Прышчэпкі — важная мера прафілактыкі інфекцый

З 1500 вядомых вірусаў, што ёсць у прыродзе, чалавецтва перамагло раз і назаўсёды толькі воспу. Ва ўсіх астатніх выпадках, нават калі ўспомніць пра чуму, ад якой загінула палова Еўропы, вірус здольны прачнуцца зноў. Відавочна, што ад масавага заражэння ратуюць вакцынацыя і прафілактычныя меры.

Пагаварыць пра тое, як раней перамагалі масавыя інфекцыі, чаму не варта грэбаваць прышчэпкамі і што рабіць, калі антыбіётыкі не дапамагаюць, згадзілася член Еўрапейскага таварыства дзіцячых інфекцыяністаў (ESPID), кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, педыятр Таццяна Андрэеўна АРЦЁМЧЫК.

— Таццяна Андрэеўна, якія фактары ўплыва­юць на ўзровень інфекцыйнай захваральнасці?

— Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, інфекцыйныя захворванні ў XXI стагоддзі імкнуцца да дамінуючага становішча ў структуры агульнай паталогіі. Інфекцыйнае захворванне можа мець характар масавага распаўсюджвання сярод насельніцтва. Што тычыцца ўзроўню інфекцыйнай захваральнасці, то гэта залежыць ад стану імунітэту, індывідуальнай вакцынацыі і ўзроўню калектыўнага імунітэту насельніцтва. Усё гэта ў сукупнасці ўплывае на ўспрымальнасць арганізма да інфекцыі.

Важная роля ў перадачы інфекцыі адводзіцца ўзбуджальніку, яго патагенным уласцівасцям, заразнасці — здольнасці ўзбуджальніка да распаўсюджвання інфекцыі ў межах эпідэмічнага ачага, механізму перадачы (напрыклад, паветрана-кропельны шлях перадачы хутчэй распаўсюджвае інфекцыю, чым палавы), з’яўленню новых інфекцый, сезоннасці захворванняў. Асаблівасцю сучаснай інфекцыйнай паталогіі з’яўляецца дамінуючая і нарастаючая роля вірусаў у якасці этыялагічных агентаў, асабліва калі гэта тычыцца інфекцый, што былі нанава выяўлены. Напрыклад, пандэмія новага каранавіруса SARS-CoV-2. Дзякуючы таму, што сістэма аховы здароўя з’яўляецца даступнай, у тым ліку медыцынская і эпідэміялагічная службы, інфекцыйную захваральнасць можна стрымліваць.

Праблема ўстойлівасці бактэрыяльных узбуджальнікаў да антымікробных прэпаратаў стварае пагрозу для правядзення эфектыўнай прафілактыкі і лячэння інфекцыйных захворванняў.

— Вядома, што бактэрыі становяцца ўсё больш устойлівымі да антыбактэрыяльных прэпаратаў. Што з гэтым рабіць? Як лічыце, ці будзе магчымасць вырашыць гэтую праблему?

— Сёння антыбіётыкі з’яўляюцца той групай лекавых сродкаў, якая адносіцца да найбольш ужывальных. Дзякуючы ім, скарачаецца лятальнасць інфекцыйных захворванняў, зніжаюцца цяжкасць і колькасць постынфекцыйных ускладненняў. Аднак, нягледзячы на з’яўленне ў арсенале ўрачоў значнага пераліку лекавых прэпаратаў, актыўных у дачыненні практычна да ўсіх патагенных мікраарганізмаў, існуе значная колькасць праблем і нявырашаных пытанняў, звязаных з развіццём устойлівасці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў. Праблема ўстойлівасці бактэрыяльных узбуджальнікаў да антымікробных прэпаратаў існуе не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсіх рэгіёнах свету і стварае пагрозу для правядзення эфектыўнай прафілактыкі і лячэння інфекцыйных захворванняў.

Прычына антыбіётыкарэзістэнтнасці — шырокае прызначэнне антыбактэрыяльных сродкаў для прафілактыкі і лячэння бактэрыяльных інфекцыйных захворванняў. У прыродзе з’яўляюцца монарэзістэнтныя, полірэзістэнтныя, панрэзістэнтныя арганізмы — праблемныя бактэрыі, якія з’яўляюцца ўстойлівымі да многіх і ўсіх вядомых антыбактэрыяльных сродкаў. Важным у вырашэнні гэтай праблемы становіцца рацыянальнае выкарыстанне наяўных антымікробных прэпаратаў з улікам спектра іх актыўнасці, назначэнне антыбіётыкаў толькі ўрачом. Таксама важнымі з’яўляюцца захаванне рэжыму, кратнасці і працягласці прыёму антыбіётыкаў пацыентам, забарона продажу антыбіётыкаў у аптэцы без рэцэпту. Дарэчы, важна не прымаць антыбіётыкі, калі лечыце вірусныя інфекцыі. Прымяненне антыбактэрыяльных сродкаў у харчовай жывёлагадоўлі таксама павінна кантралявацца. Акрамя гэтага, выкананне правіл асабістай гігіены, культура харчавання, адмаўленне ад шкодных звычак, прафілактыка з дапамогай вакцынацыі могуць скараціць распаўсюджванне інфекцый і тым самым знізіць колькасць выпадкаў, калі ўрачом назначаюцца антыбактэрыяльныя сродкі.

— Восенню, а таксама пасля зімы адзначаецца рост колькасці выпадкаў вострых рэспіраторна-вірусных інфекцый, у тым ліку з цяжкім цячэннем. Як урачы дзіцячых інфекцыйных аддзяленняў адрозніваюць знаёмыя рэспіраторныя інфекцыі ад СОVID-19?

— Інфіцыравацца COVID-19 могуць дзеці любога ўзросту. У большасці выпадкаў інфекцыя працякае ў лёгкай форме і нагадвае цячэнне звычайнай ВРВІ. У дзяцей інфекцыя СОVID-19 можа пачынацца з ванітаў, дыярэі, боляў у жываце. Акрамя гэтага, часта маюць месца класічныя сімптомы COVID-19: павышэнне тэмпературы цела больш за 38°, слабасць, млявасць, санлівасць, насмарк, кашаль, болі ў мышцах, сып. Таксама могуць з’яўляцца прыкметы дыхальнай недастатковасці (перыаральны цыяноз, удзел дапаможных мышцаў у працэсе дыхання, западзенне ўступлівых месцаў грудной клеткі), зніжэнне сатурацыі крыві, бранхіт і пнеўманія. У такіх выпадках, безумоўна, важным з’яўляецца своечасовы зварот да ўрача. Большая частка дзяцей вылечваецца на працягу 7—14 дзён. Рызыку перанесці хваробу цяжка маюць дзеці з прыроджанымі парокамі сэрца і лёгкіх, неўралагічнымі і генетычнымі, метабалічнымі і імунадэфіцытнымі захворваннямі. У некаторых дзяцей СОVID-інфекцыя працякае мультысістэмным запаленчым сіндромам з паражэннем многіх органаў і сістэм арганізма. Для яго характэрны наступныя праяўленні: ліхаманка, паражэнне скуры і слізістай вуснаў, вачэй, языка, ацёк рук і ног, рэспіраторныя, сардэчныя, страўнікава-кішачныя і неўралагічныя сімптомы. Разам з гэтым могуць быць парушэнне сістэмы згусальнасці крыві, павышаныя запаленчыя маркеры. Такіх дзяцей шпіталізуюць, а потым за імі праводзяць дынамічнае назіранне.

— У дзяцей з якімі хранічнымі захворваннямі COVID-19 можа выклікаць ускладненні?

— COVID-19 можа выклікаць абвастрэнне ў тых дзяцей, што пакутуюць на хваробы сэрца, а таксама ў малых з бранхіяльнай астмай, цукровым дыябетам, анкалогіяй.

Да групы высокай рызыкі ў дачыненні да ўскладненняў грыпу адносяць дзяцей да 5 гадоў, дзяцей з хранічнымі сардэчна-лёгачнымі захворваннямі, цукровым дыябетам, нырачнай або пячоначнай недастатковасцю, а таксама з недастатковасцю імунітэту.

— Ад чаго залежыць, захварэе дзіця на каранавірус ці не?

— Справа ў тым, што дзеці менш успрымальныя да новага каранавіруса, чым дарослыя, таму захворванне ў іх працякае лягчэй. Гэта можна растлумачыць тым, што дзеці маюць менш рэцэптараў для прымацавання вірусаў.

Акрамя гэтага, высокі ахоп вакцынацыяй сярод дзіцячага насельніцтва дазваляе супрацьстаяць канкурэнтным рэспіраторным захворванням у гэтым узросце, а клопат бацькоў і даступнасць педыятрычнай службы дапамага­юць хутка ўвесці каранцінныя мерапрыемствы, прызначыць правільнае лячэнне, знізіць ускладненні захворвання. У дзяцей цяжкасць захворвання можа быць звязана з наяўнасцю яшчэ і іншых рэспіраторных інфекцый (рынавірус, рэспіраторна-сінтыцыяльная інфекцыя, грып і інш.), якія прыводзяць да паражэння ніжніх аддзелаў дыхальнай сіс­тэмы (бранхіт, бранхіёлы, пнеўманія). У дарослых цяжкае працяканне каранавіруснай інфекцыі звязана з развіццём ускладненняў ад хранічных захворванняў, што маюцца ў іх узросце, а таксама ад стану імуннай сістэмы і наслаення бактэрыяльнай інфекцыі на аслаблены арганізм.

— Што часцей выклікае ўскладненні — грып ці каранавірус?

— Грып і COVID-19 могуць выклікаць рэспіраторныя захворванні з падобнымі сімптомамі. І яны абодва мо­гуць працякаць у лёгкай і цяжкай формах. Але цяжкія формы і смяротнасць пры сезонным грыпе значна ніжэйшыя. Да групы высокай рызыкі ў дачыненні да ўскладненняў грыпу адносяць дзяцей да 5 гадоў, дзяцей з хранічнымі сардэчна-лёгачнымі захворваннямі, цукровым дыябетам, нырачнай або пячоначнай недастатковасцю, а таксама з недастатковасцю імунітэту.

— Вы як інфекцыяніст як ставіцеся да адмаўлення бацькоў прышчэпліваць дзяцей ад інфекцыйных хвароб?

— Інфекцыі заўсёды былі і застаюцца прычынамі захворвання і смяротнасці дарослых і дзяцей. Дзякуючы вакцынацыі, удалося перамагчы і ліквідаваць многія інфекцыйныя хваробы, якія могуць выклікаць сур’ёзныя ўскладненні і прыводзіць да інвалідызацыі і смяротнасці (напрыклад, поліяміеліт, дыфтэрыя і інш.). Лічу, што вакцынацыя — гэта неабходная і важная мера прафілактыкі інфекцыйных захворванняў у дзяцей і дарослых. Кожная мама, кожны бацька нясуць адказнасць перад сабой і дзіцем за тое, што яны могуць захварэць на тыя інфекцыі, якія можна было папярэдзіць пры дапамозе прышчэпкі.

— Таццяна Андрэеўна, якія ўскладненні мо­гуць выклікаць інфекцыйныя захворванні, ад якіх прышчэпліваюць дзяцей, у тых малышоў, якім аналагічныя прышчэпкі не былі зроблены?

— Сярод вакцынакіруемых інфекцый, якія прыво­дзяць да захворвання і ўскладненняў, калі адсутнічае вакцынацыя, можна спыніцца на наступных. Поліяміеліт — гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы з наступным развіццём парэзаў, паралічу, у асноўным на ніжніх канечнасцях, якія застаюцца на ўсё жыццё. Этыятропнай тэрапіі, накіраванай на эрадыкацыю віруса, не існуе. Таму адзіны сродак абароны ад поліяміеліту — імунізацыя.

У некаторых дзяцей СОVID-інфекцыя працякае мультысістэмным запаленчым сіндромам з паражэннем многіх органаў і сістэм арганізма. Для яго характэрны ліхаманка, паражэнне скуры і слізістай вуснаў, вачэй, языка, ацёк рук і ног, рэспіраторныя, сардэчныя, страўнікава-кішачныя і неўралагічныя сімптомы.

Захворванне на адзёр можа прывесці да развіцця пнеўманіі, паражэння цэнтральнай нервовай сіс­тэмы ў выглядзе энцэфаліту. Краснуха працякае лягчэй, чым адзёр, аднак высокую небяспеку інфекцыя нясе для плода ў цяжарнай жанчыны і для нованароджаных з наступным развіццём у іх сіндрому прыроджанай краснухі (глухата, слепата, парокі сэрца і нервовай сістэмы). Эпідэмічны паратыт, ці, як мы яго завём, свінка, — дзіцячая інфекцыя з цяжкімі ўскладненнямі. У аднаго з 10 хворых дзяцей назіраюцца сімптомы менінгіту, а таксама страта слыху, запаленне яечак, што ў будучыні можа прывесці да бясплоддзя.

Вірусны гепатыт В, набыты ў раннім дзіцячым узросце, мае хранічную форму ў 50—90% выпадкаў. Выкарыстанне высокаэфектыўнай і бяспечнай вакцыны дазваляе на добрым узроўні абараніцца ад гэтай інфекцыі і небяспечных вынікаў згаданага захворвання (цырозу і першаснага рака печані). Сухоты — захворванне, якое паражае лёгкія і бронхі, але магчыма развіццё туберкулёзнага менінгіту.

Коклюш — інфекцыйнае захворванне дыхальных шляхоў, небяспечнае для нованароджаных і дзяцей першага года жыцця. Ён здольны выклікаць развіццё пнеўманіі, энцэфалапатыі, якая з прычыны ўзнікнення сутаргаў выклікае кароткачасовае спыненне дыхання, а гэта нясе пагрозу для жыцця. Дыфтэрыю нам удалося ліквідаваць. Але яшчэ існуе слупняк — вострае інфекцыйнае захворванне, якое развіваецца, калі на пашкоджаную скуру (колатыя раны, ранкі) трапляюць мікробы. Развіццё хваробы абумоўлена ўздзеяннем на арганізм экзатаксінаў слупняковай палачкі. Яна, як правіла, пераважна паражае нервовую сістэму. Захворванне суправаджаецца высокай смяротнасцю па прычыне паралічу дыхання і сардэчнай мышцы.

Ветраная воспа выклікаецца вірусам, што перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Інфекцыя лічыцца таксама небяспечнай у сувязі з цяжкім працяканнем захворвання і магчымым развіццём энцэфаліту. Яшчэ існуе гемафільная інфекцыя. Яна небяспечная для дзяцей да 5 гадоў, бо паражае многія органы, у тым ліку мазгавыя абалонкі, лёгкія, надгартаннік і суставы, з далейшым развіццём сепсісу.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.