Сіндром густой крыві

Згодна з вынікамі медыцынскіх даследаванняў, у сардэчна-сасудзістых захворванняў могуць быць розныя прычыны. І калі адны (спадчыннасць, узрост) застаюцца нязменнымі, то іншыя можна карэкціраваць з дапамогай адмаўлення ад шкодных звычак і змянення спосабу жыцця.

Павышаная вязкасць крыві — медыцынскі тэрмін, эквівалентны размоўнаму выказванню “густая кроў”. Традыцыйна лічыцца, што згушчэнне крыві звязана з павышэннем узроўню пратрамбіну — кампанента згусальнай сістэмы крыві. Такое меркаванне існуе з-за таго, што такія сур’ёзныя ўскладненні сардэчна-сасудзістых захворванняў, як інфаркт і інсульт, часцей узніка­юць пры павышаным узроўні пратрамбіну. На самай справе, вязкасць вызначаецца многімі фактарамі.

Галоўная функцыя крыві заключаецца ў транспарціроўцы дыхальных газаў, гармонаў, пажыўных і многіх іншых рэчываў да органаў і сістэм. Ад гэтага непасрэдна залежаць практычна ўсе актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў нашым арганізме. Адхіленне ад нормы правакуе згушчэнне і разрэджванне крыві. І ў першым, і ў другім выпадках гэта вядзе да непажаданых вынікаў.

Па знешнім выглядзе крыві вы не зможаце сказаць, густая яна ў вас ці не. Гэта можна вызначыць толькі з дапамогай агульнага аналізу крыві і каагулаграмы.

Клінічнымі прыметамі густой крыві з’яўляюцца такія сімптомы, як сухасць у роце, стамляльнасць, санлівасць, рассеянасць, слабасць, дэпрэсіўны стан, артэрыяльная гіпертэнзія, галаўныя болі, цяжар у нагах, пастаянна халодныя ногі і рукі, зняменне і паколванне ў частках цела, дзе парушана мікрацыркуляцыя крыві, вузельчыкі на венах.

Сіндром павышанай вязкасці крыві не з’яўляецца захворваннем, але пры наяўнасці сур’ёзных паталогій можа выклікаць ускладненні. Самыя небяспечныя наступствы гэтага сіндрому — схільнасць да тромбаўтварэння і трамбозу.

Да частых прычын узнікнення сіндрому густой крыві можна аднесці ўзрост, няправільнае харчаванне, цяжарнасць.

Даказана, што кроў становіцца гусцейшай, калі ў харчовым рацыёне недастаткова амінакіслот, якія ўваходзяць у склад бялкоў, і ненасычаных тлустых кіслот. Менавіта таму абавязкова ўключыце ў меню наступныя прадукты: нятлустыя гатункі мяса, марскую рыбу, яйкі, марскую капусту, малочныя прадукты, аліўкавы і льняны алей.

Да прадуктаў, якія спрыяюць разрэджванню крыві, адносяцца імбір, карыца, сельдэрэй, часнок, цыбуля, буракі, агуркі, памідоры, семкі сланечніка, кеш’ю, міндаль, горкі шакалад, какава, вішня, клубніцы, цытрусавыя, яблыкі і інш.

Прадукты, якія спрыяюць павышэнню вязкасці крыві: соль, тлустае мяса, сала, сметанковае масла, вяршкі, грэчка, бабовыя, субпрадукты, чырвоны перац, бананы, грэцкія арэхі, белы хлеб і інш. Гэта не зна­чыць, што гэтыя прадукты трэба выключыць з рацыёну. Проста абмяжуйце іх ужыванне.

Пра шкоду абязводжвання вядома многае. Недахоп вады ўплывае не толькі на работу органаў і сістэм. Менавіта абязводжванне часта становіцца прычынай развіцця сіндрому павышанай вязкасці крыві. Для яго прадухілення рэкамендуецца штодзень выпіваць не менш чым 30 мл чыстай вады на 1 кг вагі.

Курэнне і прыём алкаголю прыводзяць да значнага згушчэння крыві.

Негатыўна адбіваецца на складзе крыві і працяглы прыём некаторых лекаў: мачагонных сродкаў, гарманальных прэпаратаў, аральных кантрацэптываў. Пры выяўленні згушчэння крыві рэкамендуецца абмеркаваць з урачом мэтазгоднасць іх далейшага ўжывання.

Нязначнае згушчэнне крыві можа назірацца і пры цяжарнасці. У пераважнай большасці выпадкаў гэта фізіялагічная рэакцыя арганізма на будучую страту крыві. Каб скарэкціраваць гэты стан, важна трымацца прынцыпаў здаровага харчавання і піць дастаткова вады. Некаторае павышэнне вязкасці можа назірацца на фоне прыёму прэпаратаў, што змяшчаюць жалеза, якія нярэдка назначаюць цяжарным.

Аднак ёсць станы, якія неабходна ля­чыць медыкаментозна, паколькі вынікам можа быць выкідыш ці дачасныя роды, гі­паксія плода, замёршая цяжарнасць ці затрымка развіцця плода.

Падводзячы вынік, упэўнена скажу, што гушчыню крыві можна нармалізаваць, выконваючы пэўныя правілы:

  • рацыянальнае і разнастайнае харчаванне;
  • дастатковае ўжыванне вадкасці;
  • адмаўленне ад шкодных звычак;
  • рэгулярныя заняткі фізкультурай.

Акрамя таго, не забывайце своечасова праходзіць медыцынскія агляды і зда­ваць неабходныя аналізы, у тым ліку агульны аналіз крыві і каагулаграму.

Кацярына АЗАРАВА,
урач-гігіеніст аддзела грамадскага здароўя
Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.