Ужывайце ёгурты

Ёгурт — гэта кісламалочны прадукт, які атрымліваецца ў выніку сквашвання малака спецыфічнымі ёгуртавымі бактэрыямі. Ёгурту ўжо больш за 7 тысяч гадоў, радзімай яго лічаць Балгарыю.


У “жывым” ёгурце змяшчаюцца жывыя закваскі і мікробныя культуры балгарскай палачкі і тэрмафільнага стрэптакока. Ён у працэсе вытворчасці не награваецца, і кансерванты ў яго не дабаўляюцца. Тэрмін прыдатнасці жывога ёгурту не можа перавышаць 30 дзён. Ёгурт “нежывы” пасля падрыхтоўкі падвяргаецца тэрмічнай апрацоўцы, у яго дабаўляюцца кансерванты для павелічэння тэрміну захоўвання. Пасля пастэрызацыі жывыя культуры, вядома, не выжываюць, у лепшым выпадку ў ёгурце прысутнічаюць толькі іх сляды.

Ёгурт багаты на прабіётыкі, так званыя карысныя бактэрыі, якія пакрываюць сценкі стрававальнай сістэмы. Прабіётыкі рэгулююць страўнікава-кішачную мікрафлору, умацоўваюць імунную сістэму і карысныя пры запаленчых захворваннях кішэчніка. Карысныя бактэрыі таксама могуць павысіць устойлівасць арганізма да інфекцый і скараціць працягласць страўнікава-кішачных і рэспіраторных інфекцый.

Шэраг даследаванняў, звязаных з адным з самых страшных захворванняў — ракам, паказаў, што рэгулярнае спажыванне ёгурту можа знізіць рызыку каларэктальнага раку і раку стрававальнага тракту.

Калі вы пакутуеце на сезонную алергію, то штодня ўжывайце шклянку ёгурту. Прабіётыкі, якія змяшчаюцца ў ім, будуць не толькі падтрымліваць здароўе страўніка, але і знізяць рэакцыю арганізма на пылок і іншыя тыпы алергенаў.

Ёгурт рэкамендуецца ў якасці лёгкай ежы да або пасля трэніроўкі. Карысныя вугляводы і бялкі, якія змяшчаюцца ў ім, дапамогуць зрабіць трэніроўку лягчэйшай, дадуць неабходную энергію да і пасля заняткаў спортам дзякуючы вітамінам групы B, якія змяшчаюцца ў ёгурце.

Вагінальныя інфекцыі — агульная праблема жанчын. Па даных балгарскіх даследчыкаў, жывыя культуры, якія змяшчаюцца ў некаторых відах ёгурту, маюць Ph ніжэйшы за вагінальны і паскараюць лячэнне згаданых інфекцый.

Адзін кубак ёгурту змяшчае прыблізна 400 мг кальцыю, які неабходны для здаровых касцей і зубоў. Ужыванне багатых на кальцый прадуктаў можа прадухіліць астэапароз. Акрамя таго, у многія віды ёгурту дабаўляецца вітамін D, які выкарыстоўваецца ў спалучэнні з кальцыем для дадатковага лячэння гэтага захворвання.

Двухгадовае даследаванне ў Іспаніі, у якім удзельнічала больш за 5000 чалавек, пацвярджае ўзаемасувязь паміж малочнымі прадуктамі і артэрыяльным ціскам. Вынікі паказалі, што пры ўжыванні малочных прадуктаў не радзей за два разы на дзень на 50% зніжаецца рызыка развіцця высокага артэрыяльнага ціску.

Але памятайце, што чым больш у ёгурце штучных інгрэдыентаў, тым менш ад яго карысці. Старайцеся больш ужываць натуральных і не занадта салодкіх ёгуртаў. А лепш наогул гатаваць іх дома — гэта і танней, і надзейней. Самая галоўная карысць такога ёгурту — у яго натуральнасці, хаця пры няправільным гатаванні гэты прадукт можа нашкодзіць, паколькі невыкананне правіл гігіены правакуе размнажэнне патагенных бактэрый.

З ёгурту атрымліваюцца смачныя дэсерты, з яго можна рабіць крэмы, дабаўляць яго ў супы і другія стравы. Яго можна замарожваць і есці як марожанае, выкарыстоўваць замест смятаны. Ёгурт зусім не абавязкова павінен быць салодкім ці са смакам кіслага малака. У Балгарыі, напрыклад, любяць ёгурт з соллю, кропам і часнаком.

Аксана БАЯРКІНА,
урач-эпідэміёлаг ЦГЭ Ленінскага раёна Мінска.