Паводле ўсходняга гараскопу, у 2016 годзе мы ўступім у год Вогненнай Малпы. Лічыцца, што менавіта яна — сімвал неўтаймоўнай цікаўнасці і стваральнай энергіі. Астролагі ўсяго свету называюць яе сапраўдным рухавіком прагрэсу. Малпа цікавіцца практычна ўсім, але больш за ўсё — палітыкай і эканомікай. А калі ўлічыць, што яна не можа абысціся без таго, каб нейкім чынам не шакіраваць свет, то менавіта ў гэтых галінах і варта чакаць максімальных змен (у лепшым выпадку) або максімальных праблем (у горшым). Размах і імправізацыя — вось галоўныя прыкметы будучага года. Малпа не любіць, калі ўсё ідзе гладка і па загадзя складзеным плане. Яна абавязкова што-небудзь надзівачыць і прыдумае які-небудзь “галаўны боль” сабе і іншым. Як любая неўтаймоўная істота, гэтая жывёліна не церпіць забарон і абмежаванняў і абажае ўсунуць нос туды, куды яе не просяць.
Мужчынам 2016 год рыхтуе ўзлёты і падзенні: павышэнне па службе, перамену месца работы. Чакайце ў вашым акружэнні таямнічых апекуноў ці таемных нядобразычліўцаў. Малпа ўмее своечасова спыніцца, таму, трапіўшы ў глыбокую каляіну, не перажывайце, акалічнасці вельмі хутка дазволяць вам з яе выбрацца.
Жанчынам варта чакаць бурных любоўных прыгод. Замужнім дамам трэба асцерагацца здрад, а незамужнім можна разлічваць на вяселле. Жыццё ў сценах уласнага дома можа пайсці наперакос, аднак усё своечасова вернецца ў звыклае рэчышча. Малпа не можа рабіць некалькі спраў адначасова. Таму не спрабуйце ў новым годзе займацца адразу дзвюма ці трыма справамі. Штосьці ў выніку не ўдасца, акрэслівайце чарговасць. Малпа спрыяе людзям таленавітым, з божай іскрай у вачах. Такіх людзей яна не зачэпіць, наадварот, будзе іх усяляк заахвочваць, падтрымліваць у цяжкую хвіліну.
Выпраўляючыся да каго-небудзь у госці, нядрэнна прыхапіць у якасці падарунка мініяцюрнае японскае дрэва бансай, маленькую пальму ў вазоне або “дрэва шчасця” са штучных ці паўкаштоўных камянёў. Калі вашы сваякі ці сябры не здагадаюцца зрабіць вам такі падарунак у навагоднюю ноч, зрабіце яго сабе самі.
У чым сустракаць 2016 год?
Самыя актуальныя колеры навагодняй ночы — белы, бэжавы, залаты, сярэбраны і ўсе адценні карычневага. Увогуле, Малпа лаяльная і не пакрыўдзіцца, калі вы сядзеце за святочны стол у жоўтым, зялёным ці блакітным. Самае галоўнае — зрабіце акцэнт на каштоўнасцях і вырабах з натуральных камянёў, раяць астролагі.
Як сустракаць?
Каб Малпа ўвайшла ў ваш дом і засталася задаволенай аказаным прыёмам, пастарайцеся стварыць для яе звыклыя ўмовы. Павесьце пад столлю прыгожыя гірлянды — яны нагадаюць ёй ліяны ў джунглях і падымуць настрой. На бачным месцы пастаўце вялікую вазу з фруктамі — няхай Малпа паласуецца бананамі, ананасамі, вінаградам, апельсінамі. Дарэчы, верхавіну ананаса можна ўпрыгожыць бліскучай фольгай ці рознакаляровымі папяровымі стужачкамі.
Упрыгожваючы ёлку, яшчэ раз успомніце пра Малпу. Разам са звычайнымі цацкамі ёлку можна ўпрыгожыць грэцкімі арэхамі, загорнутымі ў бліскучую фольгу, ці пакласці пад галінкі некалькі прыгожых экзатычных фруктаў.
Што ставім на стол?
Ваш навагодні стол павінен быць непрадказальным, яркім і разнастайным. Бадай, гэта адзін з нямногіх знакаў, які аддае перавагу колькасці, якасці і майстэрству. Складаныя рэцэпты, цяжкую ежу і мудрагелістыя ўпрыгажэнні пакіньце для іншых выпадкаў. Вашымі галоўнымі арыенцірамі павінны стаць мінімалізм і разнастайнасць: простыя, але яркія смакі, багацце агародніны і фруктаў, мноства закусак і абавязкова некалькі варыянтаў дэсерту, пажадана парцыённых, бо Малпа вялікая ласуха.
Зеляніну, агародніну, фрукты, саленні і марынады пакладзіце на вялікія яркія талеркі. Мяса і рыбу лепш падаваць на маленькіх бутэрбродах ці шпажках у спалучэнні з агароднінай. Пастарайцеся, каб гарачыя стравы былі лёгкія для страўніка. Пажадана таксама, каб на сталах было шмат сокаў, замест бутэлечнай вады прыгатуйце морсы і кампоты. Асаблівую ўвагу ўдзяліце сервіроўцы навагодняга стала: крышталь, прыгожы фарфор, сталовыя прыборы і сурвэткі — усё павінна быць яркім, дарагім і абавязкова добрай якасці.
З надыходзячым вас Новым годам!
Грашовае гарачае
Есці сачавіцу за навагоднім сталом заведзена ў многіх краінах. Лічыцца, што яна прыносіць у дом дастатак і фінансавы дабрабыт. Сёння я хачу прапанаваць вам міжземнаморскі рэцэпт курыцы з сачавіцай.
Нам спатрэбіцца (на 5—6 порцый):
Курыныя ножкі — 6 шт. (рассякаем кожную на два кавалкі)
Памідоры — 3 шт.
Цыбуля — 2—3 шт., залежыць ад памеру (лепш за ўсё браць фіялетавую ці чырвоную)
Часнок — 4—5 зубкоў (ціснем)
Лаўровы ліст — 1 шт.
Сачавіца — 300 г
Балгарскі перац — 1 шт.
Баклажан — 1 шт.
Сок паловы лімона
Размарын — калі свежы, то адна галінка, сухі — 1/4 чайнай лыжкі
Соль і свежазмолаты чорны перац на смак
У працэсе:
У глыбокай каструлі з тоўстым дном абсмажваем кавалачкі курыцы з размарынам, дробна парэзанай цыбуляй і часнаком. Памідоры надзіраем на тарцы ці збіваем у блэндары, дадаём да курыцы. Сачавіцу мыем і высыпаем у каструлю, туды ж дадаём дзве шклянкі вады і лаўровы ліст. Пасля закіпання тушым пад накрыўкай 25 хвілін. Баклажаны і перац рэжам не вельмі буйнымі кубікамі, праз 25 хвілін закладваем іх у каструлю, туды ж выліваем свежавыціснуты лімонны сок і працягваем тушыць яшчэ 40 хвілін. За дзесяць хвілін да канца працэсу солім і перчым на смак і працягваем тушыць ужо да гатоўнасці.
Салат з кальмара
Нам спатрэбіцца:
2 буйныя тушкі кальмара
4 звараныя бульбіны ў мундзірах
2 цыбуліны
4 свежыя агуркі
4 салёныя ці марынаваныя агуркі
1 бляшанка кансерваванага гарошку
Маянэз
Соль, перац
У працэсе:
Кальмары пачысціць і зварыць. Астудзіць, нарэзаць кубікамі. Бульбу абабраць і нарэзаць кубікамі. Агуркі нарэзаць кубікамі. Цыбулю парэзаць дробна, высыпаць у друшляк і абліць кіпнем. Пакінуць, каб вада добра сцякла. Гарошак таксама адцадзіць на друшляк. Усё перамяшаць у салатніку, пасаліць-паперчыць, прыправіць маянэзам на смак, перамяшаць і адразу ж падаваць.
Памятка, як правільна зварыць замарожаныя кольцы кальмара
1. Выбраць белыя, буйна парэзаныя кольцы (звярнуць увагу, каб у пакеце не было лёду ці снегу).
2. За двое сутак да прыгатавання пакласці кальмары ў друшляк на місцы і пакінуць размарожвацца на самай халоднай паліцы ў халадзільніку (у нулявой камеры). Два разы на дзень зліваць ваду, якая будзе сцякаць у міску.
3. За гадзіну да прыгатавання дастаць кальмары з халадзільніка і пакінуць пры хатняй тэмпературы.
4. Прамыць кальмары пад халоднай праточнай вадой.
5. Закіпяціць вялікую колькасць вады. Пасаліць, дадаць лаўровы ліст і духмяны перац.
6. Апусціць кальмары ў кіпень на 2 хвіліны (не чакаць паўторнага закіпання вады). Роўна праз 2 хвіліны шумоўкай дастаць кальмары ў міску.
Астудзіць. Мяса кальмара атрымліваецца вельмі далікатным.
Дэсерт
Ласуны ацэняць гэты дэсерт у любую пару года, а ў навагоднюю ноч ён будзе надзвычай смачным.
Нам спатрэбіцца:
Бялок з 4 яек
Паўшклянкі цукру
Плітка горкага шакаладу
Каньяк — 3 сталовыя лыжкі
Сметанковае масла — 50 г
У працэсе:
4 бялкі і паўшклянкі цукру ўзбіць міксерам у пышную масу. На вадзяной лазні распусціць шакалад і масла, дадаць каньяк. Зняць з агню, злучыць з пышнай бялковай масай і яшчэ раз узбіць. Раскласці масу ў келіхі і паставіць у холад. Перад тым як падаць, пакладзіце зверху шарык марожанага або пасыпце арэхамі і здробленымі суха-фруктамі.
Міндальныя палоскі
Для цеста:
100 г размякчанага сметанковага масла
100 г цукровай пудры
1 яйка ці толькі жаўток
230—250 г мукі
Для начынкі:
50 г манкі
50 г молатага міндалю
125 г дробнага цукру-пяску
75 г распушчанага сметанковага масла
1 узбітае яйка
Міндальная эсэнцыя (па жаданні)
Жменька здробленага міндалю (міндальныя лісточкі)
50 г малінавага джэму
У працэсе:
1. Масла ўзбіць з цукровай пудрай у крэм, дадаць яйка ці толькі жаўток. Паступова дадаць муку і хутка замясіць цеста. Гатовае цеста загарнуць у плёнку і адправіць у халадзільнік на адну гадзіну.
2. Форму (24х19 см) змазаць маслам і заслаць паперай для выпечкі (папера павінна выходзіць за краі формы, так лягчэй будзе дастаць пірог). Духоўку нагрэць да 190°С. Цеста можна раскачаць у пласт і пакласці ў форму, а я адрываю па кавалачку і размяркоўваю па форме рукамі.
Цеста накалоць відэльцам і накрыць пакамечаным кавалкам паперы для выпечкі. На паперу насыпаць рыс, бабовыя ці керамічныя шарыкі для выпечкі “ўсляпую”. Я выкарыстоўваю шарыкі.
Выпякаць 10 хвілін. Паперу акуратна зняць. Тэмпературу ў духоўцы зменшыць да 170°С. Пакуль пячэцца аснова, зробім начынку. Злучым усе інгрэдыенты для начынкі, акрамя міндалю і джэму. Гатовую аснову змазваем малінавым джэмам.
Зверху лыжкай акуратна выкладваем начынку, стараючыся не перамешваць яе з джэмам. Начынку пасыпаем здробленым або цэлым міндалем, па жаданні.
Выпякаем прыкладна 30 хвілін ці да прыгожага залацістага колеру. Выпечку астудзіць і толькі пасля гэтага дастаць з формы і парэзаць на пірожныя.
Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі
шэф-кухараў Беларусі, член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.