На радасць сабе і людзям

Вельмі важна, каб вольны час дзяцей быў напоўнены цікавымі і карыснымі справамі. З гэтай мэтай для выхаванцаў аддзялення сацыяльнага прытулку ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Пружанскага раёна праводзяцца заняткі па інтарэсах, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца маляваннем, цестапластыкай, бісерапляценнем, аплікацыяй і іншымі відамі мастацтва, а таксама вырабляюць сувеніры з падручнага матэрыялу. Гэта добра развівае творчыя здольнасці дзяцей.

Усацыяльна-педагагічны цэнтр прыходзяць дзеці рознага ўзросту, у тым ліку з АПФР. Вельмі важна знайсці індывідуальны падыход да кожнага. Асаблівыя дзеці маюць пэўныя цяжкасці ў засваенні вучэбнага матэрыялу ў школе, чаго не скажаш пра творчую дзейнасць. Педагогі цэнтра шчыра здзіўляюцца фантазіі і творчым увасабленням выхаванцаў з АПФР.


У аб’яднанні па інтарэсах “Фантазёры-мастакі” дзеці спасцігаюць сакрэты выяўленчага мастацтва, асвойваюць нетрадыцыйныя прыёмы малявання. Тэматыка работ даволі разнастайная і часта прымяркоўваецца да пэўнага свята, адпавядае пэўнай пары года, адлюстроўвае розныя з’явы прыроды. Незвычайныя прыёмы, сродкі і тэхнікі малявання выклікаюць у дзяцей вялікую цікавасць. Сярод іх: пальчыкавы жывапіс, кляксаграфія, манатыпія, гратаж, цісненне, фратаж, кубізм, ніткаграфія, маляванне воскам, афарбаванымі і звычайнымі маннымі крупамі, пластылінам і інш.


Пры выкарыстанні ніткаграфіі ў дзяцей добра развіваюцца ўяўленне і фантазія, паколькі гэты прыём патрабуе дадумаць і дамаляваць вобраз, атрыманы з дапамогай афарбаванай ніткі. Выхаванцам вельмі падабаецца маляваць ніткай на кардоне. Атрымліваецца своеасаблівая кардонная вышыўка. Гэтая тэхніка выконваецца як з выкарыстаннем іголкі, так і без яе.


Карціны, вырабленыя дзецьмі, экспануюцца на выставе і ўручаюцца гасцям. Замест падораных работ з’яўляюцца новыя. Важна, што дзеці выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці не толькі малюнкі з інтэрнэту, але і ўласныя. У аб’яднанні ахвотна займаюцца як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. І гэта нядзіўна. Творчасць аб’ядноўвае ўсіх.

Вольга КАРАЛЬКЕВІЧ,
выхавальніца сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пружанскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*