Што такое ЗЛЖ

Пра ЗЛЖ ведае кожны, але што ж канкрэтна ўключае ў сябе гэтае паняцце?

Асноўнымі фактарамі здаровага ладу жыцця з’яўляюцца мінімізацыя стрэсу, водны баланс, сон, фізічная актыўнасць і здаровае харчаванне.

Стрэс называюць галоўнай прычынай хвароб, таму перш за ўсё пазбаўляемся ад крыніц стрэсу ці хаця б мінімізуем іх колькасць. Далей выбудоўваем адэкватны для сябе пітны рэжым. Колькасць вады падбіраецца індывідуальна, зыходзячы з вагі цела.

Сон — не менш важны фактар здаровага ладу жыцця, бо менавіта дэфіцыт мелатаніну з’яўляецца адной з прычын развіцця анкалогіі. Лепш класціся спац­ь да 12 гадзін ночы, а падымацца — у 6—7 раніцы, калі арганізм знаходзіцца на натуральным піку гармонаў. Так будзе прасцей прачнуцца і заставацца бадзёрым з самай раніцы.

Забяспечце сабе штодзённую фізічную актыўнасць, у сярэднім 7000—10 000 крокаў у дзень на свежым паветры. Можна пагуляць з дзецьмі ў парку або прайсці пешшу да далёкага магазіна. Не заседжвайцеся на рабочым месцы, устаньце, паскачыце, папрысядайце. Фізічная нагрузка, якую вы размеркавалі на працягу дня, нашмат больш карысная, чым трэнажорная зала тры разы на ты­дзень. Хоць карысць сілавых трэніровак ні­хто не адмяняе, пачынаць важна плаўна, без стрэсу.

І самая спрэчная тэма — здаровае харчаванне. На жаль, няма адзінай схемы для ўсіх, таму што кожны арганізм — індывідуальная, складаная і тонкая экасістэма, да якой трэба прыслухоўвацца.

Пачаць можна з самадыягностыкі, даступных матэрыялаў па гэтай тэме дастаткова. Калі вы выраўнуеце рэжым дня, будзе прасцей пачуць патрэбы арганізма. Сядайце за стол выключна, калі галодныя, перастаньце пераядаць. Абавязкова ўжывайце жывёльныя і раслінныя бялкі, не грэбуйце тлушчамі. Мінімізуйце цукар у рацыёне — гэта лепшая дыета.

Прытрымліваючыся простых правіл сістэматычна, цярпліва, праз некаторы час вы ўбачыце, што жыццё набывае яркія фарбы, бо самаадчуванне адлюстроўваецца на ўсіх сферах жыцця. Ваша здароўе — самы каштоўны рэсурс, і так важна клапаціцца пра яго.

Вольга ЦІМОХАВА,
фельчар-валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.