Бяспечнае маленства

Многае залежыць ад таго, які прыклад падаюць бацькі

Праблему дзіцячага траўматызму многія разглядаюць, ставячы сябе на месца бацькоў, з іх пункту гледжання. Але на яе карысна зірнуць яшчэ і вачыма спецыялістаў.

Па словах галоўнага педыятра Міністэрства аховы здароўя Валянціны Ваўчок, за апошнія 5 гадоў дзіцячую смяротнасць удалося знізіць. У 2011 годзе загінулі 262 дзіцяці, у 2016 — 154. Сёлета не фіксаваліся атручванні алкаголем і падлеткавыя суіцыды. Аднак праблема не становіцца менш актуальнай, бо да траўм схільны актыўныя, няўрымслівыя дзеці з розных узроставых груп. Рост траўм асабліва назіраецца ў летні перыяд. Дзеці тонуць, атручваюцца, выпадаюць з акон, трапляюць у дарожна-транспартныя здарэнні, гінуць падчас пажараў. У адзіночку справіцца з гэтым немагчыма, таму ў барацьбе з траўматызмам сярод падлеткаў і дзяцей аб’ядналіся Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Асвод і Следчы камітэт.

Па аператыўных звестках Міністэрства аховы здароўя, толькі за два тыдні ліпеня загінулі 8 дзяцей. Распаўсюджанымі здарэннямі з’яўляюцца выпадковыя механічныя ўдушэнні (манеты і іншыя іншародныя прадметы трапляюць у дыхальныя шляхі), веласіпедныя траўмы (праз адсутнасць шлема і накаленнікаў), спартыўныя траўмы, атручванне лекамі ці хімікатамі, апёкі, раненні ад хатніх жывёл.

Пры няўважлівасці небяспечнымі могуць быць нават басейны і ванны. Па словах Леаніда Ломаця, намесніка дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, пры купанні маленькага дзіцяці, калі трэба нават на момант адлучыцца, неабходна дастаць яго з ванны і ўзяць з сабой. На лецішчы неабходна хаваць хімікаты.

Мала хто з маладых бацькоў ведае, што, заходзячы ў ліфт ці ў грамадскі транспарт з дзіцем у калясцы, яны моцна рызыкуюць. У гэтым выпадку малыша трэба трымаць на руках, а каляску закочваць асобна.

Не трэба забываць і пра траўматызм на надзіманых батутах. За апошні час былі складзены спецыяльныя нормы, якія рэгламентуюць правільнае абслугоўванне дзіцячага атракцыёна (пачынаючы з таго, як замацоўваць абсталяванне, заканчваючы абмежаваннем колькасці наведвальнікаў). На іх неабходна звярнуць увагу, бо першы складнік бяспекі дзяцей — неабыякавасць.

Спецыялісты таксама падкрэсліваюць, што пры выкарыстанні дзецьмі гаджэтаў за імі павінен ажыццяўляцца нагляд бацькоў. На практыцы ўжо былі выпадкі, калі дзеці пужаліся герояў камп’ютарных гульняў і сігалі ў вокны.

Псіхіка ў дзяцей і падлеткаў няўстойлівая, таму на яе можа паўплываць любая дробязь. “Бацькам неабходна ведаць, дзе і з кім знаходзіцца іх сын ці дачка. Дзіця ў любым узросце застаецца дзіцем”, — пераканана Валянціна Іванаўна.

“Бацькі павінны вывучаць дзіцячае акружэнне, — лічыць Леанід Мікалаевіч. — Зазірнуць пад канапу, адсунуць шафу — адным словам, паглядзець на свет вачыма дзіцяці і ацаніць, дзе і што яму можа пагражаць. А хлопчыкаў і дзяўчынак да 12 гадоў увогуле нельга пакідаць без нагляду”.

Галоўны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здороўя Дзмітрый Цесакоў адзначае, што дзіцячы траўматызм непазбежны, бо дзеці хочуць пазнаваць свет. Прынцыповы момант — знізіць гэты паказчык да мінімуму. У дзяцей павінна фарміравацца здаровае пачуццё страху як фактар абароны.

“Страх звычайна выступае ў дзвюх іпастасях: “я баюся” (залежу ад прычыны страху) і “я асцерагаюся” (трымаю прычыну страху пад кантролем)”, — падзяліўся Дзмітрый Кімавіч.

Адным з галоўных складнікаў бяспекі дзяцей спецыялісты лічаць пільнасць і ўважлівасць бацькоў. Аднак трэба памятаць, што па-за ўвагай вельмі часта застаюцца дарослыя дзеці. Галоўны артапед-траўматолаг расказаў пра здарэнне, пасля якога ў двух падлеткаў былі зарэгістраваны аднолькавыя траўмы пазваночніка. Так, адзін з хлопцаў падбег да мокрага пасля дажджу турніка, ухапіўся за яго, саслізнуў і ўпаў. Другі не звярнуў на гэта ўвагі і зрабіў тое ж самае, маўляў, нічога складанага ў тым, каб павіснуць, няма. Падзенне паўтарылася. Пры гэтым побач былі бацькі, якія нават не чакалі такога развіцця падзей. Зараз, у самы разгар канікул, хлопцам паказаны строгі чатырохтыднёвы пасцельны рэжым. І ніхто не ведае, якія наступствы чакаюць іх у будучыні. Пры такіх траўмах магчымы неспрыяльны артапедычны сцэнарый, і пытанне паслятраўматычнага генезісу заўсёды застаецца адкрытым.

Для папярэджання няшчасных выпадкаў у многіх гарадах ствараюцца спецыяльна абсталяваныя цэнтры, дзе ўсім зацікаўленым расказваюць пра магчымыя крыніцы небяспекі. Для дзяцей праводзяцца конкурсы ад МНС і ДАІ, каб у гульнявой форме вывучыць правілы дарожнага руху, ствараюцца відэаролікі, наладжваецца ўзаемадзеянне са школамі. “Дзяцей важна зацікавіць — тады ўсе правілы, звязаныя з бяспекай жыццядзейнасці, запомняцца лепш”, — выказалі думку спецыялісты.

Прафілактыка траўматызму пры пажарах з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці МНС. Па словах ратавальнікаў, галоўная прычына такіх здарэнняў — дзіцячае свавольства. “Дзякуючы сацыяльнай рэкламе і шматлікім білбордам, кожны з нас ведае, што дзяцей нельга пакідаць дома адных. Наступны крок — выконваць гэтую рэкамендацыю”, — нагадаў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

Спецыялісты сцвярджаюць, што дзеці на генетычным узроўні капіруюць паводзіны дарослых. Калі маці кажа, што нельга пераходзіць дарогу на чырвоны колер святлафора, але сама пераходзіць, то і дзіця будзе гэтак жа рабіць. Калі бацька ляжыць на канапе і час ад часу правярае, працуе запальнічка ці не, — малы абавязкова прымерае такі ўзор паводзін на сябе. Усё гэта часта прыводзіць да непажаданых вынікаў — дарожна-транспартных здарэнняў і пажараў. Да таго ж спрацоўвае чалавечы фактар: людзям абавязкова трэба парушаць нейкія правілы.

Як адзначае кіраўнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, раней дарожныя здарэнні часцей адбываліся па віне дзяцей. Зараз жа 77 дзяцей са 100 атрымліваюць траўмы праз дарослых. Назіраюцца выпадкі, калі ў машыне ёсць крэсла бяспекі, але дзіця не прышпілена, таму пры ДТЗ яго выкідвае праз акно. А на пешаходным пераходзе насуперак правілам з 15 веласіпедыстаў спешваюцца толькі трое.

Па словах Сяргея Васільевіча, у краіне неаднойчы ўзнімалася тэма ўвядзення крымінальнай адказнасці для бацькоў, якія наўмысна пакінулі дзіця аднаго, з якім у выніку нешта здарылася. Аднак гэтая тэма так і засталася на ўзроўні абмеркаванняў.

— Маральная адказнасць большая за крымінальную, — лічыць Сяргей Кабаковіч. — Практыка паказала, што большасць сем’яў, якія прайшлі праверку пасля няшчасных выпадкаў, добрасумленна ставіліся да выхавання дзяцей. З усіх вядомых выпадкаў 99,9% складаюць добранадзейныя сем’і, якія маюць станоўчыя водгукі з боку ўстаноў адукацыі, а таксама суседзей.

Ірына ІВАШКА.