Фаршыраваная бульба

Стравы з бульбы — гэта заўсёды смачна і сытна! Яны не маюць патрэбы ў рэкламе, усе гаспадыні любяць і шануюць бульбу. У любой хаце яна займае на стале ганаровае месца. 

Бульба выдатна спалучаецца з любымі прадуктамі — рыбай, мясам, грыбамі, малаком, агароднінай, зелянінай. Бульбу смажаць, вараць, тушаць, запякаюць, робяць пюрэ, катлеты, аладкі, рагу. Нездарма народная мудрасць сцвярджае: “Хлеб — бацька, бульба — маці”.

Бульба — другі хлеб для беларуса, а стравы з бульбы — нязменны атрыбут кожнага стала. Не знойдзецца, напэўна, сям’і, дзе не любілі б гэтай агародніны. Далікатнае бульбяное пюрэ, салата, духмяная запяканка, зразы і аладкі з падліўкай, пірагі і дранікі — колькі цудоўных пачастункаў можна прыгатаваць. Гэты клубняплод дорыць нам невычэрпныя магчымасці для кулінарнай творчасці.

Сёння я хачу прапанаваць вам нескладаную страву, вартую таго, каб прысутнічаць на вашым святочным стале. Гэта фаршыраваная бульба. Яе галоўная вартасць — у даступнасці прадуктаў, арыгінальнасці і прастаце ў прыгатаванні.

Паверце, паспрабаваўшы гэтую страву, вы пераканаецеся, што нездарма стаялі ля пліты і трацілі час на прыгатаванне. Фаршыраваная бульба парадуе вас насычаным смакам і стане асалодай для ўсіх, хто яе прадэгустуе. Будзьце ўпэўнены: нават з простых прадуктаў можа атрымацца па-сапраўднаму смачная і вытанчаная ежа.

Для прыгатавання фаршыраванай бульбы нам спатрэбяцца наступныя інгрэдыенты:

•             Бульба — 1 кг

•             соль  — 1 ч.л.

•             соус — на смак

•             мука — 1 ст.л.

•             таматны сок — 1 шклянка

•             смятана — 150 г

•             алей рафінаваны — 1 ст.л.

Начынка:

•             фарш мясны — 200 г 

•             сметанковае масла — 1 ст.л.

•             кроп свежы — 1 галінка

•             цыбуля белая — 1 шт.

•             соль — 5 г

•             чорны перац — 1/4 ч.л.

•             чырвоны перац — 1/4 ч.л.

•             перац духмяны молаты — 3 дробкі

•             яйка — 1 шт.

•             сыр — 70 г

Бульбіны павінны быць аднолькавыя па памеры. Іх трэба памыць і адварыць у лупіне ў салёнай вадзе 15 мінут (не да поўнай гатоўнасці).

Ваду зліць, бульбу абліць халоднай вадой і абабраць. У кожнай бульбіне з процілеглых бакоў зрабіць зрэзы (для ўстойлівасці) і выняць з сярэдзіны частку мякаці.

Потым трэба прыгатаваць начынку. Цыбулю рэпчатую нарэзаць дробнымі кубікамі і змяшаць з мясам, кропам, сырам, яйкам і сметанковым маслам. Пасаліць, паперчыць і добра змяшаць.

 Гатовым фаршам напоўніць бульбіны і паставіць іх на змазаную алеем бляху. Зверху пакласці крыху смятаны (па палове чайнай лыжкі).

Запякаць у духоўцы 25—30 мінут пры тэмпературы 220—250оС.

Застаецца прыгатаваць падліўку. На па­тэльні разагрэць алей, дабавіць муку і злёгку падсмажыць. Развесці смятанай і дабавіць таматную пасту. Пракіпяціць, пасаліць, паперчыць. Падліўку падаваць асобна.

У начынцы замест мяснога фаршу можна выкарыстоўваць дробна нарэзаную рыбу або мікс з агародніны. Можна таксама начыніць бульбу смажанымі грыбамі або цыбуляй з яйкам.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.