Трэба ўставаць і ісці на стадыён
IT House, што дзейнічае на базе БДУ, ужо больш як год арганізоўвае сустрэчы са спецыялістамі, якія расказваюць, як высокія тэхналогіі дапамагаюць захаваць здароўе. Праўда, ёсць у высокіх тэхналогій і адваротны бок медаля: многае дзякуючы ім у жыцці людзей спрашчаецца, і лёгкі, маларухомы лад жыцця часта прыводзіць да розных захворванняў (варыкоз, астэахандроз, гемарой і г.д.). На мінулым пасяджэнні суполкі H-Files, якая падтрымлівае праекты ў галіне здароўя, гаворка ішла пра найвялікшую пагрозу сучаснасці — гіпадынамію.
“Страшылкі” агучыў урач-нейрахірург Андрэй Ярома. Пасля яго лекцыі, напэўна, толькі самыя таўстаскурыя не задумаліся: а ці правільна я жыву, ці дастаткова ў маім жыцці рухальнай актыўнасці, як даўно я хадзіў на працу пешшу і падымаўся ў кватэру не ў ліфце, а па лесвіцы?
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 года 70% смерцяў людзей будзе звязана менавіта з няправільным ладам жыцця. Вызначаны 4 галоўныя пагрозы: гіпадынамія, злоўжыванне алкаголем, курэнне, няправільнае харчаванне, атлусценне або залішняя вага. Прычым на першае месца ставіцца гіпадынамія, якую называюць яшчэ сіндромам сядзячай смерці.
Па інфармацыі мінскай гарадской эпідэмслужбы, 70% мінчан маюць схільнасць да гіпадынаміі, 30% маюць залішнюю вагу, і кожны другі жыхар сталіцы мае ў сувязі з гэтым розныя ўскладненні.
“Яшчэ ў старажытнасці было заўважана, што без фізічнай актыўнасці чалавек страчвае здароўе — як фізічнае, так і псіхічнае, — гаворыць Андрэй Ярома. — І наадварот, высокая фізічная актыўнасць дазваляе захоўваць працаздольнасць і добры псіхічны стан”.
Урач патлумачыў, што ў цэлым чалавек дрэнна пераносіць гіпадынамію. Пры поўнай імабілізацыі ў ложку функцыянальныя змяненні ў арганізме пачынаюць назірацца ўжо праз 7 дзён. Даследаванні маракоў паказалі, што праз 1,5 месяца плавання (без дадатковых фізічных заняткаў) мышачная сіла зніжаецца на 20—40%, праз 4 месяцы — на 40—50%. Назіраюцца і іншыя негатыўныя змены ў арганізме.
Без руху ў чалавека ўзнікаюць пэўныя сімптомы, расказвае Андрэй Ярома. Гэта хуткая стамляльнасць, хранічная слабасць, зніжэнне разумовай і фізічнай актыўнасці, санлівасць днём і бяссонніца ўначы, раздражняльнасць, частыя змены настрою, апатыя, дэпрэсія, зніжэнне ці, наадварот, павышэнне апетыту, залішняя вага ці атлусценне, парушэнні ў палавой сферы.
“Змяненні ў арганізме пры гіпадынаміі маюць характар каскада, — гаворыць урач. — Спачатку парушаецца абмен рэчываў у клетках і тканках, што праяўляецца атрафічнасцю мышцаў і моцным зніжэннем тонусу ў арганізме. Часта людзі не зважаюць на гэта, лічаць, што стомленасць — нармальны стан чалавека. Аднак трэба прыслухацца да сябе: можа пачала праяўляць сябе гіпадынамія?”
Разбуральныя працэсы ў арганізме, выкліканыя гіпадынаміяй, закранаюць усе сістэмы. Андрэй Ярома паведаміў, што пры пасцельным рэжыме змены ў касцях пачынаюць праяўляцца ўжо на 12—15 суткі. З’яўляецца астэахандроз, астэапароз, пакутуюць хрыбет, суставы, звязкі. Косці становяцца больш кволымі, таму павялічваецца колькасць паломаў. Звязкі напаўняюцца солямі, становяцца менш эластычнымі і рвуцца часцей. З-за парушэння сілкавання храстковай тканкі пачынаюць балець суставы.
Акрамя таго, пры гіпадынаміі вельмі пакутуюць лёгкія, што прыводзіць да сур’ёзнага кіслароднага галадання, а таксама сасуды і сэрца. З’яўляецца артэрыяльная гіпертэнзія, хранічная ішэмія сэрца і мозгу, атэрасклероз, вегетасасудзістая дыстанія. Сёння гэтыя хваробы настолькі памаладзелі, што інсульт і інфаркт здараюцца ўжо нават у трыццацігадовых. Акрамя таго, гіпадынамія вядзе да хвароб вен: варыкозу, гемарою, флебатрамбозаў.
“Пры гіпадынаміі пакутуе кішэчнік, які сёння прызнаны эндакрынным органам, бо ў ім таксама выпрацоўваюцца гармоны, — паведаміў Андрэй Ярома. — Гэта праяўляецца ў выглядзе такога комплексу, як метабалічны сіндром: павышаны артэрыяльны ціск, атлусценне, неадчувальнасць арганізма да ўласнага інсуліну, парушэнне ўсіх відаў абмену рэчываў. Такі вельмі складаны сістэмакомплекс, ад якога няма таблеткі”.
Урач расказаў, што працяглая гіпадынамія ўспрымаецца арганізмам як стрэс. “Хранічны стрэс — гэта дэзадаптуючы фактар для нашага арганізма, мы становімся менш паспяховымі на рабоце і больш адчувальнымі да раздражняльных фактараў. Пагаршаецца памяць і кагнітыўныя здольнасці”, — гэта быў ужо кантрольны стрэл у дарэшты запалоханую аўдыторыю.
Адказваючы на пытанні, як пазбегнуць гіпадынаміі, Андрэй Ярома адказаў, што існуе толькі адно выйсце — адэкватная фізічная нагрузка. “Кожны павінен выбраць тое, што яму больш падыходзіць: заняткі лячэбнай фізкультурай, штодзённая зарадка, спорт у зале ці на стадыёне, пешыя ці веласіпедныя прагулкі і г.д. Вельмі важна перыядычна даваць сабе экстрэмальныя нагрузкі, што перазапускае і падладжвае арганізм. І, вядома, важнай з’яўляецца правільная рэлаксацыя пасля нагрузак”, — паведаміў Андрэй Ярома.
А ўвогуле, у многіх выпадках, перш чым бегчы да доктара, трэба прааналізаваць свой лад жыцця. Праблемы, звязаныя з самаадчуваннем, часта вырашаюцца правільным харчаваннем і рухальнай актыўнасцю.
Будзьце здаровы, сябры!
Падрыхтавала Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.