Для дарослага камары, мошкі і ншыя крывасмокі — гэта проста дробная непрыемнасць, а вось для малышоў — часта сапраўднае бедства. Для іх насякомыя — лютыя ворагі. Таму трэба задзейнічаць усе вядомыя спосабы і сродкі для вырашэння гэтай актуальнай вяснова-летняй праблемы. Цалкам вынішчыць крывасмокаў не атрымаецца — гэта сумны факт. Але паменшыць шкоду ад іх прысутнасці пастараемся.
Малых, якія аддаюць перавагу прагулкам у калясцы, можна абараніць маслам гваздзікі або эўкаліпта. Дастаткова толькі працерці ручкі каляскі гэтым маслам, а ў каляску пакласці прамочаную ім тканіну. Для прагулак выбірайце месца далей ад вадаёмаў.
Для адпужвання насякомых ад дзіцяці выкарыстоўвайце эфірныя маслы, але папярэдне падрыхтуйце іх: змяшайце з раслінным алеем або крэмам (інакш пры высыханні на скуры дзіцяці могуць з’явіцца апёкі). Напрыклад, развядзіце некалькі кропель масла чайнага дрэва і гваздзіковага ў раслінным. Патрасіце ў герметычным слоічку, затым намажце на скуру. Добрым сродкам абароны ад камароў з’яўляецца ванілін. Камары не пераносяць гэты пах. Змяшайце ванілін з вазелінавым маслам або дзіцячым крэмам, сумесь нанясіце на скуру. Рэпеленты з натуральных інгрэдыентаў бяспечныя і дапамогуць вам і вашаму дзіцяці. Але тут таксама ёсць абмежаванні і проціпаказанні. Не выкарыстоўвайце сумесь, калі ў дзіцяці схільнасць да алергічных рэакцый або захворванні скуры.
Не менш папулярным сродкам абароны ад насякомых з’яўляюцца расліны з моцным пахам — чабор, герань, лаванда або розныя цытрусы. У хатніх умовах у пакоі можна выкарыстоўваць распыляльнікі з такімі пахамі, пакласці на падаконнік цэдру цытрусавых ці зрабіць прыгожы букет з раслін, якія “не падабаюцца” камарам.
Перад тым як выйсці на вуліцу, можна выкарыстоўваць хімічныя сродкі абароны ад насякомых. Сёння аптэкі і ўніверсамы прапануюць вялікую колькасць варыянтаў. Будзьце асцярожныя: для абароны малога выбірайце толькі дзіцячыя прэпараты, якія адпавядаюць яго ўзросту. “Дарослыя” антыкамарыныя сродкі можна выкарыстоўваць дзецям з 12 гадоў.
Не імкніцеся мазаць дзіця сродкам “проста так”, калі ў парку, дзе вы гуляеце, гарэзнічае толькі адзін назойлівы камар. Крэм ад насякомых, які выкарыстоўваецца выключна для спакою мамы, нанясе больш шкоды, чым некалькі ўкусаў. Як ні круці, хімія застаецца хіміяй.
Наносіць сродак трэба тонкім слоем, не ўціраючы ў скуру. Рэчыва не павінна трапіць на ранкі, драпіны і слізістыя (тым больш рот!). Твар і кісці рук дзіцяці лепш не апрацоўваць. Малышы рухаюцца і пацеюць, і рэпеленты разам з потам могуць трапіць у вочы і рот. Па магчымасці апрацуйце адзежу (галаўны ўбор, майку, шорты), а не скуру. Адзенне адмыецца, а хімія ўсмокчыцца ў скуру.
Любы сродак абароны наносяць не больш як 2-3 разы ў дзень, а пасля вяртання з прагулкі змываюць вадой з мылам. Калі камары раяцца над дзіцем, нягледзячы на прымяненне крэму, не спрабуйце яго “асвяжаць” кожныя паўгадзіны. Любы крэм разлічаны не дзеянне не менш як дзве гадзіны. Камароў можа прыцягваць і іншы пах, магчыма, парфумы або дэзадаранту.
Аэразолі (спрэі) можна наносіць толькі на адзенне і распырскваць на адлегласці ад дзіцяці. Гэта тычыцца нават тых, якія дазволены для выкарыстання дзецьмі. Трапіўшы ў дыхальныя шляхі, яны могуць выклікаць моцную алергію, а таксічныя рэчывы, якія ўваходзяць у іх склад, атручваюць арганізм.
Яшчэ адзін хімічны спосаб пазбавіцца ад камароў дома — выкарыстоўваць фумігатар з вадкасцю або пласцінай. Калі вы вырашылі выкарыстаць гэты сродак — звярніце ўвагу на ўзроставыя абмежаванні. У пакоі, дзе спіць дзіця, электрафумігатары ўключаюць, калі няма малога, за 1-2 гадзіны да сну. Калі дзіця пачало чхаць, кашляць, у яго заслязіліся вочы — трэба неадкладна вынесці дзіця і праветрыць пакой.
У апошні час набіраюць папулярнасць бранзалеты для адпужвання камароў і мошак. Яны з’явіліся параўнальна нядаўна, і дакладнай інфармацыі аб іх выкарыстанні пакуль нямнога. Таму купляць ці не такую абарону для дзіцяці — права выбару кожнага з бацькоў. Акрамя іншага, ад такога бранзалета зыходзіць моцны пах, што можа справакаваць алергію.
Перад тым як прымяняць любы прэпарат, неабходна ўважліва прачытаць інструкцыю па выкарыстанні, пасля правесці тэст на алергію: невялікую колькасць прэпарату нанесці на локцевы або каленны згіб, пачакаць суткі. І толькі ў выпадку, калі няма ніякай рэакцыі, можна выкарыстоўваць прэпарат.
Калі ваша дзіця ўсё ж пакусалі камары, у першую чаргу трэба зняць непрыемныя адчуванні. Гэта дазволіць прадухіліць расчэсванне і занясенне інфекцыі. Можна скарыстацца народнымі сродкамі: апрацаваць месца ўкусу растворам харчовай соды або працерці месца ўкусу сокам лімона. Добра дапамагае “Зорачка” або масла гваздзікі і чайнага дрэва. Акрамя таго, можна выкарыстоўваць расліны, напрыклад, сок зялёнай цыбулі, дзьмухаўца або скарыначку лімона.
Укусы сляпнёў вельмі балючыя. Наша парада: апрацуйце ранку мыльнай вадой, прыкладзеце на 15 хвілін пасту з роўных частак пітной соды і гарэлкі. Калі ў дзіцяці ўсё ж утварыўся ацёк і ўкус нясцерпна чэшацца, дайце супрасцін і памажце фенісцілам.
Дробныя мошкі актыўныя на сонцы. Яны жывуць каля праточнай вады, рэагуюць на пах поту і любяць белае адзенне. Кусаючы, мошка ўпырсквае пад скуру атрутную сліну-замарозку і разрэджвальнікі крыві. Яд выклікае значны ацёк, які можа трымацца тыдзень. Устрымацца ад расчэсвання практычна немагчыма. Укус праціраюць нашатырным спіртам і прыкладваюць лёд, які астуджае месца запалення і зніжае ацёк.
Калі ўкусіла пчала або аса, трэба пінцэтам або пазногцямі выдаліць джала (пры яго наяўнасці ў скуры), працерці месца ўкусу спіртам і прыкласці лёд або сурвэтку, змочаную растворам пітной соды або халоднай вадой. Калі дзіця — алергік, дайце яму антыгістамінныя прэпараты, а месца ўкусу намажце гелем “Фенісціл”. Калі ж стан дзіцяці выклікае асцярогу (выяўлены ацёк або вельмі моцнае пачырваненне), неадкладна звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.
На прыроду ў аптэчку абавязкова вазьміце з сабой антыгістамінныя сродкі. Гэтая мера засцярогі можа выратаваць жыццё вам і вашаму дзіцяці.
Падводзячы вынік, хацелася б адзначыць, што выкарыстоўваць толькі адзін сродак абароны нерацыянальна. Лепш за ўсё іх камбінаваць, асабліва ў хатніх умовах.
Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.