Фітнес — гэта здорава!

Яшчэ 20 гадоў назад праблема нізкай рухальнай актыўнасці дзяцей не была настолькі актуальнай, як сёння. Рухавыя гульні з’яўляліся неад’емнай часткай дзяцінства.

Захаванне і ўмацаванне здароўя выхаванцаў — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы нашай установы, які рэалізоўваецца праз укараненне сучасных сродкаў аздараўлення, выкарыстанне фізкультурнага абсталявання і інвентару новага пакалення. Педагогі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм фізкультурна-аздараўленчай дзей­насці. Сярод іх — дзіцячы фітнес, накіраваны не на дасягненне высокіх спартыўных дасягненняў, а на фарміраванне ў дашкольнікаў уяўленняў пра здаровы лад жыцця, іх аздараўленне і фізічнае развіццё.

Плануючы заняткі, улічваем узроставыя асаблівасці дзіцячага арганізма. Праводзім комплексы гульнявых заняткаў, якія гарманічна спалучаюць элементы гімнастыкі, аэробікі, фітбола і нават усходніх адзінаборстваў. Усе заняткі будуюцца на аснове бяспекі і максімальнай карысці для здароўя.

Фізічныя практыкаванні праходзяць у вясёлай гульнявой форме, дапамагаюць развіць гнуткасць і выправіць паставу, скіраваць энергію ў карыснае рэчышча. Заняткі фітнесам складаюцца з 3 частак. У кожнай з іх свае задачы, якія рэалізоўваюцца з дапамогай розных метадаў і прыёмаў. Так, педагогі арганізоўваюць рухавыя гульні рознай ступені інтэнсіўнасці, дынамічныя дыхальныя практыкаванні, музычна-рытмічныя пра­ктыкаванні з прадметамі і без, практыкаванні на расслабленне і самамасаж. Кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Сяргееўна Кадэба дасканала прадумвае заняткі, забяспечвае кожнаму дзіцяці індывідуальны падыход з улікам яго фізічнай падрыхтоўкі. Добры аздараўленчы эфект прыносіць кругавая трэніроўка для старшых дашкольнікаў. Музычнае суправаджэнне заняткаў станоўча ўплывае на выкананне практыкаванняў, знімае нер­вовае напружанне і мышачную стомленасць.

Выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць элементы фітнесу ў адукацыйным працэсе: падчас ранішняй гімнастыкі, фізкульт­хвілінак, забаў, святочных выступленняў, рухавых гульняў і інш. Дзякуючы фітнесу, ажывіліся многія фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, у тым ліку з удзелам бацькоў. Мамы і таты адзначаюць, што дзеці самастойна і з вялікай ахвотай выконваюць фізічныя практыкаванні дома.

Бацькі атрымалі кансультацыі па правядзенні дамашніх фітнес-заняткаў і тэматычныя буклеты “Дзіцячы фітнес у дзіцячым са­дзе і дома” і “Фізкультура для ўсёй сям’і”. Педагогі спадзяюцца, што фітнес не толькі падштурхне дашкольнікаў да фізічных практыкаванняў, але і прыцягне ўвагу бацькоў да праблемы ўмацавання здароўя сваіх дзяцей, павышэння іх рухальнай актыўнасці.

Ірына МІСЮРА,
загадчыца ясляў-сада № 2 Давыд-Гарадка Столінскага раёна.