Вельмі смачны, далікатны і не складаны ў гатаванні закусачны торт з кабачкоў, з мінімальным наборам прадуктаў. Торт з кабачковых блінцоў можна гатаваць і проста да вячэры, і да ўрачыстага застолля. Няхай гэты торцік не салодкі, але атрымліваецца ён такім незвычайным, апетытным і яркім, што вашы дамачадцы і госці будуць у захапленні. І, магчыма, не адразу павераць, што гэтую эфектную закуску можна згатаваць з кабачкоў. А калі павераць, то будуць прасіць рэцэпт.
Інгрэдыенты для блінцоў:
невялікія кабачкі — 5 шт.; цыбуліна — 1 шт.; яйкі буйныя — 3 шт.; мука — 8 ст. лыжак (поўных, з верхам); алей — 1 ст. лыжка ў цеста, плюс для абсмажвання; соль — на смак; перац молаты чорны — дробка.
Кабачкі прамываем, націраем на буйной тарцы. Маладыя кабачкі абіраць не трэба, а ў старых лепш выдаліць скурку і насенне.
Адціскаць не трэба, пакуль не пасолім, шмат соку не будзе. Дадаём яйкі і муку, размешваем, солім перад самай выкладкай на патэльню.
Гатовае цеста не павінна атрымацца вадзяністым.
Будзьце гатовы да таго, што мукі можа спатрэбіцца больш ці менш, чым паказана ў рэцэпце. Арыентуйцеся не на колькасць мукі, а на пажаданую кансістэнцыю цеста.
Для смажання блінцоў бяром патэльню сярэдняга дыяметра (каб атрымаўся прыгожы торт), наліваем алей і няхай добра праграваецца.
Праверыць, ці дастаткова добра алей разагрэўся на патэльні, можна простым спосабам. Апусціце ў яго драўляную лапатку. Калі вакол яе сабраліся бурбалкі, значыць можна прыступаць да працэсу смажання.
Толькі потым выкладваем цеста ў выглядзе бліна, але не вельмі тонка. Гатуем на сярэднім агні, акуратна лапаткай пераварочваем, абсмажваем па некалькі хвілін з кожнага боку да залацістай скарыначкі. Блінцы будуць лёгка пераварочвацца, калі цеста атрымалася даволі густым. Гатовыя блінцы раскладваем на дошцы, няхай астываюць.
Для праслойкі блінцоў:
зеляніна кропу, часнок, маянэз; памідор — 1 шт.; шпроты — 1 бляшанка.
Змешваем маянэз і здробненыя зубчыкі часнаку, перчым. Памідор наразаем кружкамі.
Застаецца толькі сабраць кабачковы торт. Прамазваем блінцы часночным крэмам, адны пласты пракладваем шпротамі, іншыя лустачкамі памідораў.
Робім з раніцы, каб настаяўся ў халадзільніку. Атрымліваецца незвычайна, сытна, вельмі сакавіта.
З павагай і любоўю, Анатольеўна.
Наталля ЮШКЕВІЧ.
Фота аўтара.