Усё пра яблыкі

Англійская прыказка гаворыць: “Калі ты будзеш з’ядаць адзін яблык або моркву, доктар забудзе дарогу ў твой дом”. Яблык змяшчае да 80% вады, астатнія 20% — карысныя рэчывы: клятчатка, арганічныя кіслоты, пекцінавыя і дубільныя рэчывы, мікраэлементы — калій, натрый, кальцый, магній, фосфар, жалеза, ёд, а таксама вітаміны А, С, Е (прыродныя антыаксіданты), групы В, РР і іншыя.

Яблычная, лімонная і вінная кіслоты, якія змяшчаюцца ў яблыках, спыняюць працэсы гніення і браджэння ў кішэчніку, што спрыяе яго прыроднаму ачышчэнню і аднаўленню. Дзякуючы наяўнасці пекціну і валокнаў, яблыкі добра ўплываюць на зніжэнне ўзроўню халестэрыну ў крыві, валодаюць ачышчальным дзеяннем для арганізма. Штодзённае ўжыванне двух яблыкаў дазваляе знізіць на 16% узровень халестэрыну ў крыві. Дубільныя рэчывы ў спалучэнні з каліем, якія змяшчаюцца ў яблыках, дапамагаюць прафілактыцы падагры і мочакаменнай хваробы.

У яблыках, асабліва ў нядаўна сарваных, даволі многа вітамінаў. Яны прадстаўлены ледзь не ўсім вітамінным радам. Вітамін В2 ратуе твар ад прышчоў, валасы — ад перхаці, губы — ад трэшчын і болек, а вітамін В1, які таксама прысутнічае ў сакавітых пладах, лёгка спраўляецца са стомленасцю, дэпрэсіяй, раздражняльнасцю і бяссонніцай. Вітамін В9 (фоліевая кіслата) і вітамін РР адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў у арганізме.

Яблыкі, асабліва зялёныя і кіслыя гатункі, багатыя на вітамін С, які добра ўздзейнічае на імунную сістэму, умацоўвае сценкі сасудаў, змяншае іх пранікальнасць для таксінаў, знімае ацёкі, спрыяе хуткаму аднаўленню сіл пасля доўгай хваробы. Яблыкі змяшчаюць прыродныя антыбіётыкі — фітанцыды, якія самі па сабе згубна ўздзейнічаюць на бактэрыі і вірусы. Плады з невысокай колькасцю цукроў уплываюць на хістанне ў крыві цукру, яны паказаны хворым на цукровы дыябет. Наяўнасць у яблыках вялікай колькасці жалеза робіць іх незаменнымі пры лячэнні малакроўя.

Яшчэ важная ўласцівасць: рэгулярнае ўжыванне яблыкаў і яблычнага соку спрыяе прадухіленню разбурэння клетак мозга, які прыводзіць да страты памяці.

Даказана, што ў насенні яблыка змяшчаюцца біялагічна актыўныя рэчывы, вітаміны і ферменты, якія прадухіляюць узнікненне раку. Таксама лічыцца, што 5—6 яблычных зернетак цалкам пакрываюць сутачную патрэбу ў ёдзе. Але гэтае ўжыванне павінна быць у невялікай колькасці.

Біялагічная каштоўнасць яблыкаў, безумоўна, высокая, а энергетычны складнік, наадварот, нізкі. Вось чаму яблыкі так шырока выкарыстоўваюцца з дыетычнай, лячэбна-прафілактычнай мэтай, у касметалогіі. Яны змяшчаюць мала калорый, таму з’яўляюцца цудоўным дыетычным прадуктам для тых, хто хоча пахудзець. Напрыклад, у 100 г свежага яблыка змяшчаецца ўсяго толькі 47 ккал, 100 г печаных яблыкаў змяшчаюць каля 66 ккал і таксама не зробяць шкоды фігуры. Прадукт у сваім складзе практычна не мае тлушчаў, аднак мае вугляводы. У 100 г сушаных яблыкаў 253 ккал, так што захапляцца імі не варта, калі вы хочаце захаваць сваю вагу.

Лепш за ўсё ўжываць свежыя плады ў натуральным выглядзе і ў выглядзе соку. Чым больш яблыкі ляжаць, тым вітамінаў становіцца менш. Найбольш карысны дробныя, кіслыя і дзікія яблыкі. Яны змяшчаюць у дзесяць разоў больш карысных рэчываў, чым глянцавыя апрацаваныя плады.

Свежыя яблыкі заўсёды выклікаюць вялікае выдзяленне страўнікавага соку, таму асабліва карысна з’ядаць у час абеду яблык тым, хто вечна некуды спяшаецца і таму не вельмі старанна перажоўвае ежу. Ну і, нарэшце, печаныя яблыкі карысны пры хранічных запорах, свежыя — пры гастрытах і калітах, авітамінозе.

Пры ўжыванні яблыкаў трэба мець на ўвазе, што ў залежнасці ад паказанняў неабходна падбіраць гатункі, якія найбольш падыходзяць па сваіх біяактыўных уласцівасцях. Напрыклад, свежыя кісла-салодкія яблыкі рэкамендуюцца пры гастрытах, пры спастычных калітах, дыскінезіі (парушэнне рухаў) жоўцевых шляхоў з паніжанай кіслотнасцю страўнікавага соку. І наадварот, кіслыя гатункі не ўжываюць пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гастрытах з павышанай кіслотнасцю. Пры атлусценні праводзяцца разгрузачныя “яблычныя дні”, гэта значыць, адзін раз на тыдзень сутачны рацыён складаецца толькі з 1—1,5 кг яблыкаў, якія ўжываюцца за 5 прыёмаў. Такія ж “яблычныя дні” карысны пры ацёках і гіпертанічнай хваробе.

Толькі што прыгатаваны яблычны сок, які валодае выяўленым сакагонным, жаўцягонным і мачагонным дзеяннем, п’юць пры халецыстытах, нырачнакаменнай хваробе, страўнікава-кішачных захворваннях, атэрасклерозе, парушэннях абмену рэчываў (атлусценне, артрыты, падагра). Пры гіпавітамінозах у дзяцей вельмі карысны сумесі сокаў са свежай агародніны і садавіны, якія гатуюцца перад ужываннем: морква, яблык, бурак (пароўну); яблык — 6 частак, морква — 4 часткі; яблык, морква, брусніцы (пароўну, дабаўляць цукар на смак); яблык, морква, чарнаплодная рабіна (пароўну, дабаўляць цукар на смак); яблык, чырвоныя парэчкі, чарніцы (пароўну, цукар дабаўляць на смак).

Яблычны штрудзель

Нам спатрэбіцца 300 г мукі, 120 мл вады, 50 г алею, 0,5 ч. лыжкі солі, 4—5 яблыкаў, 200 г разынак, 100 г грэцкіх арэхаў, 5 ст. лыжак цукру, 25 г сметанковага масла, 1 ч. лыжка карыцы, 100 г цукровага пячэння або сухароў.

Муку прасейваем, дадаём соль, ваду і алей. Замешваем не вельмі крутое цеста і ставім яго на 30 хвілін у халадзільнік.

Мыем, чысцім і наразаем кубікамі сярэдняга памеру яблыкі. Разынкі прамываем і заліваем кіпнем, каб набухлі. Арэхі здрабняем. Усё адпраўляем на патэльню з растопленым сметанковым маслам, дадаём цукар і карыцу і крыху карамелізуем.

Дастаём цеста з халадзільніка і вельмі тонка яго раскачваем у выглядзе прамавугольніка. Пасыпаем здробленым цукровым пячэннем або сухарамі. Шумоўкай выкладваем начынку і закручваем рулет. Выкладваем на бляху швом уніз і выпякаем у духоўцы, разагрэтай да 180 °С, 20—30 хвілін. Падаём, пасыпаўшы цукровай пудрай.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст санітарна-эпідэміялагічнага аддзела
Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.