Гранатавы смак у зімовы час

Захварэць зімой вельмі проста. Таму прафілактыка прастудных захворванняў у зімовы час і іх лячэнне — тэма, знаёмая ўсім.

З самага дзяцінства любое прастуднае захворванне суправаджалася для мяне нізкім гемаглабінам. Для дасягнення неабходнага паказчыка ў барацьбу ўступалі гематаген, грэцкія арэхі і гранат. Гранат стаў маім самым любімым.

Плод граната змяшчае 15 амінакіслот, такой колькасці няма больш ні ў адной садавіне. У ім утрымліваюцца солі жалеза, калію, ёду і крэмнію. Высокая каштоўнасць граната абумоўлена яго здольнасцямі памяншэння рызыкі запаленчых працэсаў. Напрыклад, пры ангіне і ларынгіце вельмі карысна як мага часцей паласкаць рот свежым сокам граната або ўжываць яго разам з мёдам. А яшчэ сок граната выкарыстоўваецца пры атэрасклерозе, астме і страўнікавых захворваннях. Вялікую карысць ад ужывання граната могуць атрымаць спартсмены і людзі з высокай фізічнай актыўнасцю.

Не сакрэт і тое, што зерне і сок граната выкарыстоўваюць не толькі ў свежым выгля­дзе, але і для гатавання смачных страў. Неабходна толькі ўзброіцца правільнымі рэцэптамі, і тады вы зможаце здзівіць родных непаўторным смакам карыснай хатняй ежы.

Плоў з гранатам

Інгрэдыенты: рыс — 250 г, філе курыцы — 2 шт., цыбуля — 2 шт., гранат — 2 шт. або 100 мл гранатавага соку, алей — 100 мл, куркума — 1/2 ч.л., соль — на смак.

Гатаванне. Курынае філе нарэзаць дробнымі кавалачкамі, абсмажыць у алеі, затым дадаць пачышчаную, дробна нарэзаную рэпчатую цыбулю, таксама злёгку абсмажыць. Затым уліць гранатавы сок, усыпаць куркуму і тушыць да гатоўнасці, перад заканчэннем тушэння пасаліць. Рыс адварыць асобна ў злёгку падсоленай вадзе, а перад падачай да стала вылажыць яго разам з тушаным філе.

Сырнікі з гранатам

Інгрэдыенты: тварог — 1 пачак, масла — 50 г, яйкі курыныя — 2 шт., цукар — 100 г, сок граната — 50 мл, манныя крупы — 2 ст.л., цэдра лімона — 1 ч.л., смятана — 2 ст.л.

Гатаванне. Інгрэдыенты змешваем, міксерам узбіваем да аднароднай масы. Гатовае цеста (смятаннай кансістэнцыі) выкладваем у форму для выпечкі, змазаную алеем. Выпякаем каля 40 хвілін пры тэмпературы 180 °С.

Падрыхтавала Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.