Запаліць ноч і не нашкодзіць сабе

Ад простых хлапушак да суперсучасных феерверкаў — асартымент піратэхнікі, якая прапаноўваецца сёння на рынку, уражвае разнастайнасцю. Узрастае папулярнасць гэтай прадукцыі нязменна напярэдадні зімовых свят — аматараў “запаліць” у навагоднюю ноч сапраўды нямала. Вось толькі жаданне “зрабіць прыгожа” для некаторых ператвараецца ў сур’ёзныя траўмы.

Прычын гэтага можа быць некалькі: сумніўная якасць тавару, няправільнае захаванне або парушэнне правіл эксплуатацыі. З усім гэтым можна справіцца, галоўнае — да пытання падысці адказна і загадзя ўлічыць усе “праблемныя” моманты.
У першую чаргу забудзьце пра піратэхнічныя вырабы з-пад крыса — купляйце іх толькі ў спецыялізаваных магазінах ці аддзелах. Не згаджайцеся на больш выгадныя прапановы — вочы і рукі ў выпадку ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі абыдуцца даражэй. Спытайце ў прадаўца сертыфікат адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспечнасці піратэхнічных вырабаў”. Звярніце ўвагу на тэрмін прыдатнасці (як правіла, піратэхніка не захоўваецца больш за тры гады) і інструкцыю (абавязкова на беларускай ці рускай мове), вывучыць якую неабходна перш за ўсё. Разгледзьце ўпакоўку і сам выраб — яны павінны быць без дэфектаў. Кнот — неабходна, каб ён быў візуальна схаваны: заклеены або схаваны пад абгортку.
Што да ўмоў захавання, то і тут ёсць свае нюансы. Памяшканне павінна быць сухім і без якіх-небудзь крыніц агню, нельга трымаць піратэхніку і каля батарэй ацяплення. Напрыклад, балкон або кухня ў якасці склада не падыдуць: выраб або адсырэе (высветліўшы гэта, не спрабуйце яго прасушыць) і ў лепшым выпадку не спрацуе, а ў горшым — стрэліць з затрымкай у самы непрыдатны момант; або, наадварот, паступова награваючыся, можа спрацаваць адвольна.
І, нарэшце, самае балючае пытанне — піратэхніка ў дзеянні. Не спадзявайцеся на свае веды з мінулага — перш чым запускаць, абавязкова прачытайце інструкцыю яшчэ раз, каб як след разабрацца: у кожнага вырабу ёсць свае асаблівасці, таму трэба быць вельмі ўважлівымі.
Дома выкарыстоўваць можна толькі самыя простыя хлапушкі, астатняй піратэхніцы месца выключна на вуліцы! Эфектна салютаваць з балкона таксама не варыянт — вам патрэбна адкрытая пляцоўка, свабодная ад пабудоў, дрэў, лёгкіх на загаранне прадметаў і не бліжэй за 30 метраў ад лініі электраперадач ці берага вадаёма. Гледачоў неабходна размясціць на максімальна бяспечнай адлегласці, пазначанай у інструкцыі. Падпальваць кнот піратэхнічнага вырабу трэба на адлегласці выцягнутай рукі. Калі “навагодняя забаўка” не апраўдала вашых надзей і папросту не спрацавала — не спяшайцеся падпальваць яе зноў, рабіць гэта катэгарычна забараняецца!
Каб будучыя святы прайшлі без праблем, выконвайце гэтыя нескладаныя правілы, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі. Бяспечнага вам Новага года і Каляд!

Алеся ДЗЕНІСЕНКА,
Цэнтр прапаганды МНС Беларусі.