Водар лета

Лета — пара не толькі адпачынку, але і актыўнай падрыхтоўкі да зімы. Яно прыносіць нам магчымасць пад’есці свежых ягад і, вядома ж, нарыхтаваць іх на зіму. Аднымі з першых з’яўляюцца клубніцы. І якая ж асалода адкрыць зімой слоічак з духмяным варэннем і вярнуцца ненадоўга ў лета!

Як жа зварыць варэнне так, каб ягадкі ў ім засталіся цэлымі і нагадвалі зімой пра гарачае лета? Гэты ласунак атрымаецца смачным і духмяным, калі вы пады­дзеце да справы з душой!

Выбар ягад

  • Перш чым заняцца варкай клубнічнага варэння, ягады трэба старанна выб­раць. Памятыя і пашкоджаныя адпраўляю на кампот або ў рот, для нарыхтоўкі падыходзяць выключна цэлыя і моцныя клубніцы, інакш у працэсе гатавання яны “распаўзуцца” і сапсуюць смак і знешні выгляд гатовага прадукту.
  • Ідэальна, калі паміж зборам сыравіны і гатаваннем варэння праходзіць зусім мала часу, клубніцы — ягада капрызная і вельмі далікатная.

Посуд для варкі

  • Клубнічнае варэнне вару толькі ў эмаліраваным посудзе (вялікай каструлі, тазе). У алюмініевай ёмістасці ягады тут жа акісляюцца, а ў нержавейцы набываюць нейкі спецыфічны і не вельмі прыемны прысмак.
  • Перамешваю варэнне ў працэсе гатавання драўлянай лыжкай, ёй жа знімаю найсмачнейшую пенку. На крайні выпадак можна выкарыстоўваць сіліконавую або пластыкавую лыжку, прызначаную для гатавання ў посудзе з антыпрыгарным пакрыццём.

Падрыхтоўка ягад

  • Клубніцы перад варкай не мыю, а праціраю кожную ягадку вільготнай анучкай (адарвала хвосцік, працерла — і ў таз). Справа ў тым, што гэтыя ягады выдатна ўбіраюць вадкасць і хутка становяцца мяккімі, так што шчыльны кантакт з вадой негатыўна адбіваецца і на смаку, і на празрыстасці, і на кансістэнцыі гатовага прадукту.
  • Калі ж на клубніцах шмат бруду або пяску, то не палашчу ягады пад кранам, а хутка і вельмі акуратна, каб не пашкодзіць, вымываю іх у тазе, некалькі разоў змяніўшы ваду. Потым раскладваю ў адзін слой на папяровых ручніках, прамакаю кожную ягадку сурвэткай і чакаю, пакуль клубніцы цалкам высахнуць. І толькі потым адрываю хвосцікі.

Прапорцыі

  • Для таго каб у гатовым варэнні былі гарманічныя суадносіны сіропу і ягад, на 1 кг клубніц бяру 1 кг цукру. Вядома, калі вы любіце, каб было больш сіропу, напрыклад, каб выкарыстоўваць яго асобна для блінцоў, сырнікаў або кашы, можна зрабіць і ­адзін да аднаго з паловай, але ў вазачцы такое варэнне глядзіцца неяк не вельмі.
  • Аптымальная порцыя на адну ёмістасць — 2 кг сыравіны без уліку цукру, менавіта тады варэнне праварыцца раўнамерна, ягады застануцца цэлымі.
  • Для клубніц не трэба папярэдне варыць сіроп. Проста засыпаю падрыхтаваныя ягады цукровым пяском, накрываю ёмістасць ручніком і даю пастаяць на працягу пяці-сямі гадзін. Клубніцы выдзеляць патрэбную колькасць соку.

Клубніцы не маюць патрэбы ў доўгай варцы. Паставіла на сярэдні агонь, давяла да кіпення, пакіпяціла пяць мінут, вельмі акуратна памешваючы і знімаючы пенку, выключыла газ, пакінула астываць гадзін на восем. І так тры заходы. Даўжэй і больш разоў варыць бессэнсоўна.

Пры апісаным рэжыме гатавання атрымліваецца ягадка да ягадкі, сіроп застаецца празрыстым, водар літаральна збівае з ног.

Пасля таго, як зняла варэнне з агню трэці раз, даю яму пяць мінут пастаяць пад ручніком і разліваю ў падрыхтаваныя слоічкі. Іх потым можна закатаць або накрыць пергаментам і завязаць. Захоўваю варэнне ў цемры і прахалодзе, а калі слоічкі закрыты паперай, то ім самае месца ў халадзільніку.

Клубнічны дэсерт на зіму

Такі смачны дэсерт варта гатаваць, калі хочацца здзівіць сям’ю і блізкіх. У кожным слоічку будзе бездань летніх смакаў.

Мае “таемныя” саюзнікі ў гэтай справе:

  • 1 кг сярэдніх клубніц;
  • 1кг чарэшні;
  • не больш за 500 г цукру.

Працэс гатавання. Перабіраю, мыю ягады. Даю прасохнуць. У вялікай ёмістасці змешваю чарэшню і клубніцы з цукрам. Даю закіпець на маленькім агні. Гатую не больш за 10 мінут. Ахалоджваю, разліваю ў падрыхтаваныя слоічкі, закрываю.

Асвяжальнае клубнічнае варэнне

Нам спатрэбіцца:

  • 1 кг клубніц;
  • вялікі лімон;
  • 0,5 кг цукру;
  • пучок мяты;
  • 4—5 галінак зялёнага базіліку.

Працэс гатавання. Чыстыя і перабраныя ягады перасыпаю цукрам, адпраўляю ёмістасць з нарыхтоўкай у халадзільнік на некалькі гадзін, каб адышла вадкасць. Вару 5 мінут пасля закіпання, затым дадаю лісце мяты і базіліку, кіпячу яшчэ столькі ж. Разбіраю лімон на цэдру і мякаць, адвольна крышу. Дадаю да варэння, кіпячу яшчэ 10 мінут. Даю астыць, настаяцца некалькі гадзін пад чыстым ручніком. Затым даво­джу да кіпення, даю “пабулькаць” не больш за 5 мінут. Ахалоджваю, разліваю ў слоікі і закатваю.

Напітак клубнічны

Тры простыя кампаненты — клубніцы, мята і лімон — быццам створаны адно для аднаго!

На трохлітровы слоік бяру:

  • 500 г клубніц;
  • 2 кольцы лімона;
  • 1 галінку свежай мяты;
  • 300 г цукру.

Незвычайна духмяны, у меру салодкі, смачны дамашні напітак, згатаваны з сезонных ягад. Дарэчы, на яго аснове можна без праблем зрабіць клубнічнае жэле на жэлаціне — дзеткам вельмі падабаецца.

Я веру, што варэнне, дэсерты з клубніц, згатаваныя па гэтых рэцэптах, абавязкова прынясуць радасць зімой і прымусяць вашых родных успомніць аб гарачым леце.

З павагай і любоўю, Анатольеўна.

Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.