Рыбны салат пад коўдрай з морквы

Не заўсёды ў нашым штодзённым меню прысутнічаюць першыя, другія стравы і дэсерты. Часам нам проста не хапае часу ці настрою, каб пастаяць ля пліты і нагатаваць ежы на цэлы дзень. І тады мы знаходзім выйсце са становішча, згатаваўшы адну карысную, сытную, надзвычай смачную страву.

Часта гаспадыні, вывучаючы розныя рэцэпты, імгненна пачына­юць успамінаць, ці ёсць у іх поўны пералік інгрэдыентаў, што прапісаны для закладкі ў будучую страву? Тут не трэба адчайвацца: калі ў вас чагосьці не хапае, некаторую агародніну можна замяніць. А таму вам карысна ве­даць: з рыбай выдатна спалучаецца агародніна — самая простая, напрыклад, бульба ці памідоры. Асаблівы смак мае зялёная агародніна, такая як артышокі, шпінат. Травы таксама выдатна падыходзяць — мята або пятрушка. Незвычайным і прыемным дадаткам можа стаць некаторая садавіна — лімон ці апельсін. Гарнір павінен паляпшаць і падкрэсліваць смак рыбы, ён не павінен быць занадта яркім, не павінен адцягваць увагу.

Сёння прапаную такі варыянт салата, які заваюе ўсіх, хто любіць рыбу і агародніну. Рыбны салат пад коўдрай з морквы цікавы і просты ў гатаванні. Усе інгрэдыенты ўкладваюцца слаямі, таму настойліва прапаную выкары­стоўваць вялікі посуд або празрыстую салатніцу, каб страва знешне выглядала прыгожа на святочным стале. Калі прычыны гатаваць на вялікае застолле няма, то коль­касць інгрэдыентаў рэцэпта смела можна падзяліць напалову.

Нам спатрэбіцца:

• рыба (вага вычышчанай рыбы або філе любой рыбы, у мяне — хек) — 800 г;

• вараны гарбуз — 400 г;

• памідоры — 400 г;

• яблыкі свежыя — 400 г;

• морква — 500 г;

• кукуруза марынаваная — 250 г;

• чарнасліў — 100 г;

• зеляніна пятрушкі — 1 пучок;

• рэпчатая цыбуля — 1,5 шт.;

• соль, перац на смак;

• алей для смажання;

• маянэз — 250 г;

• 2 лыжкі любога воцату (на шклянку вады);

• лімон — 1 шт.;

• лаўровы ліст;

• прыправа да рыбы;

• журавіны (для ўпрыгожвання) — 30—40 г.

У працэсе

Бяром вараны і астуджаны гарбуз і здрабняем яго (можна выкарыстаць блэндар), дадаём крыху солі і сок паловы лімона. Добра змешваем і выкладаем гарбуз на вялікую талерку першым слоем (я выкарыстаў шкляны посуд для выпякання памерам 27´27 см). Пасыпаем паверхню марынаванай кукурузай — гэта ўжо будзе другі слой салата.

Філе рыбы прамыць, абсушыць, нарэзаць на кавалкі. У каструлю наліць вады, пакласці зеляніну, нарэзаную палову цыбуліны, рыбу, лаўровы ліст, перац гарошкам, крыху падсаліць і адварыць да гатоўнасці. Гатовую рыбу выняць з каструлі, астудзіць і раза­браць на дробныя кавалачкі. Паліць сокам з другой паловы лімона, пасыпаць рыбнай прыправай і выкласці трэцім слоем.

Нарэзаць цыбулю паўкольцамі і абсмажыць на патэльні да залацістага колеру. Асобна на іншай патэльні абсмажыць памідоры да гатоўнасці і астудзіць іх. Нарэзаць папярэдне прамыты і абсушаны чарнасліў, злучыць гэтыя прадукты і выкласці чацвёртым слоем на страву.

Яблыкі нацерці на буйной тарцы або нарэзаць дробнымі кубікамі, пасля чаго адправіць у ваду з дзвюма лыжкамі воцату на 15 мінут марынавацца. Затым зліць усю вадкасць і дадаць масу пятым слоем да нашага салата. Пасля гэтага трэба добра змазаць паверхню салата маянэзам.

Моркву нацерці на буйной тарцы, абсмажыць на алеі (можна выкары­стаць ужо вараную моркву) і, раўнамерна размеркаваўшы яе па ўсёй паверхні, абкласці так, каб не прасвечваўся ніжні слой салата. Салат гатовы. Я ўпрыгожыў яго буйной сеткай з маянэзу, журавінамі і пятрушкай.

 Смачна есці! Буду рады, калі гэты рэцэпт вам спадабаецца і спатрэбіцца ў далейшым.

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.