Святочныя мядовыя пернікі

Набліжаецца Мядовы спас. А калі прыходзіць свята, хочацца згатаваць штосьці душэўнае, прыгожае, незабыўнае. Тое, што я прапаную вам сёння, — святочныя мядовыя пернікі. Гатуюць іх ужо шмат стагоддзяў.

Увогуле, пісьмовыя згадкі пра мядовыя аладкі са спецыямі з’яўляюцца каля 350 гадоў да н.э. Пра тое, што мы цяпер называем пернікамі, ведалі старажытныя егіпцяне і рымляне.

Згадкі пра пернікі ў славянскіх плямёнаў з’явіліся яшчэ ў часы Кіеўскай Русі, каля IX стагоддзя, і называліся пернікі тады “мядовым хлебам”, як няцяжка здагадацца — з-за галоўнага інгрэдыенту — мёду, які складаў амаль палову масы ўсяго прадукту. Мука ж для “мядовага хлеба” бралася жытняя, замешаная на соку з лясных ягад і, вядома ж, мёдзе. Па прычыне адсутнасці іншых прысмакаў, акрамя мёду і ягад, у пернікі дадавалі шмат разнастайных траў, садавіны, зерня і карэнняў ядомых раслін.

У XVII—XIX стагоддзях пернікавая справа была вельмі распаўсюджаным народным промыслам. У кожнай мясцовасці выпякалі свае пернікі па традыцыйных рэцэптах. Сакрэты вырабу перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Сёння я прапаную згатаваць мядовыя пернікі ў выглядзе розных фігурак.

Для эфектнага знешняга выгляду пернікаў вам прыйдзецца падфарбаваць глазуру харчовымі фарбавальнікамі (натуральныя хатнія, на жаль, не дадуць яркіх адценняў), але, пагадзіцеся, часам імі карыстацца цалкам дапушчальна. І абавязкова прыцягніце да працэсу “кандытарскага малявання” малодшае пакаленне: яны будуць проста ў захапленні ад такой ідэі.

Нам спатрэбіцца:

Для цеста:

мука — 525 г;

какава — 1 ч. л.;

карыца — 1 ч. л.;

молатыя імбір, перац, мускатны арэх — па 1 ч.л.;

соль — 1 ч. л.;

разрыхляльнік — 1 ч. л.;

сметанковае масла 82,5% — 225 г;

цукар — 170 г;

ванільны цукар — 2 упакоўкі (16 г);

мёд — 185 г;

яйка — 1 шт.

 Для дэкору:

глазура са смакам лімона — 1 упакоўка;

пасыпка каляровая “Шарыкі”;

каляровыя пасыпкі і дэкор-міксы.

Спосаб гатавання:

У размякчанае сметанковае масла дадайце цукар, ванільны цукар, спецыі, какаву і ўзбіце масу да пышнасці.

У гатовую масу дадайце соль, яйка і мёд. Змяшайце лапаткай або міксерам.

У асобнай місцы змяшайце муку, разрыхляльнік цеста, затым дадайце сметанковую масу і замяшайце цеста.

Гатовае цеста загарніце ў харчовую плёнку і адпраўце ў халадзільнік на 1 гадзіну.

Астуджанае цеста выкладзіце на пергамент і раскачайце паміж двума лістамі таўшчынёй 0,5 см.

Выражце формачкамі для цеста нарыхтоўкі для будучых пернікаў.

Прыбярыце лішняе цеста і адпраўце нарыхтоўкі ў разагрэтую да 190°С духоўку на 7—10 мінут да ўтварэння залацістай скарыначкі.

Дастаньце з духоўкі пернікі і дайце ім астыць.

Згатуйце глазуру па інструкцыі на ўпакоўцы.

Гатовую глазуру змясціце ў кандытарскі мяшок, выкладзіце хутка, кругавымі рухамі на пернікі. Зверху ўпрыгожце пасыпкай, пакуль глазура не застыла.

Мае парады:

Не выпякайце за адзін заход цеста рознага памеру. Маленькія пернікі будуць гатовы, а вялікія яшчэ не прапякуцца.

Падзяліце глазуру на некалькі частак і кожную афарбуйце харчовымі фарбавальнікамі. Пасля гэтага на вырабах можна будзе маляваць любыя ўзоры.

Цеста пернікаў можна спакаваць у пластыкавы пакет і прыбраць у халадзільнік на больш доўгі час, чым паказана ў рэцэпце. Якасць ад гэтага не пагоршыцца. Больш за тое, пасля знаходжання на холадзе цеста стане больш пластычным і зручным для раскочвання і выразання фігурак.

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.