З цікавасцю да традыцый

Шлях да вялікіх дасягненняў пачынаецца ў школе. Так, на ўроках абслуговай працы дзеці знаёмяцца з рознымі відамі творчасці, прычым чакаюць ад настаўніка дэманстрацыі новых і нетрадыцыйных відаў дзейнасці, рашэнняў, прыёмаў і матэрыялаў. Але новае, як вядома — гэта добра забытае старое. Традыцыйныя мастацкія рамёствы пры разумным і ўважлівым падыходзе арганічна ўваходзяць у сучасны побыт. Сярод іх — выцінанка, вышыванка, тэкстыльная творчасць. А колькі цікавага тоіць нацыянальная кухня!

Даўніна і сучаснасць, былое і наватарскае — іх умелае спалучэнне даўно стала прыярытэтным напрамкам работы настаўніцы абслуговай працы Алы Сцяпанаўны Завадскай. Выкарыстоўваючы варыятыўнасць вучэбнай праграмы, педагог дапамагае дзецям ствараць утылітарныя вырабы з нацыянальным каларытам. Асаблівае месца сярод іх займае выцінанка — ажурныя выразкі з паперы. Гэта могуць быць паштоўкі, запрашальныя кувертныя карты, закладкі, пано, падвясныя мабілі, дэкаратыўныя элементы для ўпрыгожвання пакаёвых кветак і святочнага стала. А як чароўна выглядаюць выразаныя з паперы ўзоры на шкляных падсвечніках!

Выцінанка шырока выкарыстоўваецца пры афармленні школы да навагодніх свят. Даступнасць матэрыялаў і зручнасць у іх прымяненні дазваляюць Але Сцяпанаўне праводзіць майстар-класы для аматараў творчасці з ліку вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў, далучаючы іх да калектыўных творчых спраў.

Сёлета школа была аформлена выцінанкай па матывах роднага горада і прысвячалася яго будучаму 1000-гадоваму юбілею. Дзякуючы намаганням педагогаў, установа адукацыі неаднаразова прызнавалася адной з лепшых па навагоднім афармленні ў Ленінскім раёне Брэста.

Дзяўчынкі вельмі любяць працаваць з тэкстылем і з задавальненнем вырабляюць лялечных герояў беларускіх казак. На занятках вучні асвойваюць тэхніку вырабу лялек-скрутак і абрадавых лялек, знаёмяцца з народнымі беларускімі традыцыямі, асаблівасцямі нацыянальнага касцюма і традыцыйнай вышыўкай. Лялькі, вырабленыя школьнікамі, штогод адзначаюцца дыпломамі рознага ўзроўню на гарадскіх і абласных конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзеці з радасцю дораць тэкстыльныя цуды сябрам і родным.


Вялікую цікавасць у дзяцей выклікае і вышыўка. Дзяўчынкі выконваюць узоры-засцярогі “багач”, “зорка”, “дзяды”, “купальская трава” і інш. Гэта не проста ўзоры. Нашы продкі запісвалі імі сваё жыццё на белых ручніках. Праз іх выказвалі пажаданні дабра, здароўя, шчасця і дабрабыту. Вышываючы ўзоры абярэгаў, дзяўчынкі інтуітыўна выбіраюць тыя, што адпавядаюць унутранаму стану душы. Вышытыя ўзоры афармляюцца ў выглядзе паштовак, ёлачных упрыгажэнняў або ігольніц. Акрамя таго, дзеці вырабляюць брошкі з беларускім арнаментам. Сёння вучні пад кіраўніцтвам А.С.Завадскай рыхтуюць да гарадскога конкурсу юных мадэльераў “Вясенні капрыз” калекцыю “Знакі”.

Вельмі важна адаптаваць традыцыйную вышыўку да сучасных рэалій. Дзеці наўрад ці будуць насіць вопратку з традыцыйнай вышыўкай, але яе элементы могуць быць на сумцы, касметычцы, бірульцы, біжутэрыі ці чахле для ноўтбука. Месца нацыянальнай вышыўкі не толькі ў музеях, але і на вуліцах сучасных гарадоў!

На ўроках кулінарыі Ала Сцяпанаўна выкарыстоўвае багатыя традыцыі нацыянальнай кухні. Дзяўчынкі ведаюць, што такое кныш, бульбішнікі, капытка, лазанкі, як іх правільна гатаваць, з чаго робіцца верашчака і інш. У кабінеце абслуговай працы захоўваюцца рэцэпты традыцыйных і сучасных нацыянальных страў.


Адна з найважнейшых задач настаўніка — фарміраванне даследчых кампетэнцый вучняў. Паходжанне страў беларускай кухні настолькі зацікавілі Марыю Крэйдзіч і Юлію Грапучык, што яны падрыхтавалі даследчую работу “Уплыў глабалізацыі на беларускую кухню”, якая атрымала дыплом ІІ ступені на раённай навукова-даследчай канферэнцыі і дыплом на Міжнародным конкурсе “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры”.

Падчас даследавання гісторыі станаўлення нацыянальнай кухні вучаніцы даведаліся шмат цікавых фактаў. Аказалася, што некаторыя папулярныя стравы традыцыйнай кухні запазычаны ў народаў-перасяленцаў (татараў, яўрэяў) і суседзяў. Так, дранікі ўпершыню згадваюцца ў кнізе польскага кулінара Яна Шцілера за 1830 год як страва нямецкай кухні. Калдуны з’яўляюцца вытворнымі ад татарскіх кундзюмаў — пельменяў з мясной начынкай. Беларуская бабка паходзіць ад стравы яўрэйскай кухні кугеля — агародніннай запяканкі. Зацірка трапіла на стол беларусаў праз польскую кухню з Венгрыі, там яна называецца тархоняй і з’яўляецца візітоўкай краіны.


Традыцыйны беларускі аўсяны кісель (жур) падаваўся ў канцы застолля. Госці разумелі, што ім прыйшоў час разыходзіцца. Таму гэты кісель называлі “выганяйла” ці “вышыбайла”.

Штогод выпускнікі нашай школы працягваюць адукацыю па прафесіях мадэльера, тэхнолага, дызайнера і інш. На гэты выбар значны ўплыў аказалі ўрокі А.С.Завадскай.

Святлана МАРТЫСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Брэста.