Галасавая гігіена педагога

Голас — гэта прылада працы педагога. Галасавыя звязкі настаўніка падпадаюць пад цяжкую нагрузку, больш жорсткую, чым яны здольны вытрымаць. Кожны, хто прафесійна эксплуатуе свой галасавы апарат, абавязаны мець элементарныя веды пра гігіену голасу, што загартуе і засцеражэ галасавы апарат ад захворванняў. Гэта частка прафесійнай культуры педагога.

Галасавы апарат, як і іншыя сістэмы арганізма, з часам слабее пад уплывам хвароб або пастаяннага перанапружання. Хворае горла, некаторая ахрыпласць, частковая страта голасу прыносяць нязручнасць і дыскамфорт, а педагогам, якія “працуюць” голасам, ён заўсёды неабходны здаровым і моцным.

Каб не пакутаваць ад болю ў горле і страты голасу, для прафілактыкі прастудных і запаленчых захворванняў карысна загартоўваць горла. Для гэтага трэба хаця б на працягу месяца паласкаць яго настоем з сумесі кветак рамонку аптэчнага, лісця эўкаліпту і кветак наготак, змешаным у роўных прапорцыях. 1 ст. л. гэтай сумесі заліць 300 мл кіпню і кіпяціць 2 мінуты, пасля чаго настояць на працягу 40 мінут, добра ўкутаўшы, і працадзіць. Паласкаць горла 2 разы на дзень, раніцай і ўвечары, раздзяліўшы настой папалам. Кожны дзень рыхтаваць свежы настой для паласкання. Пачынаць паласканне настоем з тэмпературай 26°С, кожны дзень паніжаючы тэмпературу на 1 градус. Дайшоўшы да 14—16°С, у наступныя дні паласкаць горла настоем толькі такой тэмпературы.

Пры асіпласці і часовай страце голасу карыснымі будуць наступныя рэцэпты народнай медыцыны:

* свежавыціснуты маркоўны сок развесці малаком у суадносінах 1:3 і піць 3 разы на дзень па паўшклянкі;

* выпіць на ноч шклянку гарачага малака, у якое дабаўлена 1 ст. л. гарэлкі;

* старанна размяшаць 2 курыныя жаўткі, 50 г мёду і 30 г каньяку, прымаць па 1 чайнай лыжцы 4 разы на дзень.

Каб зберагчы голас, нельга размаўляць на марозе. Для голасу небяспечна пераахаладжэнне, празмернае ўжыванне марожанага, скразнякі, вецер у гарачае надвор’е. Трэба сачыць за сваім абуткам, асабліва ў сырасць і холад. У штодзённым жыцці і дзейнасці дыхаць толькі праз нос.

Ларыса ХОМБАК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.