Вясновыя фантазіі юных фларыстаў

Шосты раз Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі праводзіў Абласны конкурс юных фларыстаў “Сонца, мама і кветкі”.

Мэта конкурсу — папулярызацыя фларыстыкі і фітадызайну, прапаганда сярод навучэнцаў беражлівых адносін да прыроды роднага краю, стымуляванне іх творчых здольнасцей.


Конкурс праводзіўся па чатырох завочных намінацыях: калаж у тэхніцы тэра “Вясновыя фантазіі” — інтэр’ерная насценная кампазіцыя, “Штучны бансай” — інтэр’ерная настольная кампазіцыя, “Вясна за шклом” — фларарыум, “Сад у кубку” — кампазіцыя з раслін і дэкаратыўных элементаў, якая імітуе абстаноўку ў садах.

У конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце 11—16 гадоў. Усяго было прадстаўлена 136 работ. Найбольшая колькасць кампазіцый паступіла ад устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна (19 работ).


Па выніках конкурсу журы вызначыла 23 пераможцы. Лепшымі ў намінацыі “Вясновыя фантазіі” сталі навучэнцы Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра Алена Лявашка, Яніна Пісарук, Святлана Каролька. Сваімі поспехамі ў намінацыі “Сад у кубку” парадаваў навучэнец Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзямід Чардакоў.


Лізавета Богза, Дар’я Папова са Слонімскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі занялі 1-е месца ў намінацыі “Штучны бансай”, а ў намінацыі “Вясна за шклом” лепшай стала Паліна Макей, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Убачыць работы юных фларыстаў можна на выставе, якая будзе дэманстравацца да 15 красавіка.

Алена ГАЎРЫЦКАЯ,
педагог-арганізатар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.