Бяспека з пялёнак

Дзіця пазнае свет з першых дзён жыцця. Гэта яго права — усюды соваць нос, хапаць тое, што дрэнна ляжыць, разбіраць па шрубках усё тое, што дрэнна закручана, і абавязкова каштаваць тое, што не паддаецца іншым метадам пазнання. Абавязак бацькоў — ахоўваць дзіця ад усяго таго, што тоіць пагрозу для здароўя і жыцця.

Я вельмі ўважліва сачу за развіццём свайго малыша”, — запэўнівае мама на прыёме ў паліклініцы. Я ёй веру, як, зрэшты, і іншым мамам, якія выхоўваюць малышоў. І пры гэтым ведаю, колькі небяспек стаіць на шляху ў дзіцяці, пакуль яно вырасце.

Маленькія дзеці не ўсведамляюць рызыкі — у іх проста няма вопыту, але вопыт і прадбачанне небяспек павінны быць у бацькоў.

Да 6 месяцаў

  • Нават аднамесячнае дзіця можа нечакана перавярнуцца, таму яго ні на хвілінку нельга пакінуць аднаго, прадухіляючы рызыку падзення.
  • Бацькі павінны прадугледзець, каб дзіцячы ложачак быў не толькі зручным, але і бяспечным, бо малыш можа прасунуць ножку і нават галаву паміж прутамі агароджы.

Ад 6 месяцаў да 1 года

У гэтым узросце сустрэць небяспеку малышу яшчэ прасцей, бо ён пачынае поўзаць, а потым і хадзіць. На гэты перыяд ёсць правілы, пра якія баць­кі павінны памятаць заўсёды!

  • Самыя небяспечныя рэчы (лекі, бытавую хімію, колюча-рэжучыя прадметы) прыбярыце ў шафы на верхнія паліцы.
  • Адключайце ад сеткі бытавыя электрапрыборы, якія ў гэты момант не патрэбныя. Усе свабодныя электраразеткі павінны быць з засцерагальнікамі.
  • Скарыстайцеся ахоўнымі замкамі для ручак і дзвярэй усіх шаф і шафак.
  • Абагравальныя батарэі лепш закрыць спецыяльнымі шчытамі, а вост­рыя вуглы мэблі — пластыкавымі накладкамі.
  • Міскі для дамашніх жывёл павінны быць недаступны дзіцяці.
  • Без шкадавання адмоўцеся на час ад усіх штор і абрусаў, якія звісаюць.
  • Часцей глядзіце на падлогу: там не павінны валяцца шпількі, гузікі і
    іншыя дробныя рэчы.
  • Майце на ўвазе, што 80% траўм у малышоў прыпадае на прышчэмленыя і прыціснутыя пальцы.
  • Заўсёды вывучайце абмежаванні, адзначаныя на ўпакоўках цацак, і прытрымлівайцеся іх. Сачыце, каб зламаная цацка не трапіла да малыша, бо нават соска можа разваліцца на некалькі частак у роце.

Свет дзіцяці з 1 да 3 гадоў яшчэ больш прывабны. Ёсць многа рэчаў, якія трэба пачапаць і вывучыць. Усё гэта можа стаць прычынай траўм, інфі­цыравання. Так што да пары, да часу няхай дзіця вывучае свет пад вашым строгім наглядам і пры вашай клапатлівай “цэнзуры”.

І яшчэ, парады бацькам, што рабіць, калі дзіця…

* Ударыла галаву. Пастарайцеся супакоіць дзіця, ­пакласці ў пасцель у зацемненым ­пакоі, прыўзды­міце галаўны аддзел. Агледзьце месца ўдару. Калі там з’явілася гематома — неабходна прыкладаць лёд, закручаны ў тканіну, або іншы халодны прадмет. Калі на месцы ўдару крываточыць ранка — акуратна пратрыце тампонам, намочаным у трохпрацэнтным растворы перакісу вадароду. Уважліва назірайце за дзіцем: калі ў яго з’явілася рвота, галавакружэнне, незвычайная капрыз­насць, санлівасць — тэрмінова выклікайце хуткую дапамогу.

* Парэзалася і абдрапалася. Ранку, драпіну неабходна прамыць пад праточнай вадой (дазваляе выдаліць забруджванні і звузіць крывяносныя сасуды), далей працерці тампонам, намочаным у трохпрацэнтным растворы перакісу вадароду. Краі раны (толькі краі) трэба апраца­ваць зялёнкай або ёдам і накласці стэрыльную павязку. Калі рана глыбокая, вельмі крываточыць — звярніцеся да хірурга.

* Апяклося кіпенем, малаком, гарачай ежай. Здыміце з дзіцяці ­адзенне, на якое трапіў кіпень (калі адзенне ўжо прыліпла да скуры — не здзірайце яго, а акуратна абрэжце вакол раны), потым падстаўце месца апёку пад струмень халоднай вады (не больш чым на 10—15 мінут). Паверхню раны апрацуйце аэразолем “Пантэнол”, налажыце асептычную павязку. Каб не занесці інфекцыю, самастойна не праколвайце  пухіры, што з’явіліся. Калі апёк вялікі па плошчы або глыбокі, неабходна выклікаць хуткую дапамогу.

* Праглынула лякарства. Неабходна выклікаць хуткую дапамогу, нават калі вы толькі думаеце, што дзіця праглынула лекавы сродак. Калі яно размаўляе і знаходзіцца ў прытомнасці, пастарайцеся ўдакладніць, што, калі, у якой колькасці праглынула дзіця, як яно сябе адчувае і на што скардзіцца. Усю інфармацыю пераскажыце медыцынскаму работніку. Да прыезду “хуткай” пастарайцеся самастойна зрабіць прамыванне страўніка: дайце выпіць як мага больш кіпячонай вады, пасля чаго націсніце на кораць языка пальцам або лыжкай каб выклікаць рвоту.

* Праглынула маленькі прадмет. Калі дзіця праглынула батарэйку-таблетку або магніты — неадкладна звяртайцеся па медыцынскую дапамогу, таму што яны пры доўгім знаходжанні ў стрававальным тракце выклікаюць апёк слізістай абалонкі і пролежні. Калі гэта круглы, гладкі прадмет, не хвалюйцеся! Варта паназіраць — на працягу 2 сутак ён павінен выйсці з экскрэментамі. Карміце дзіця прадуктамі, багатымі на клятчатку (кашы, садавіна, агародніна). Не давайце слабіцельныя. Калі прадмет вялікі па памеры (манета, металічны шарык), мае вострыя краі, або дзіця скардзіцца на боль у жываце — неабходна звярнуцца да хірурга.

* Удыхнула дробны прадмет. Калі дзіця папярхнулася — дайце яму адкашляцца, не спрабуйце спыняць рэзкі кашаль, які ўзнік, не стукайце па спіне: так вы спрыяеце прасоўванню іншароднага цела глыбей у дыхальныя шляхі. Калі дзіця задыхаецца і не можа адкашляцца — пакладзіце яго сабе на калені ўніз галавой (маленькае дзіця можна апусціць уніз галавой, моцна ўзяўшы за ногі) і раскрытай далонню ўдарце паміж лапатак (да 5 разоў). Менавіта ў такім становішчы
пабочны прадмет лягчэй выштурх­нуць з дыхальных шляхоў. Калі нічога не атрымалася — неадкладна выклікайце хуткую дапамогу.

* Засунула пацерку ці гарошыну ў нос. Не спрабуйце самастойна дастаць іншароднае цела: так вы можаце неасцярожна пашкодзіць далікатную слізістую поласці носа або прапхнуць прадмет яшчэ глыбей. Папрасіце малыша як мага актыўней высмаркацца, пры гэтым прыціскаючы свабодную ад іншароднага цела ноздру і злёгку нахіліўшы галаву наперад. Калі прадмет знаходзіцца неглыбока, то, магчыма, ён выдаліцца. У выпадку няўдалых спроб трэба звярнуцца па медыцынскую дапамогу да ўрача-отарыналарынголага. Папрасіце дзіця ў час транспарціроўкі ды­хаць ротам, каб пазбегнуць далейшага прасоўвання іншароднага цела глыбей.

* Засунула пабочны прадмет у вуха. Пры падазрэнні на пранікненне ў вушка іншароднага цела неабходна пакласці дзіця на бок (праблемным вухам уніз) — магчыма, прадмет выпадзе самастойна. Нельга спраба­ваць выняць яго: можна пашкодзіць барабанную перапонку. Неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача-отарыналарынголага.

*Упала з вышыні (моцна ўдарыла руку, нагу). Неадкладна звярніцеся да ўрача, калі ёсць прыметныя сур’ёзныя пашкоджанні: адкрытая рана, канечнасці мяняюць форму, згінаюцца пад незвычайнымі вугламі. Калі дзіця не можа самастойна падняцца, самыя малыя рухі выкліка­юць моцны боль, калі яму цяжка ды­хаць — тэрмінова выклікайце “хуткую”. Калі няма вышэйпералічаных прымет — паспрабуйце супакоіць дзіця, стварыце ахавальны рэжым (трэба пазбягаць актыўных рухаў у выцятай канечнасці, прыкладваць холад на месца ўдару) і паназірайце. У выпадку нарастання ацёку, з’яўлення крывападцёку звярніцеся да траўматолага.

Паважаныя бацькі, правільна аказаная першая дапамога палягчае далейшае лячэнне. Старайцеся супакоіць дзіця, калі яно спалохана, не паказвайце свайго хвалявання, дзейнічайце хутка, без мітусні.

Святлана ЧАВУШНІК,
урач-педыятр;
Зоя РАВЕНКА,
урач-хірург 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*