Самы “спартыўны” орган

Сэрца — самы “спартыўны” орган нашага цела. Яно складаецца з чатырох камер, якія, па чарзе скарачаючыся, прымушаюць кроў рухацца ў патрэбным напрамку. Адпачыць кожны аддзел сэрца можа толькі ў час дыясталы (расслабленне паміж скарачэннямі), якая доўжыцца долі секунды. І так усё жыццё без выхадных і адпачынкаў наша сэрца павінна нястомна працаваць круглымі суткамі, каб мы проста маглі жыць.

Канечне, сэрцу з часам становіцца цяжка. Асабліва калі мы ўскладняем яму работу сваёй лішняй вагой, лянівым ладам жыцця, цягай да нездаровай ежы і курэння. Нам гэтыя шкодныя звычкі здаюцца бяскрыўднымі, аднак, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сардэчна-сасудзістыя захворванні з’яў­ляюцца асноўнай прычынай смерці ва ўсім свеце. А 3 з 4 выпадкаў такіх смярцей можна было прадухіліць.

Каб не сутыкнуцца з хваробамі сэрца і сасудаў (ці каб запаволіць развіццё паталогіі, калі сэрца ўжо “дае сябе адчуваць”), трэба запомніць і выконваць усяго 4 правілы:

1. Рух — жыццё. Для падтрымання здароўя не толькі сардэчна-сасудзістай сістэмы, але і  іншых органаў і сістэм, неабходна рэгулярная фізічная актыўнасць. Рухайцеся мінімум на працягу паўгадзіны штодзень: гуляйце пешшу, бегайце, плавайце, танцуйце, рабіце ўсё, што хочаце, толькі не лянуйцеся. І хутка вы заўважыце, што не толькі самаадчуванне, але і настрой стаў лепшым.

2. Курэнне забівае. Тытунь вельмі шкодны для здароўя ў любой разнавіднасці — цыгарэт, цыгар, люлек і інш. Пасіўнае курэнне таксама небяспечнае. Рызыка развіцця інфарк­ту ці інсульту пачынае зніжацца адразу ж пасля спынення ўжывання тытунёвых вырабаў, а праз год можа знізіцца на 50%. Так што смела адмаўляйцеся ад гэтай шкоднай звычкі, калі яна ў вас ёсць.

3. Харчуйцеся правільна. Старайцеся абмяжоўваць прадукты, якія “крадуць” здароўе ў нашага сэрца і сасудаў.

  • Тлустая ежа — з-за яе ўтвараюцца бляшкі на сценках сасудаў, якія перашкаджаюць крыватоку. Асабліва шкодныя транстлушчы, якія часта выкарыстоўваюцца ў кандытарскіх вырабах і фаст-фудзе. Вэнджаная, смажаная і згатаваная ў фрыцюры ежа таксама не карысная ні для сэрца, ні для органаў стрававання.
  • Соль — прадукт неадназначны. Без яе наш арганізм жыць не можа: яна неабходна для правядзення нервовых імпульсаў і скарачэння мышцаў, а таксама для нармальнай работы нырак і стрававальнай сістэмы. Аднак яе лішак выклікае затрымку вадкасці ў арганізме і павышае артэрыяльны ціск, а яшчэ ­спрыяе з’яўленню ацёкаў. Адсюль робім банальную выснову, што ўсё добра ў меру, а для солі гэтая мера складае каля 6 грам (адна чайная лыжка) на дзень.
  • Салодкія і высокакаларыйныя прадукты. Чым большая вага, тым большая нагрузка на сэрца. Таму колькасць пірожных і цукерак старайцеся звесці да мінімуму. А вось прадукты, якія трэба ўключыць у рацыён, каб дапамагчы сэрцу:

сухафрукты: курага, разынкі, фінікі маюць неабходны сэрцу калій і магній у вялікай колькасці, спрыяюць жыўленню і аднаўленню сардэчнай мышцы, зніжэнню артэрыяльнага ціску;

спецыі: каляндра, куркума, мята, шафран, фенхель, аніс, кмен, імбір, базілік не толькі надаюць пікантны смак вашым стравам, але і ўмацоўваюць сценкі сасудаў, паскараюць абмен рэчываў і добра ўплываюць на сэрца;

садавіна: лімон, гранат, хурма, банан. Гранат стымулюе крыветварэнне і дапамагае прадухіліць атэрасклероз. А банан і хурма — фруктовыя “чэмпіёны” па колькасці магнію, неабходнага нашаму сэрцу;

ягады: журавіны паляпшаюць кровазварот і спрыяюць зніжэнню ўзроўню дрэннага халестэрыну ў крыві. А каліна дапамагае знізіць ціск пры гіпертаніі.

А яшчэ ва ўсёй агародніне, садавіне і ягадах ёсць харчовыя валокны (пекціны і клятчатка), якія не толькі карысны для мікрафлоры кішэчніка, але і зніжаюць хуткасць засваення вугляводаў і тлу­шчаў, тым самым абараняючы наш арганізм ад рэзкіх скачкоў узроўню цукру ў крыві, а таксама залішняга халестэрыну.

Вялікая колькасць клятчаткі знаходзіцца і ў абалонцы зерня. Так што смела ешце кашы ці хлеб з цэльнага зерня, каб дрэнны халестэрын і атэрасклероз вас абмінулі.

Рыба, дзякуючы ненасычаным тлустым кіслотам, якія ў ёй змяшчаюцца, не толькі карысная для сэрца і сасудаў, але і валодае антыаксідантнымі ўласцівасцямі (перашкаджае дачаснаму старэнню і анкалогіі).

4. Ну і апошняе правіла: папярэджаны — значыць узброены. Правярайце і кантралюйце свой крывяны ціск. Перыядычна здавайце біяхімічны аналіз крыві, каб ведаць свой узровень ліпідаў у крыві. А яшчэ вам трэба ве­даць свой узровень цукру ў крыві, бо павышаная колькасць глюкозы ў крыві (дыябет) павышае рызыку развіцця інфарктаў і інсультаў. Калі нейкі з паказчыкаў не ў норме — неадкладна мяняйце свой лад жыцця, каб захаваць здароўе: скарэкціруйце харчаванне, ужывайце менш шкодных прадуктаў, адмоўцеся ад шкодных звычак і больш рухайцеся.

Алена КРАТ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання
Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.