Ранішняя трапеза — гэта пачатак усяго. І ад таго, якой яна будзе, шмат у чым залежыць, як пройдзе дзень. Адным словам, снеданне павінна быць ідэальным. А якое яно ідэальнае — вечнае пытанне. Французскае — з круасанам і кавай, англійскае — з аўсянкай або яечняй з беконам, або наша — з бутэрбродамі, яечняй або тым, што засталося ад вячэры?
Ідэальнае снеданне — тое, якое дастаўляе задавальненне, не адбірае шмат часу на гатаванне і зараджае энергіяй на ўвесь дзень.
Мае патрабаванні: карысць, хуткасць у гатаванні, доўгае адчуванне сытасці, бездакорны смак, слодыч, але без цукру.
Падзялюся рэцэптам, у якім усе пункты кажуць “так”.
Змешваю па 1 ст. л. з горкай насення лёну, кунжуту, сухіх ягад чарніц. Заліваю шклянкай халоднай вады і пакідаю на ноч. Дадаю 1 ч. л. мёду, пачышчаны яблык — і ў блэндар. Літаральна праз хвіліну лёгкае і сытнае снеданне гатова!
Рэцэпт ранішняга смузі — суцэльная творчасць. Чарніцы можна замяніць вішняй, журавінамі, буякамі, брусніцамі або іншай улюбёнай ягадай (сухой, замарожанай). Або дадаваць сезонную садавіну: хурму, грушу, банан, апельсін, мандарын. А аматараў тварагу на снеданне парадуе гэты рэцэпт удвая: яго ў смузі дадаваць можна. Запэўніваю, зарад бадзёрасці на ўвесь дзень забяспечаны!
Ларыса ХОМБАК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.