Заеды, ці ангулярны хейліт, ангулярны стаматыт (хейлоз, ангуліт), — гэта непрыемна, балюча, непрыгожа! Хейліт — парушэнне цэласнасці скуры або слізістай абалонкі губ з прычыны запаленчых змяненняў, выкліканых умоўна патагеннымі мікраарганізмамі. Практычна кожную ранку ў вобласці знешняй і ўнутранай паверхні губ, а таксама вугалка рота можна назваць заедай. Выключэнне — траўматычныя пашкоджанні скуры і слізістых, якія ў дзяцей сустракаюцца даволі часта.
Самая распаўсюджаная прычына з’яўлення заеды ў дзіцяці, на думку педыятраў, — гэта дэфіцыт вітамінаў групы В (В1 — рыбафлавіну, В6 — пірыдаксіну), такіх неабходных для здароўя скуры і нармальнага росту валасоў і пазногцяў, а таксама мікраэлементаў — жалеза і цынку. Аднак часта заеды ўзнікаць з-за зніжэння імунітэту і некаторых захворванняў. У многіх дзяцей, якія пакутуюць з-за гэтай праблемы, сустракаюцца ў анамнезе такія захворванні, як хранічны танзіліт, карыес, частыя прастудныя і вірусныя інфекцыі, анемія. Сярод прычын заеды ў дзіцяці можа быць стафілакокавая ці стрэптакокавая інфекцыя, грыбковыя захворванні, глісныя інвазіі, звычка пастаянна аблізваць губы, невыкананне правіл асабістай гігіены, асабліва гігіены поласці рота, няправільны прыкус, доўгае смактанне сосак, пустышак. Асноўныя прычыны ангулярнага хейліту ў дзяцей — мікробны фактар, алергічныя рэакцыі, розныя захворванні і паталагічныя адхіленні ў арганізме.
Калі арганізм дзіцяці здаровы, звычайныя мікраарганізмы, якія ў норме жывуць на паверхні скуры, не выклікаюць ніякіх праяўленняў. Як толькі адбываецца зніжэнне ахоўных сіл арганізма, яны адразу ж пачынаюць актыўна размнажацца, выклікаючы запаленне скуры з утварэннем ранак, трэшчын на губах або ў вугалках рота. Стрэптакокавая і грыбковая інфекцыі — асноўныя ўзбуджальнікі, якія правакуюць утварэннне заеды. Гэтыя два класы мікробаў жывуць на паверхні скуры і здольны выклікаць у дзяцей запаленчае паражэнне паверхневых пластоў скуры, якое заканчваецца ўтварэннем невялікай язвачкі, якую і называюць заедай.
Да зніжэння імунітэту ў дзяцей могуць прывесці прастудныя захворванні, інфіцыраваныя мікробамі прадукты, цацкі, прадметы, якія дзіця цягне ў рот, гіпавітаміноз, захворванні імуннай сістэмы; хваробы сістэмы крыві, цукровы дыябет, ВІЧ-інфекцыя.
Бацькам важна ведаць, што прычынай узнікнення заеды з’яўляецца зніжэнне імуннай функцыі арганізма, на фоне якой актывізуецца ўмоўна-патагенная мікрафлора (грыбкі і стрэптакокі). Часам такі стан узнікае ў выніку інфіцыравання мікробамі з навакольнага асяроддзя.
Хейліт — з’ява нячастая, але, калі ён узнікае, звычайна мае доўгі ход. Часцей сустракаецца ў дзяцей 6—8 гадоў і 13—17 гадоў і з’яўляецца вясной, калі вітамінаў недастаткова, а імунітэт пасля халоднага сезона і перанесеных захворванняў зніжаны. Бацькі часам блытаюць заеду з герпесам, які таксама можа з’явіцца на губах. Аднак герпетычная інфекцыя можа пашкодзіць любое месца насагубнага трохвугольніка, а заеды з’яўляюцца строга ў вугалках губ.
Першыя сімптомы хейліту ў дзіцяці — з’яўленне ў вугалках рота пухіркоў невялікага памеру, якія з часам лопаюцца, а на іх месцы ўтвараецца эрозія. Скура вугалкоў губ становіцца вільготнай і краваточыць, з’яўляюцца мікратрэшчынкі. Эрозіі то загойваюцца, то зноў запаляюцца. Дзеці могуць перажываць балючыя адчуванні, якія пера-шкаджаюць ім есці і размаўляць.
Лячэнне павінна быць комплексным: пры неабходнасці праводзіцца лабараторная дыягностыка для выяўлення ўзбуджальніка; робяць агульны аналіз крыві, пасеў калу на энтэрабіёз і дызбактэрыёз, абследуюць шчытападобную залозу. Акрамя антыбактэрыяльных мазей і антысептычных прымочак, назначаюць полівітаміны, імунастымулятары, калі ёсць неабходнасць, лечаць дызбактэрыёз. Праводзіцца карэкцыя харчавання дзяцей: павялічваюць ужыванне малочных прадуктаў, агародніны і садавіны.
Часам здараецца, што заеды доўгі час не паддаюцца мясцоваму лячэнню. Такое магчыма, нават нягледзячы на выкарыстанне розных камбінацый сродкаў, дзеянне якіх накіравана на розныя прычыны і механізмы развіцця гэтай праблемы. Такая сітуацыя сведчыць пра сур’ёзнае аслабленне імунных і абаронных рэсурсаў арганізма. Бацькам неабходна ўлічваць гэты факт. Дзеці з такімі праблемамі падлягаюць пільнаму абследаванню: агляду ўрача-педыятра, кансультацыі дэрматолага і стаматолага, правядзенню агульнага аналізу крыві і мачы, біяхімічнаму даследаванню крыві, правядзенню пасеву з заеды на мікрафлору і яе адчувальнасць да дзеяння канкрэтных прэпаратаў. Усё гэта дапаможа вызначыць сапраўдную прычыну ўтварэння заед у дзіцяці і іх устойлівасці да мясцовага лячэння. Калі хейліт не паддаецца лячэнню, доўга не загойваецца, гэта можна звязаць з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем, якія неабходна выявіць. Гэта не толькі пазбавіць ад непрыемных ранак у вугалках рота, але і прадухіліць захворванне, якое спрыяе іх з’яўленню.
Пры стойкіх да лячэння ранках у спалучэнні з мясцовымі прэпаратамі могуць быць назначаны антыбіётыкі (“Азітраміцын”, “Флемаксін”, “Аўгуменцін” у невялікіх дазіроўках), супрацьгрыбковыя сродкі (“Фуцыс”, “Флуканазол”, “Ністацін”), сродкі для ўмацавання імунітэту, вітамінныя прэпараты (вітаміны А, Е, С, В, полівітаміны). Нельга займацца самалячэннем: гэта можа прывесці да з’яўлення ўскладненняў. Трэба своечасова звярнуцца да спецыяліста для кансультацыі і лячэння.
Мы ведаем, што любую праблему прасцей прадухіліць, чым лячыць, таму для прафілактыкі ангулярнага хейліту важна, каб харчаванне дзіцяці было правільным. Рацыён дзяцей і падлеткаў павінен быць паўнавартасным, збалансаваным, само харчаванне рэгулярным, з пэўным рэжымам прыёмаў ежы ў залежнасці ад фізіялагічных патрэб арганізма і ад узросту. Не варта забываць пра такіх памочнікаў, як вітаміны і мікраэлементы: аскарбінавая кіслата, вітаміны групы В, вітаміны А і Е, прэпараты, якія змяшчаюць цынк, селен, жалеза, магній, калій, ёд. Для паўнавартаснага харчавання выкарыстоўвайце ў рацыёне дзяцей прадукты, багатыя на вітаміны і мікраэлементы: малако і малочныя прадукты, чырвонае мяса, яйкі, субпрадукты (сэрца, печань), белыя грыбы, грэцкія і аўсяныя крупы, суцэльныя злакі, морапрадукты, струкавую фасолю, шпінат, капусту, зеляніну, садавіну і ягады, арэхі. Выключыце з рацыёну ўсё вострае, салёнае, кіслае. Калі гэтага недастаткова і ёсць неабходнасць, пасля кансультацыі ўрача-педыятра можна прымаць вітамінны комплекс. Таксама не забывайце аб правілах асабістай гігіены, пастарайцеся адвучыць дзіця аблізваць губы, навучыце прыёмам гігіены твару і поласці рота, не выкарыстоўвайце чужыя прадметы асабістай гігіены.
А галоўнае, вядзіце здаровы лад жыцця, больш гуляйце з дзіцем на свежым паветры. Сонечныя ванны і загартоўванне ўмацоўваюць імунітэт. Важны і прыклад бацькоў, бо для дзяцей вы заўсёды з’яўляецеся аўтарытэтам і аб’ектам для пераймання.
Ала СКОРАБАГАТАЯ,
загадчык стаматалагічнага аддзялення 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі.