У пытаннях аховы здароўя аптэка заўсёды будзе заставацца другім папулярным пасля паліклінікі месцам. Куплянне лекаў, нават калі на руках ёсць рэкамендацыі ўрача, часцей за ўсё будзе суправаджацца кансультацыяй фармацэўта.
Пра тое, на што часцей за ўсё хварэюць беларусы, як навучыць моладзь не саромецца падчас выбару сродкаў кантрацэпцыі і з якімі праблемамі сутыкаюцца правізары, расказвае загадчыца аптэкі № 7 ЮНІФАРМ Мінска Сузанна Юр’еўна ФІЛОНАВА.
— Сузанна Юр’еўна, з восені і да вясны ў нас у краіне аптэчны сезон. Са скаргамі на якія сімптомы часцей за ўсё прыходзяць людзі ў асенне-зімовы перыяд? І ўвогуле, якія сродкі і ў які час карыстаюцца попытам?
— Так, колькасць пакупнікоў у аптэках павялічваецца менавіта ў асенне-зімовы перыяд. Самымі запатрабаванымі ў гэты час, што і зразумела, з’яўляюцца прэпараты ад прастуды і грыпу. Хаця шкоду арганізму прыносяць не восень ці зіма, а рэзкая змена надвор’я. Перапад тэмпературы становіцца стрэсам для арганізма, выклікае паслабленне імунітэту. Таму мы атрымліваем успышкі інфекцыйных захворванняў менавіта зімой і ў міжсезонне. Акрамя гэтага, пераахаладжэнне можа выклікаць значнае зніжэнне ахоўных сіл арганізма і такім чынам “прымусіць” яго здацца і захварэць.
Што тычыцца летняга перыяду, асаблівым попытам у гэты час карыстаюцца рэпеленты, сонцаахоўныя і процігістамінныя сродкі. У гэты ж час назіраецца рост продажаў біялагічна актыўных дабавак, якія накіраваны на дапамогу ў зніжэнні вагі, што цалкам зразумела: усе рыхтуюцца да летняга сезона.
Тым не менш ёсць у аптэках і ўсесезонныя лідары. Вялікім попытам на працягу года карыстаюцца абязбольвальныя і сродкі ад страўнікава-кішачных захворванняў. Але варта адзначыць, што, згодна і са статыстыкай, і з маімі назіраннямі, летам аб’ём продажу згаданых прэпаратаў усё роўна больш высокі, чым у астатнія сезоны. Гэта звязана з тым, што гарачае надвор’е спрыяе стварэнню ўмоў для размнажэння ўзбуджальнікаў кішачных інфекцый.
— Наколькі вы як спецыяліст, які разбіраецца ў складзе прэпаратаў, у хімічных злучэннях, якія з’яўляюцца асноўнымі складнікамі многіх пахудзельных сродкаў, верыце ў цудадзейства адпаведных БАДаў?
— БАДы — гэта не панацэя, яны не цудадзейныя. Для таго каб зменшыць вагу цела, магу рэкамендаваць насамрэч добрыя і цудадзейныя сродкі — спорт і правільнае харчаванне. Менавіта гэтыя два складнікі даюць не толькі добры эфект, але і дазваляюць яго ўтрымаць.
— Сёння на аптэчным рынку існуе шмат лекавых прэпаратаў. Заўсёды было цікава, колькі ў сярэднім найменняў лекаў у аптэцы? Як не заблытацца і, самае галоўнае, запомніць, які прэпарат і для чаго прызначаны?
— Аптэчны асартымент — гэта не толькі лекавыя прэпараты. Сюды ўключаны і біялагічна актыўныя дабаўкі, вырабы медыцынскага прызначэння, медыцынская тэхніка, касметыка, а таксама сродкі гігіены. Усіх найменняў у аптэцы можа быць каля 5000. Ільвіную долю, безумоўна, займаюць лекавыя сродкі. Але ў кожнай аптэцы гэты лічбавы паказчык вар’іруецца.
У нашай краіне добрая падрыхтоўка фармспецыялістаў. Перад тым як трапіць у штат аптэкі, неабходна прайсці даволі доўгую практыку. Часцей за ўсё малады спецыяліст праходзіць яе там, дзе будзе працаваць. Менавіта дзякуючы гэтаму, знаёмства з работай пачынаецца задоўга да рэальнага прыходу ў прафесію. І зразумела, што ў кожнага будучага правізара павінен прысутнічаць навык запамінання. Запамінаць — гэта спецыфіка нашай работы.
— Згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя № 196 ад 2 сакавіка 2015 “Аб прасоўванні айчынных лекавых сродкаў у арганізацыях аховы здароўя”, быў устаноўлены кантроль над выпіскай і продажам медыцынскіх прэпаратаў. Менавіта гэта стала адной з прычын, па якіх большасць урачоў назначаюць пацыентам лекавыя прэпараты айчыннай вытворчасці. Як часта, трапляючы ў аптэку з беларускім спісам у руках, просяць замяніць лекі на замежны аналаг?
— Калі патрэба замяніць, будзе ідэальна, калі пацыент агаворыць магчымасць замены з доктарам. Але хачу сказаць, што ўрачы, як правіла, назначаюць прэпараты, ад якіх бачаць вынік, з якімі працуюць не адзін год. Замена патрабуецца, калі выпісаныя лекі не па кішэні ці калі выпісанага прэпарату па нейкіх прычынах няма ў аптэцы. Яшчэ некалькі гадоў назад наведвальнікі аптэк часта прасілі замену. Сёння такія сітуацыі адзінкавыя. Прычынай замены ў большасці сваёй з’яўляецца асабістая перавага пакупніка адносна вытворцы ці краіны, дзе прэпарат выраблены.
Што тычыцца лекавага забеспячэння насельніцтва, адпаведныя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі Міністэрства аховы здароўя. Відавочна, пастаянна прымаюцца меры па пашырэнні льготнага забеспячэння пры лячэнні пацыентаў з найбольш цяжкімі і распаўсюджанымі захворваннямі.
Дарэчы, у кастрычніку мінулага года Міністэрства аховы здароўя прыняло пастанову № 65, якой зацверджана новая рэдакцыя пераліку асноўных лекавых сродкаў. Такім чынам, пералiк асноўных лекавых сродкаў — гэта спіс прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца для льготнага, у тым ліку бясплатнага, забеспячэння падчас аказання медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах.
Новы дакумент значна пашырае спіс сродкаў. Цяпер у яго ўключаны яшчэ 39 новых лекаў не толькі айчыннай, але і замежнай вытворчасці, у тым ліку і антыкаагулянты — рывароксабан, дабігатран і бозентан. Апошні прымяняецца для лячэння лёгачнай гіпертэнзіі ў дзяцей. Акрамя гэтага, у спісе і дарагія лекі для лячэння імунных захворванняў, камбінаваныя лекі для лячэння бранхіяльнай астмы, паркінсанізму, туберкулёзу і ВІЧ. Пашыраны пералік лекаў і перавязачнага матэрыялу для забеспячэння пацыентаў усіх узростаў з булёзным эпідэрмолізам.
— Ці часта людзі саромеюцца набываць пэўныя лекі, сродкі кантрацэпцыі? Як даяце пакупніку зразумець, што вам можна давяраць?
— У вырашэнні гэтага пытання вялікую ролю адыгрывае прафесіяналізм. З часам усё часцей заўважаеш, што чалавеку няёмка, што ён хоча параіцца, але не можа пераступіць цераз пэўны псіхалагічны бар’ер. Калі назіраю такую сітуацыю, спрабую загаварыць з пакупніком, распытваю пра назначэнні ўрача і такім чынам выходжу на тое, што яму трэба. З пастаяннымі пакупнікамі, якія наведваюць нашу аптэку ўжо даўно, намнога прасцей. Яны нічога не саромеюцца, таму што ведаюць, што з хваробай трэба змагацца, а не баяцца яе.
Асаблівы кантынгент — моладзь. Адразу заўважаю, калі прыходзіць малады чалавек і шукае позіркам сродкі кантрацэпцыі, прэзерватывы. Так, часам няёмка пытаць аб іх наяўнасці, але трэба разумець, што гэта таксама наша здароўе. Калі разумею, што хлопец не зможа задаць пытанне, магу позіркам яму паказаць на неабходную палічку або сказаць, куды і на што звярнуць увагу.
— Сёння існуе вельмі многа джэнерыкаў. Ці заўсёды яны па сваім складзе, уздзеянні горшыя за арыгінальныя лекі?
— Не заўсёды джэнерык уступае па якасці арыгіналу. Справа ў тым, што джэнерыкі таксама падпадаюць пад усемагчымыя даследаванні і падвяргаюцца падрабязным аналізам. Згадзіцеся, нават калі ёсць вялікае жаданне лячыцца арыгіналам, нашы магчымасці не заўсёды дазваляюць гэта рабіць. Усё, безумоўна, упіраецца ў фінансы. Менавіта з гэтай прычыны лепш за ўсё пракансультавацца з урачом і даведацца, якому джэнерыку лепш аддаць перавагу.
— Мамы для сваіх дзяцей часта стараюцца купляць замежныя лекі. Такая пазіцыя падмацоўваецца тым, што на айчынныя сродкі, напрыклад, на звыклы амоксіцылін, у дзіцяці праяўляецца алергічная рэакцыя. У той час замежны танны аналаг, аспамокс, такога эфекту не выклікае. Як лічыце, чаму так адбываецца? Ці заўсёды вінаватым з’яўляецца дзеючае рэчыва?
— Тое, наколькі дзіцяці падыходзяць пэўныя лекі, гэта вельмі суб’ектыўнае меркаванне, асабліва калі гаворка ідзе аб самалячэнні. Колькі б ні пісалі і ні гаварылі пра шкоду самавольнага прыёму антыбіётыкаў, людзі ўсё роўна пры першых прыкметах ВРВІ п’юць амоксіцылін, які на вірус увогуле не дзейнічае. Пасля гэтага пачынаецца нагнятанне сітуацыі і высновы, што не дапамагае амоксіцылін. А тады, калі антыбіётык насамрэч быў неабходны і чалавек па рэкамендацыях урача набыў аналаг, не арыгінал, і аналаг дапамог, аўтаматычна фарміруецца меркаванне наконт таго, які прэпарат добры, а які лепш не набываць. Што тычыцца алергіі, гэта індывідуальнае пытанне, таму што яна можа праявіцца выпадкова на абсалютна любы прэпарат любога вытворцы, беларускага ці замежнага.
— Ці часта фармацэўт з’яўляецца кансультантам, калі пацыент прыходзіць са скаргамі, але без рэкамендацый доктара?
— Як ужо казала, вельмі многія займаюцца самалячэннем. Зрэшты, тое, што людзі не любяць хадзіць да ўрача, гэта не сакрэт. Нават з далікатнымі праблемамі часцей ідуць у аптэку, чым у паліклініку. Шмат каму прасцей параіцца з аптэкарам, чым узяць талон на прыём, здаць аналізы і ўжо потым лячыцца па схеме, прапанаванай урачом.
Але мы даём рэкамендацыі толькі па безрэцэптурным лячэнні, назначэнні ўрачоў не крытыкуем, не бяром на сябе такую адказнасць. Максімум — можам парэкамендаваць аналаг назначанага лякарства, калі ўзнікае такая неабходнасць.
— Сёння фармбізнес даволі канкурэнтаздольны. Ці цяжка адзіночнай аптэцы змагацца за кліентаў з сеткавымі аптэкамі?
— Па-першае, канкурыраваць прыходзіцца з дапамогай акцый, скідак, а таксама прывабліваць абслугоўваннем. Людзі імкнуцца эканоміць і ідуць туды, дзе танней. Чым ніжэйшы кошт, тым больш людзей. Па-другое, сіла ў прафесіянальных супрацоўніках, якія могуць даць параду пакупніку. Прыходзіць вельмі шмат кліентаў, з якімі трэба ў першую чаргу паразмаўляць. Калі пачынаеш з чалавекам гутарку, і ён цябе разумее, ты даеш яму слушную параду. Безумоўна, пасля гэтага пачынае дзейнічаць прынцып сарафаннага радыё, і кліентаў становіцца больш. Такім чынам, прафесіяналізм і мяккасць у нашай прафесіі з’яўляюцца важнымі. У аптэку людзі прыходзяць не зусім здаровыя, таму павышаць голас на іх не варта. Вядома, людзі таксама бываюць розныя, але заўсёды трэба заставацца прафесіяналам. Калі чалавека задаволілі ўсе гэтыя пазіцыі, ён знойдзе падставу зайсці зноў, калі і не за лекамі, то за касметыкай ці вітамінамі.
— Сузанна Юр’еўна, вы не толькі медыцынскі работнік, але і мама. Якія дзяжурныя лекавыя сродкі абавязкова ёсць у вашай аптэчцы?
— Дзяжурнымі для мяне заўсёды з’яўляюцца гарачкапаніжальны прэпарат і супрацьалергічны. Усё астатняе набываецца па меры неабходнасці.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.