Карысць і шкода свежавыціснутых сокаў

Лета скончылася, і, пакуль ёсць магчымасць, варта на запас падсілкаваць свой арганізм вітамінамі. У гэтым нам дапамогуць агародніна і садавіна, а менавіта сокі (фрэш) і смузі. Карысныя якасці ёсць ва ўсіх сокаў, без выключэння. Аднак у залежнасці ад асноўнага кампанента каштоўныя ўласцівасці могуць мяняцца.


Калі вы жадаеце прывесці ў норму дзейнасць сасудзістай сістэмы і працу сардэчнай мышцы, аддайце перавагу фрэшу на аснове апельсіна, грэйпфрута, буракоў, ківі, гарбуза, вінаграду.

У выпадку, калі неабходна падняць жыццёвы тонус і нармалізаваць псіхаэмацыянальны фон, налягайце на свежавыціснутыя сокі з морквы, лімона, апельсіна, буракоў.

Калі стаіць мэта пахудзець або пазбавіцца некалькіх сантыметраў на таліі, гатуйце напой на аснове яблыка, ананаса, грэйпфрута, грушы, буракоў, вінаграду, гарбуза.

Каб падтрымаць працаздольнасць печані і нырак, а таксама ачысціць іх, ужывайце свежавыціснуты бурачны, вінаградны, грушавы, гарбузовы сок.

Пры малакроўі паспрабуйце фрэшы з морквы, яблыка або граната.

Карысць ад свежавыціснутых сокаў бясспрэчная, аднак не забывайцеся пра некаторыя меры засцярогі:

— журавінавы і таматавы сокі валодаюць мачагоннымі ўласцівасцямі, таму людзям з наяўнасцю камянёў або пяску ў нырках варта абмежаваць колькасць гэтых напояў;

— пры захворваннях ЖКТ знізьце спажыванне кіслых фрэшаў (з вішні, граната, яблыка);

— пры алергіі на харчовыя прадукты варта з асцярожнасцю ставіцца да ўсіх відаў сокаў;

— пры дыябеце неабходна адмовіцца ад салодкіх напояў (маркоўны, бурачны і апельсінавы павышаюць цукар у крыві — iх варта ўжываць у разведзеным выглядзе).

Асаблівасці ўжывання свежавыціснутага соку

Вітамінны комплекс захоўваецца ў фрэшы нядоўга, таму старайцеся выпіць сок адразу пасля гатавання ці ў першыя паўгадзіны (за выключэннем соку з буракоў, які перад ужываннем павінен настояцца на холадзе 2 гадзіны, каб не справакаваць ваніты або млоснасць). Не гатуйце напой на запас, ад яго не будзе карысці.

У свежавыціснутых соках змяшчаецца вельмі шмат фруктозы, таму перагледзьце свой рацыён харчавання, калі плануеце ўжываць сокі кожны дзень. Дадайце ў меню прадукты, якія змяшчаюць клятчатку і бялок для падтрымання ўзроўню цукру ў крыві.

Сутачная доза напою вагаецца ў межах 200—450 мл. Пачынайце з невялікай колькасці, дадаючы кожны дзень па 50—70 мл, і павышайце колькасць соку паступова.

Акрамя таго, свежавыціснуты сок варта піць асобна ад ежы. Ужываючы вітамінны напой адначасова з ежай, вы рызыкуеце зарабіць пякотку, болі ў страўніку, уздуцце, метэарызм і агульнае парушэнне стрававання.

Спецыялісты ў сферы правільнага харчавання рэкамендуюць гатаваць сокі ў блэндары, не забываючы папярэдне мыць агародніну, ягады і садавіну, пасля чаго ўжываць напой са шклянога посуду.

Змешвайце кампаненты ў ёмістасці, затым даводзьце блэндарам да аднароднасці. У выпадку, калі дабаўляецца арэх (міндаль, грэцкі, фундук і інш.), яго неабходна папярэдне абсмажыць.

Як піць свежавыціснутыя сокі правільна

Лепш піць фрэш да 14 гадзін. Але нельга ласавацца напоем на пусты страўнік — гэта справакуе раздражненне слізістай і развіццё гастрыту ці язвы.

Прымайце свежавыціснуты сок за 20—30 хвілін да асноўнай трапезы або перакусу. Ніколі не запівайце фрэшам ежу, каб не выклікаць уздуцце, дыярэю і іншыя праблемы.

Дыетолагі не раяць ужываць у абедзенны і вячэрні час свежавыціснутыя сокі на аснове ягад і садавіны, бо яны змяшчаюць вялікую колькасць хуткіх вугляводаў, якія прыводзяць да набору вагі.

Агароднінныя сокі ў адрозненне ад фруктовых і ягадных не павышаюць цукар у крыві (за выключэннем бурачнага і маркоўнага), таму піць іх можна па 1 шклянцы двойчы ў дзень да 13.00, не пазней.

Фрэшы неабходна прымаць за 30 хвілін да ежы або праз 1,5 гадзіны пасля. У ранішні час адразу пасля сну можна піць толькі бульбяны сок, усе астатнія — пад забаронай.

Чым разводзіць

Фрэшы, якія прыводзяць да павышэння кіслотнасці, разбаўляйце вадой у суадносінах 1:3. Усе астатнія — 2:1.
Свежавыціснутыя сокі змяшчаюць вітаміны розных груп, у тым ліку А, Е, К, D, для лепшага іх засваення дадавайце ў напой 30 мл тлустых вяршкоў.

Для зніжэння каларыйнасці сокаў можна дабавіць у напой 40 г мюслі або жытняга вотруб’я.

Нельга дадаваць у фрэш соль або цукровы пясок, паколькі сыпкія кампаненты запавольваюць усмоктванне арганізмам карысных рэчываў. Каб падсаладзіць, выкарыстоўвайце мёд.

Нярэдка ў сок дабаўляюць куркуму, мускатны арэх або карыцу для водару і смаку.

Дадавайце ў гатовы напой здробненую зеляніну пятрушкі, кропу, сельдэрэю. Спалучайце ягады з садавіной, агароднінай і наадварот.

Як захоўваць

Пераліце гатовы напой у шкляны посуд і закрыйце, затым пастаўце ў халадзільнік і выкарыстайце ў найбліжэйшыя 30 хвілін.

Каб выключыць узаемадзеянне вітамінізаванага кактэйлю з кіслародам, дадайце ў гатовы фрэш 5 мл соку лімона. У гэтым выпадку напой прастаіць да 1,5 гадзіны без страты якасці. Дапускаецца замарозка свежавыціснутага соку. Калі вы не паспелі ўжыць яго за адведзены тэрмін, пераліце ў кантэйнер і пастаўце ў маразілку. Для ўжывання размарозьце натуральным шляхам.

Кацярына СУХАВЕР,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.