Фаршыраваны перац — смачная і каларыйная страва, якую парознаму гатуюць у многіх краінах. Напрыклад, у італьянскім Неапалі існуюць два варыянты начынкі. У першым выпадку гэта смажаныя баклажаны, аліўкі, кілька, чэрствы хлеб, а ў другім — спагеці. Дарэчы, менавіта варыянт са спагеці сустракаецца як адзін з самых першых варыянтаў начынкі перцу. Існуюць варыянты начынкі з агародніны, сыру, рыбы або нават суніц.
Як і добра вядомы зараз суп гаспача і піца, фаршыраваны перац паходзіць з кухні беднякоў. А фаршыравалі перац, каб выкарыстаць рэшткі мяса, спагеці, рысу і іншых кампанентаў.
У балгарскім перцы ёсць вітамін P, які спрыяе засваенню вітаміна С. Тандэм гэтых вітамінаў зніжае рызыку ўзнікнення інсульту, бо робіць сценкі сасудаў больш эластычнымі і чысціць іх ад халестэрынавых бляшак. А дзякуючы вітаміну B у аматараў салодкага перцу паляпшаецца настрой, стан скуры і валасоў, наладжваецца здаровы сон.
Балгарскі перац зніжае рызыку захворвання на рак любой лакалізацыі, таму людзям, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, варта ўзяць гэтую агародніну на ўзбраенне для прафілактыкі злаякасных пухлін.
Набліжаецца час каляднага посту, і я прапаную посны варыянт фаршыраванага перцу. Начынка будзе з рысу, морквы, цыбулі, часнаку і смажаных лісічак.
Інгрэдыенты: 10 сярэдніх балгарскіх перцаў (можна ўзя ць перац розных колераў, у мяне быў толькі чырвоны), 1 шклянка рысу, 2—3 невялікія цыбуліны, 1 шклянка замарожаных лісічак (у сезон лепш выкарыстоўваць свежыя), 1 сярэдняя морква, некалькі долек часнаку, соль, рафінаваны алей, натуральная сумесь перцаў, лімон і кроп для ўпрыгожвання.
У працэсе: Лісічкі ачысціць і варыць у кіпені да гатоўнасці на працягу 20 мінут. Дробна парэзаць.
Пачысціць моркву, цыбулю і часнок. Моркву нацерці на буйной тарцы. Цыбулю нядробна нарэзаць. Часнок здрабніць. Падсмажыць на алеі спачатку моркву, а потым і цыбулю да лёгкага залацістага колеру. Дабавіць лісічкі і смажыць яшчэ мінуту. Галоўнае: не надта засмажваць начынку. Пасаліць на свой смак і дабавіць часнок.
Рыс прамыць і пакінуць у цёплай вадзе (35—40оС) на 2 гадзіны. Потым падсмажыць яго на алеі на працягу 5 мінут, дабавіць вады, пасаліць і згатаваць да гатоўнасці.
Ваду з рысу зліць і змяшаць з начынкай.
Перцы вымыць, пачысціць, разрэзаць на 2 часткі. Напоўніць начынкай.
Вогнетрывалую шкляную форму змазаць алеем. Вылажыць перцы і паставіць страву ў загадзя разагрэтую да 180 °С духоўку прыкладна на 20 мінут.
Гатовыя перцы трэба вылажыць на талерку і ўпрыгожыць долькамі лімона і галінкамі кропу. Пасыпаць сумессю перцаў. Тым, хто не прытрымліваецца посту, рэкамендую падаваць гэтую страву са смятанай вялікай тлустасці.
Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 10 Брэста.
Фота аўтара.