджы зрабілі сваю справу — вырасла шмат махрыстых кветак, яны былі даволі буйныя. Спякота канца жніўня крыху сапсавала цвіценне, але паўтара месяца бляску — нядрэнны вынік.


Аксаміткі. Некаторыя лічаць іх ледзь не самымі прыгожымі кветкамі, некаторыя — кветкамі ўчарашняга дня. Нядаўна мы абмеркавалі гэтую тэму з вопытным кветкаводам Святланай Аксёнавай, пра поспехі якой на кветкавай ніве мы пісалі. Прыйшлі да высновы, што без аксамітак цяжка ўявіць пачатак восені, — настолькі яны арганічныя ў гэтую пару года.

Сёлета вельмі рана зацвілі хрызантэмы — ледзь не 10 ліпеня. З кожным годам я ўсё больш люблю гэтыя кветкі. Калі пасадзіць розныя гатункі, можна любавацца імі ці не 2,5 месяца. Зараз зацвітаюць лімонныя хрызантэмы. Кветкавод Кацярына Пінчук, майстар па вырошчванні хрызантэм, лічыць, што хрызантэмы можна дзяліць увесь сезон (пачынаючы з вясны), трэба толькі шчодра іх паліваць. Падкормлівае свае кветкі Кацярына Мікалаеўна комплексным мінеральным угнаеннем, дадаючы запалкавы карабок пры пасадцы. Цікава, што пазалетась яна высадзіла ў адкрыты грунт пакаёвую хрызантэму, падораную ёй на 8 Сакавіка. У мінулым годзе пасля зімы хрызантэма выжыла, але была дробнай. А сёлета значна падрасла і выглядае самавіта. На зіму кветкавод яе добра ўцяпляе торфам, перамешаным з пяском. Увесну ўкрыццё ўбірае. Здзіўляецца, калі некаторыя скардзяцца на тое, што хрызантэмы не выходзяць з зімы. Ёсць у Кацярыны Мікалаеўны і хрызантэма з буйнымі белымі кветкамі, якая пачынае цвісці ў пачатку кастрычніка. І хоць тэрмін цвіцення ў яе нядоўгі, у многіх такая хрызантэма ўвогуле не зацвітае.


Вельмі рана ў гэтым годзе зацвіў пазнацвет. Адбылося гэта ў апошніх чыслах жніўня. Спачатку ён быў белавата-ліловы, а потым набыў свой звычайны ліловы колер. Цікава, што калі ўвесну з глебы вырасла буйное лісце, падобнае на рэмень, я не адразу ўспомніла, што такую фазу развіцця перажывае пазнацвет, усё думала, дзе ж у расліны кветкі. Звычайна бачу на фота пазнацвет на фоне голай зямлі. Сёлета такога фота не будзе, бо шмат кветак яшчэ цвіце.

У гэтым сезоне яшчэ раз пераканалася ў высокіх дэкаратыўных якасцях гейхеры. Хоста часта падсыхала, асабліва канцы лісця, а гейхера добра пераносіла ўсе перапады надвор’я. Парадаваў і чысцік візантыйскі — дэкаратыўная шматгадовая расліна з серабрыстым лісцем і мяккім апушэннем. Ён таксама на працягу сезона выглядаў прывабна. Не падвялі і паўзучыя расходнікі. Добра, што ёсць набор кветак, якія стойка пераносяць перапады тэмпературы і надвор’я. Напэўна, калі б мы вырошчвалі нейкія экзоты, не заўсёды б нам спрыяў поспех.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.